Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарога на Расею: як абшукваюць беларусаў


Ля мытнага шапіка на беларуска-расейскай мяжы

Ля мытнага шапіка на беларуска-расейскай мяжы

На беларуска-расейскай мяжы ўзмоцнены мытны кантроль за перамяшчэньнем грузаў у Расею. Што шукаюць расейцы ў беларускім транспарце? Пра гэта апавядаюць беларускія перавозчыкі харчовых і прамысловых тавараў.


За 60 кілямэтраў ад Гомеля ў бок Расеі па дарозе на Бранск месьціцца расейскі Навазыбкаўскі мытны пункт. Тут расейцы адначасна вядуць і транспартны кантроль.

Спадар Яўген, аўтаперавозчык з Гомеля, кіруецца ў Курскую вобласьць. Кажа, што вязе кардон:

аўтаперавозчык Яўген
“Раней прасьцей езьдзілі. А зараз поўнасьцю ўсе дакумэнты правяраюць — на груз, на машыну, на мяне самога. Мінулы рэйс мы тут чатыры гадзіны адстаялі. Па-першае, шмат рэфрыжэратараў пайшло гэтым напрамкам. Раней тут вэтэрынарнага доктара не было, а цяпер ёсьць, і рэфрыжэратары ідуць.

І мытнікі самі доўга афармляюць. Транспартны кантроль праходзім хутчэй, а мытнікі доўга афармляюць”.

На тэрыторыі мытнага пункту стаіць дзясятак вялікагрузных машын зь беларускімі нумарамі. Адны — у калёне, іншыя — збоку. Трапляюцца фургоны з малочнымі прадуктамі — з Рэчыцы, з Ваўкавыску:

“Аляксандар, горад Ваўкавыск. Еду ў Маскву, малако вязу. Гадзіны дзьве, нават болей, страціў на афармленьне. Раней можна было за 20—30 хвілін усё аформіць. Цяпер усё правяраюць — дакумэнты на груз, на транспарт. Рэжым працы й адпачынку жорстка кантралююць. Раней хоць груз прасьцей было перамяшчаць, тое ж малако — ня столькі валакіты было з афармленьнем саміх грузавых дакумэнтаў”.

Ваўкавыскі аўтаперавозчык сьцьвярджае, што не адчувае адзінага мытнага саюзу:

“Не адчуваецца, што падпісалі мытны саюз. Такое адчуваньне, што ня будзем мы збліжацца з братамі-расейцамі. Ва ўсякім разе, зь іхняга боку кроку насустрач не адчуваецца. Ня ведаю, ці гэта пачалося пасьля “малочнай вайны”, ці тут іншыя прычыны. І дакумэнтаў сталі патрабаваць болей, і кантроль больш жорсткі. Нам, перавозчыкам, суцэльныя нязручнасьці”.

Расейскія мытнікі, якія нясуць службу на Навазыбкаўскім аўтапераходзе, адмаўляюцца камэнтаваць новую сытуацыю:

“Без камэнтароў. Горад Бранск, Фокіна, 121. Туды зьвяртайцеся па камэнтар”.

Наперадзе — Расея

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG