Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: “Расчараваньне ёсьць, бо лідэры памаранчавай рэвалюцыі прайгралі”


Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

Надзею ці расчараваньне нясуць вынікі выбараў ва Ўкраіне? Ці азначаюць яны завяршэньне дэмакратычнай хвалі на постсавецкай прасторы?

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч адзначыў:

— Расчараваньне ёсьць, бо лідэры памаранчавай рэвалюцыі прайгралі. Гэта ўсё ж быў пэўны сымбаль у тым, што краіны Ўсходняй Эўропы, былыя постсавецкія рэспублікі, могуць інтэнсіўна ісьці ў Эўропу. Так успрымалася рэвалюцыя. Гэта была рэвалюцыя духу і шанец на пераўтварэньні. Я думаю, унутраная жорсткая барацьба паміж лідэрамі гэтай рэвалюцыі значна зашкодзіла Ўкраіне, а тым самым і нам. Бо гэта прыклад адмоўны, а мы хацелі б таксама пераменаў. І, безумоўна, у Беларусі гэта пакідае пачуцьцё суму.

Ці азначае гэта, што прадэмакратычная хваля на постсавецкай прасторы завяршылася?

— Я ня думаю, што яна завяршылася. Яна не такая лёгкая, як здавалася ў тыя часы гэтых дэмакратычных рэвалюцый. Ня так лёгка ўсё атрымліваецца, як на плошчы. Заўсёды трэба памятаць, што самае галоўнае — гэта вялікія рэформы, якія цяжка праводзяцца, гэта зьмены мэнталітэту людзей — яшчэ больш цяжкая справа. Але нам вельмі хацелася, каб мы тут у Беларусі, ва Ўкраіне, Грузіі, у іншых постсавецкіх краінах хутчэй карысталіся з тых шанцаў, што ёсьць. Шкада, калі даводзіцца рабіць крокі назад.

Лябедзька: «Спадзяюся, зь Беларусі пачнецца новая хваля».


Анатоль Лябедзька
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў:

— Пяць гадоў таму я асабіста і сотні беларусаў былі на майдане. Людзі абсалютна шчыра прыехалі зь вялікімі спадзяваньнямі і надзеямі, і гатовыя былі абараняць вынікі галасаваньня як свае асабістыя. Праз 5 гадоў беларускія дэмакраты назіралі за тым, што адбываецца ва Ўкраіне, збоку. Не было жаданьня ўзяць квіток і ляцець ва Ўкраіну. Гэта зьвязана з тым, што ёсьць пэўныя расчараваньні. На вялікі жаль, не адбылося самага галоўнага: Украіна ня выканала такую амбітную задачу — стаць дэмакратычнай альтэрнатывай на постсавецкай прасторы. А такі шанец быў.

— Улічваючы сытуацыю ва Ўкраіне, ці можна казаць пра завяршэньне прадэмакратычнай хвалі на постсавецкай прасторы?

— Мы якраз сьведкі нейкай цішыні. Але нельга на сто адсоткаў сказаць, што ўсё скончылася на постсавецкай прасторы. Я спадзяюся, што, можа, якраз Беларусь будзе тым наступным чыньнікам, зь якога пачнецца новая хваля. І яна будзе больш удалая і эфэктыўная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG