Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ не далі плёну беларуска-расейскія перамовы аб умовах паставак нафты ў 2010 годзе і транзыту расейскай электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць, а тым часам афіцыйны Менск ініцыюе новыя перамовы — пра захаваньне леташняй сярэднегадавой цаны на газ.

«Белтрансгаз» накіраваў «Газпрому» праект дадатковага пагадненьня, які прадугледжвае захаваньне ў 2010 годзе для Беларусі сярэднегадавых цэнаў на газ на леташнім узроўні — 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пра гэта журналістам паведаміў гендырэктар «Белтрансгазу» Ўладзімер Маёраў. Ён адзначыў, што беларускі бок разьлічвае на станоўчы вынік гэтых перамоваў. У «Газпроме» спасылаюцца на дзейны кантракт і ня хочуць чуць пра нейкія перамовы.

Прадстаўнік канцэрну Ігар Валабуеў у размове з карэспандэнтам «Свабоды» сказаў:

«Якія перамовы можна аднаўляць? Кантракт дзейнічае, там ёсьць паніжальны каэфіцыент, ён дзейнічае, вось і ўсё. Якія перамовы?»

Акурат 30 сьнежня мінулага году адбылася сустрэча першага віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі са старшынёй праўленьня «Газпрому» Аляксеем Мілерам. Тады спадар Мілер заявіў, што адпаведна з кантрактам цана газу для Беларусі ў першым квартале складзе 168 даляраў за тысячу кубамэтраў. З-за адсутнасьці мыта цана газу для Беларусі значна меншая, чым для іншых пакупнікоў. Загадзя ўзгоднены пераходны пэрыяд да вышэйшых цэнаў дазваляе беларускай эканоміцы адаптавацца да іх. Адпаведна з кантрактам, ад 2011 году Беларусь выйдзе на ўзровень цаны на газ, які забясьпечвае роўную даходнасьць з пастаўкамі ў Эўропу.

Аналітык расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін сказаў:

«Паколькі была ўжо дасягнута дамоўленасьць пра нейкае падвышэньне цаны на газ. І для ўтрыманьня цаны на леташнім узроўні, я думаю, тут давядзецца шукаць нейкае палітычнае рашэньне».

Паводле Ўладзімера Маёрава, беларускі бок прапанаваў Расеі ўзяць удзел у шэрагу праектаў у сфэры энэргетыкі — будоўлі новага энэргаблёка Бярозаўскай ДРЭС, стварэньні новага заводу на базе «Гродна Азот» ды іншых. Маўляў, з улікам гэтых ініцыятываў бакі могуць дамовіцца пра цану на ўзроўні леташняй.

Леанід Заіка
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначыў, што цана на газ «манапольна высокая», а патрабаваньні беларускага боку маюць пад сабой пэўны грунт:

«Калі мы падпісваем Мытны саюз, тады мы павінны купляць газ па цане Смаленскай вобласьці. У спакойныя часы газ наагул каштаваў 15 даляраў за тысячу кубамэтраў — у Альжыры і ў Расеі. Таму 150 даляраў — гэта ў 10 разоў больш, чым некалькі гадоў таму была цана здабычы. І калі ўсё пераводзіць у плоскасьць рынкавых умоваў, то цана на газ у нас павінна быць такая ж, як для ўнутранага спажываньня. І цана на нафту павінна быць такой жа для ўнутранага спажываньня, якая яна ў Расеі».

Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, беларускі ўрад хоча атрымліваць больш за 10 мільярдаў датацыяў ад Расеі і нічога ёй узамен не даваць:

«Таму такія мары, якія выказвае беларускі бок, сьведчаць пра тое, што яны самі сябе загналі ў тупік і ня ведаюць, як зь яго выйсьці. Калі б яны хацелі дабрабыту для краіны — пазбавіць нас нафтавага канфлікту, а ня дбалі пра інтарэсы нафтабаронаў у Беларусі, тады перамовы па нафце вёў бы сам Лукашэнка, проста паехаў бы на сустрэчу з Пуціным і Сечыным і ўсё вырашыў бы на месцы. А паколькі такі расклад яго не цікавіць, тады ў канфлікт уцягваюцца ўсе бакі, усе структуры. І, я думаю, на парозе такая поўнамаштабная гандлёвая вайна, у якой беларускі бок будзе шантажаваць Расею, што выйдзе з мытнага саюзу, саюзнай дзяржавы. І мы пабачым, наколькі Пуцін і Крэмль атрымалі імунітэт ад такога шантажу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG