Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франка Вячорку не адпусьцілі ў адпачынак


Франак Вячорка

Франак Вячорка

Салдат-апазцыянэр Франак Вячорка мусіў сёньня быць у адпачынку. Летась яго пакаралі за інтэрнэт-дзёньнік, скараціўшы салдацкі адпачынак да пяці дзён.

Франак падаваў рапарт, згодна зь якім мусіў пайсьці ў адпачынак ад 11 лютага. Але камандаваньне яму адмовіла ў гэтым, спаслаўшыся на «расьсьледаваньне».

8 лютага Франак Вячорка быў днявальным. Ён зайшоў у кабінэт ідэоляга часткі Ігнаціка, каб высьветліць лёс свайго рапарту наконт адпачынку. У кабінэце ён убачыў Ігнаціка і псыхоляга Казака, зь якімі гаварыў чалавек у цывільным.

Франку паведамілі, што ён парушыў правілы паводзінаў днявальных, бо вырашаў асабістыя пытаньні падчас дзяжурства. За гэта Ігнацік за паўгадзіны да канца нараду зьняў Франка зь дзяжурства, нарад яму не залічаны, пачалося «расьсьледаваньне».

Франка чакалі дома. Хлопец у сьнежні хварэў на цяжкі грып, а потым заразіўся каростай. Ён плянаваў у шпіталі ўдзельнічаць у онлайн канфэрэнцыі на сайце «Свабоды». Але за некалькі гадзінаў да канфэрэнцыі хлопца забралі са шпіталя ў частку. Пазьней Франка нават палохалі крымінальным перасьледам за распаўсюджваньне інфармацыі пра выпадкі каросты ў беларускім войску. Праз тыдзень пасьля гэтага ў Франка пачалося ўскладненьне ад недалечанай каросты.

Бацька Франка Вінцук Вячорка непакоіцца станам здароўя свайго сына:

«Ужо два месяцы мінула, як ультрагукам пацьверджаны дыягназ аб хваробе сэрца. Аднак нягледзячы на ліст Цэнтральнай ваенна-ўрачэбнай камісіі ад 29 студзеня, у якім прапаноўваецца накіраваць Францішка на пераабсьледаваньне ў 290 ВМЦ у Бабруйску, ён дагэтуль ня выпраўлены ў шпіталь. Гэта ставіць ягонае здароўе і жыцьцё пад пагрозу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG