Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскія перамовы аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь у 2010 годзе не аднавіліся. Пасьля доўгага маўчаньня прэзыдэнцкая газэта «Советская Белоруссія» апублікавала сёньня рэдакцыйны артыкул, у якім папярэджвае Расею, што «нафтавая дубінка — не забава».

Газэта згадвае камэнтар прэсавага сакратара Ўладзімера Пуціна — Дзьмітрыя Пяскова, у якім, як піша газэта, той «даў чосу» газэце «Вашынгтон пост» за артыкул пра нафтавы канфлікт. «СБ» адзначае, што, нягледзячы на аргумэнты Пяскова, «аб’ектыўныя аналітыкі разглядаюць дзеяньні Масквы ў сфэры гандлю вуглевадароднай сыравінай як выключна палітычныя, накіраваныя на навязваньне сваёй волі «кліентам».

«Самае дзіўнае, — піша прэзыдэнцкая газэта, — што апошні віток «перамоваў» навязаны Менску ўрадам Расеі па традыцыі ў самыя халодныя дні студзеня, а самае неверагоднае, што чарговая «спрэчка гаспадарчых суб’ектаў» пра мыта зьявілася пасьля ўрачыстага падпісаньня вядомых мытных пагадненьняў. Якія, па ідэі, увогуле несумяшчальныя ні зь якімі «энэргетычнымі войнамі». Газэта прапануе Пяскову патлумачыць гэты «відавочны парадокс» чытачам амэрыканкай газэты, бо тутэйшыя чытачы ведаюць, «адкуль ногі растуць».

Канстанцін Затулін
Паводле дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі Канстанціна Затуліна, афіцыйны Менск не павінен крыўдзіцца, бо сам пераводзіць эканамічнае пытаньне ў палітычную плоскасьць.

«Як можна адначасова публікаваць артыкулы ў „Советской Белоруссии“ і патрабаваць для сябе выключэньняў, і пры гэтым дэманстраваць нежаданьне ў трэціх краінах, у якіх з Расеяй зусім іншыя, чым зь Беларусьсю, стасункі і якія не карыстаюцца, адрозна ад Беларусі, ніякай ільготай па газе ці нафце? Як можна ў адных пытаньнях зь імі аб’ядноўвацца, а ў другіх пытаньнях шукаць ад Расеі крокаў насустрач? Гэта ж антынатуральна. Я не разумею лёгіку ў гэтым пляне беларускіх уладаў. Яны дэманструюць жаданьне стала сварыцца па такіх пэрыфэрыйных і няважных для сябе пытаньнях і адначасова патрабуюць для сябе выключэньняў».

Канстанцін Затулін згадаў нядаўнія дыпляматычныя крокі афіцыйнага Менску, якія выклікаюць раздражненьне ў Маскве:

«Нечаканы ўсплёск пачуцьцяў у прэзыдэнта Беларусі да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі здаецца ня самай удалай па часе праявай. Перамовы паміж Лукашэнкам і Юшчанкам, дэманстрацыя адзінства, намёкі на сумеснае процістаяньне Маскве ў нейкіх пытаньнях праходзілі ў апошні год прэзыдэнцтва Юшчанкі. З гэтага пункту гледжаньня магу толькі спачуваць Аляксандру Рыгоравічу, якому нехта, зыходзячы, відаць, з „добрых“ пачуцьцяў да Расеі, раіць такія крокі, якія нічога, апроч раздражненьня і зьдзіўленьня, не прыносяць. Магу аднесьці да такога кшталту дыпляматыі нядаўні візыт віцэ-прэм’ера ўраду Беларусі ў Грузію, яго выступы на мітынгах у Аджарыі, сустрэчы з кіраўнікамі Грузіі і атрыманьне падзякі за адмову ад прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі».

Сяргей Маркаў
Расейскі палітоляг Сярей Маркаў адзначыў, што Лукашэнка — вельмі складаны, цьвёрды перамоўнік, аднак ён бачыць лёгіку ў дзеяньнях Масквы:

«Адбываецца нармальны торг адносна ўкладу розных суб’ектаў у разьвіцьцё эканамічнага саюзу. Гэты торг будзе цягнуцца заўсёды. Кожны з удзельнікаў хоча атрымаць як мага больш ад гэтага саюзу, а аддаць менш. Адначасова ўсе зацікаўленыя ў яго фармаваньні і разьвіцьці, ва ўсякім разе — на эканамічным узроўні. Я думаю, ёсьць лёгіка ў рашэньнях расейскага кіраўніцтва аб тым, што Беларусь можа і павінна зарабляць грошы за кошт таго, што яна на сваіх НПЗ перапрацоўвае расейскую нафту і прадае. Павінен быць нармальны прыбытак, а не звышпрыбытак за кошт таго, што цана на нафту зьяўляецца вельмі нізкай».

Тым часам у беларускім урадзе заяўляюць, што нічога не памянялася ў нафтавым процістаяньні Беларусі і Расеі. Перамовы не адноўленыя. Прэс-сакратар «Белнафтахіму» Марына Касьцючэнка заявіла, што нафта паступае на беларускія НПЗ:

«Сытуацыя параўнальна з учарашнім днём ці тыднёвай даўніны не зьмянілася».

XS
SM
MD
LG