Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры падліку галасоў разрыў паміж Віктарам Януковічам і Юліяй Цімашэнкай застаецца. Чаго чакаць Беларусі, калі пераможа Януковіч? Меркаваньні паліытыкаў і экспэртаў.

Паводле кіраўніка сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргея Маскевіча, вынікі выбараў ва Ўкраіне істотна не паўплываюць на беларуска-ўкраінскія дачыненьні, якія апошнім часам разьвіваліся “дастаткова дынамічна”. Ці будзе Януковіч браць прыклад зь Беларусі?

Сяргей Маскевіч
“Я думаю, што будзе, безумоўна, браць прыклад зь Беларусі, ва ўсякім выпадку, ён будзе больш увагі зьвяртаць на супрацоўніцтва з Расеяй. Хаця, я думаю, і Цімашэнка таксама вельмі прагматычна да гэтага ставілася б”.

Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч сказаў, што застаецца прыхільнікам Віктара Юшчанкі. І абодва астатнія варыянты — і Януковіч, і Цімашэнка — “для Беларусі горшыя”. Аднак ён адзначыў, што няма ніякага папроку на адрас Украіны. Там “перамагаюць дэмакратычныя працэдуры, і таму Ўкраіна пойдзе дэмакратычным шляхам, шляхам самастойнасьці і незалежнасьці”.

Станіслаў Шушкевіч
“Януковіч павінен выканаць свае абяцаньні. Адно зь яго абяцаньняў было абсалютна непрыстойнае — гэта тое, што ён увядзе другую дзяржаўную мову, расейскую. Я лічу, што гэта будзе здрадай Украіне. Але спадзяюся, што Ўкраіна не дазволіць гэта зрабіць”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што прозьвішча — Януковіч ці Цімашэнка — ня грае ніякай ролі, калі казаць пра кантэкст двухбаковых стасункаў:

Анатоль Лябедзька
“Ні адзін, ні другі не зьяўляецца прэтэндэнтам на ролю экспартэра дэмакратыі на постсавецкай прасторы. І адзін, і другі будуць занятыя ўнутранымі пытаньнямі, а што тычыцца зьнешняй палітыкі, то гэта будзе вэктар Масква-Брусэль. Беларусі там няма. Канкурэнцыю Лукашэнку ў папулізьме, у разводцы, у шантажы наўрад ці можа нехта скласьці”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе. што Ўкраіна канчаткова пазьбегла магутнай канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, як гэта ёсьць у Беларусі ці ў Расеі. Калі б Украіна рэзка пайшла насустрач Расеі, то Беларусь адышла б на другі плян.

Андрэй Фёдараў
“Антырасейскай рыторыкі будзе меней, чым пры Юшчанку. Але дзеяньні будуць тыя самыя ў эканамічным сэнсе, што і пры папярэдняй уладзе, бо Януковіч — чалавек Ахметава. У Ахметава вельмі моцны бізнэс ва ўсходняй Украіне, які аналягічны расейскаму бізнэсу. І яму зусім не патрэбныя расейскія канкурэнты ў сваёй краіне. Таму Януковіч будзе праводзіць праўкраінскую палітыку, і Маскве асабліва нічога не адальецца. Адпаведна, з гэтага пункту гледжаньня Беларусь застанецца на тым жа месцы ў расейскай герархіі, як і была”.

Паводле палітоляга Алеся Лагвінца, калі пераможа Януковіч, палітыка Ўкраіны моцна не памяняецца.

Алесь Лагвінец
“Віктар Януковіч прадстаўляе сабой іншую палітычную фігуру, чым гэта было ў 2004 годзе. Сёньня Беларусь у рэгіянальным кантэксьце мае перад сабой іншую сытуацыю. Гэта не 2004—2005 гады, калі Беларусь карысталася зь велізарных прывілеяў з боку Расеі. Сёньня як Украіна, так і Беларусь будуць імкнуцца, можа, праз пэўны час супольна, дамаўляцца з Расеяй наконт транзытных магчымасьцяў, наконт гандлёвых пытаньняў. І тут незалежна ад таго, хто ва ўладзе ва Ўкраіне. Важна, каб гэтая рэгіянальная счэпка працавала ўсё мацней”.
XS
SM
MD
LG