Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адрыян Каратніцкі: Януковіч выканае абяцаньні Аранжавай рэвалюцыі


Адрыян Каратніцкі, доўгагадовы колішні дырэктар праваабарончай арганізацыі "Freedom House" і экспэрт па пытаньнях Усходняй Эўропы, напісаў у сёньняшнім выданьні Wall Street Journal, што Захаду ня трэба баяцца перамогі Віктара Януковіча ў прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне.


Паводле Каратніцкага, пяцігадовы пэрыяд "аранжавай" улады дазволіў Украіне паглыбіць палітычны плюралізм, а самому Януковічу і ягонай Партыі рэгіёнаў прайсьці істотную палітычную трансфармацыю.

Па-першае, кажа Каратныцкі, алігархі, якія падтрымліваюць Януковіча і Партыю рэгіёнаў, у пэрыяд прэзыдэнцтва Юшчанкі прынялі празрыстыя правілы эканамічнай дзейнасьці. "Яны панаймалі першаклясных мэнэджэраў, няўхільна плацілі падаткі, падтрымлівалі рафінаваную дабрачыннасьць і глябалізаваліся ў сваіх густах ды паводзінах. Што ня менш важна, цяпер яны бачаць свой будучы дабрабыт як істотна залежны ад зьмяншэньня карупцыі, пашырэньня вольнарынкавай палітыкі, зьмяншэньня падаткаў, абмежаваньня эканамічнай рэгуляцыі ды магчымай інтэграцыі Ўкраіны з багатым рынкам Эўразьвязу".

Па-другое, пераконвае Каратніцкі, Януковіч і іншыя лідэры Партыі рэгіёнаў за апошнія пяць гадоў зразумелі, што яны могуць быць пасьпяховымі ў палітыцы, захоўваючы дэмакратычныя правілы гульні.

І па-трэцяе, на думку Каратніцкага, за апошнія пяць гадоў як сам Януковіч, так і Партыя рэгіёнаў аддаліліся ад Масквы дастаткова, каб разьвіваць супрацоўніцтва Ўкраіны з Эўропай і ЗША без прадузятасьці.

Каратніцкі таксама лічыць, абапіраючыся на свае размовы з палітыкамі з юшчанкаўскай “Нашай Украіны”, што Януковіч зможа сфармаваць новы ўрад, які будзе складацца ня толькі з палітычных тузоў Партыі рэгіёнаў, але і кампэтэнтных фінансава-эканамічных тэхнакратаў, улучна зь некаторымі, якіх раней былі ў камандзе Юшчанкі. І Каратніцкі робіць даволі нечаканы прагноз:

"Калі згаданая палітычная кааліцыя ажыцьцявіцца, Украіна нарэшце ўвойдзе ў пэрыяд палітычнай стабільнасьці і кансэнсусу адносна эканамічнай палітыкі. Як ні парадаксальна, прэзыдэнцтва Януковіча можа прасунуць краіну ў бок выкананьня абяцаньняў Аранжавай рэвалюцыі значна далей, чым гэта зрабіла наравістае кіраўніцтва Юшчанкі-Цімашэнкі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG