Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няўжо пабудаваць АЭС таньней, чым усталяваць электралічыльнікі?”


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 20 студзеня 2010 году


На працягу двух мінулых тыдняў мы шмат расказвалі пра гісторыю Сяргея Каваленкі — віцебскага грамадзкага актывіста, які 7-га студзеня пасярод дня на вачах у соцень людзей усталяваў на цэнтральнай плошчы горада на 40-мэтровай вышыні бел-чырвона-белы сьцяг. Дзеля гэтага яму давялося ўзабрацца па зборнай мэталічнай канструкцыі на самую вершаліну навагодняй ёлкі. 10 студзеня Сяргея Каваленку зьняволілі ў сьледчым ізалятары тэрмінам на два месяцы, але праз два дні нечакана адпусьцілі.

Слухачы “Свабоды” актыўна абмяркоўваюць і камэнтуюць гэтую гісторыю. Нечаканы погляд на яе выказаў наш даўні сябар, аўтар многіх допісаў Кастусь Сырэль з Ушачаў. Ён піша:

“Я, як і Сяргей, прыхільнік беларускасьці і нацыянальнай сымболікі. Не прылічаю сябе да сяброў Лукашэнкі і створанай ім сыстэмы ўлады. Але разам з тым я катэгарычна супраць дзеяньняў такога кшталту, як умацаваньне з рызыкай для жыцьця нацыянальнага сьцяга на каляднай ялінцы. Што і каму хацеў сказаць Сяргей Каваленка, прымацаваўшы такім недарэчным чынам сьвяты для беларусаў нацыянальны сымбаль на сымбаль хрысьціянскі — незразумела. Але тое, што такі ўчынак дыскрэдытуе дэмакратычны рух і не дадасьць галасоў дэмакратычным кандыдатам на маючых адбыцца выбарах, на мой погляд, бясспрэчна.

На Віцебскім абласным тэлебачаньні сюжэт пра гэта ўжо атрымаў адпаведную адзнаку, і адзнака гэтая дыямэтральна супрацьлеглая адзнакам большасьці наведнікаў сайту Радыё Свабода, якія, на вялікі жаль, убачылі ў гэтым учынку гераізм змагара за свабоду”.


Далей у сваім лісьце Кастусь Сырэль акцэнтуе ўвагу на іншых аспэктах гэтай сытуацыі — тэхнічным і маральным. Справа ў тым, што сам спадар Кастусь ужо шмат год займаецца ілюмінацыяй галоўнай ёлкі свайго Ўшацкага раёну.

“Тэхнічна гэта даволі складаная справа, хаця наша ёлка мае вышыню ня 40, а ўсяго толькі 12 мэтраў,— піша далей слухач у лісьце на “Свабоду”. — Гэтай зімой мы ўпершыню выкарысталі самыя сучасныя святлодыёдныя ілюмінацыйныя лямпы. Я сам сканструяваў і зрабіў новы кантролер на 32 каналы, які кіруе 528 лямпамі, ствараючы не адзін дзясятак відовішчных сьветлавых эфэктаў. Але справа ня ў тым, колькі каналаў ці лямпаў. Празь некалькі месяцаў мне спаўняецца 60 год. У мяне абмежаваная рухомасьць правай рукі. Я і лыжку трымаю левай рукой, і “мышка” кампутара ў мяне зьлева. Паверце, мне вельмі нялёгка было ня толькі паяць мікрасхемы ды іншае, але нават вычарціць схему ці вырабіць пячатныя платы. Рабіў я гэта не для ўлады і не для Лукашэнкі. І калі такі вось “герой” лезе на ёлку, абрываючы гірлянды і закарочваючы правады, мне няважна, дзеля чаго ён гэта робіць — каб красьці лямпы ці прымацоўваць сьцяг. Ён прыніжае мяне і маю працу, ён прыніжае людзей, якія прыходзяць зь дзецьмі на ёлку. Мяркую, што гэтак сама ацэньваюць сваю працу і адмыслоўцы зь Віцебску, якія канструявалі, выраблялі, а потым у дваццаціградусны мароз усталёўвалі і ўпрыгожвалі ёлку.

Мне вельмі шкада бацькоў Сяргея Каваленкі, асабліва маці. Шкада і Сяргея, бо тут наша Фэміда ўжо пастараецца напоўніцу, адсыплюць яму па максымуме”
.

Заўважу, гэты ліст быў напісаны да таго, як Сяргея Каваленку нечакана вызвалілі са сьледчага ізалятара, у якім ён адбыў некалькі дзён, хаця, паводле пачатковага распараджэньня пракуратуры, павінен быў адседзець прынамсі два месяцы.

І гэтае раптоўнае вызваленьне, спадар Кастусь, сьведчыць пра тое, што нават для ўлады выпадак са сьцягам — зусім не шараговы інцыдэнт, які яны звыкла называюць “злосным хуліганствам”, а — значная палітычная акцыя, што атрымала розгалас у грамадзтве. Сяргей Каваленка — на волі, бо ў турме ён быў для ўлады больш небясьпечны, як новы палітвязень і яркі, адметны сымбаль змаганьня за новую Беларусь.

Іншыя аспэкты гэтай гісторыі, пра якія вы, спадар Кастусь, падрабязна разважаеце ў сваім лісьце, выглядаюць (пры ўсёй павазе да вашай прафэсіі) хутчэй другараднымі. Упрыгожаная ёлка ўжо даўно не ўспрымаецца ў грамадзкай сьвядомасьці як выключна хрысьціянскі і недатыкальны сымбаль. Тым больш што на вершаліне той віцебскай яліны, на якую ўзабраўся Сяргей Каваленка, была зусім не калядная, а чырвоная камуністычная зорка. Што да ілюмінацыі, то яе Сяргей Каваленка, мяркуючы па ўсім, і не пашкодзіў: узьбіраўся ён на мэталічную канструкцыю ўнутры яе, дзе няма лямпаў.

Пра мэтазгоднасьць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” наш даўні сябар Мікола Корбут зь вёскі Міхалёва Бабруйскага раёну. Слухач піша:

“Хто-небудзь можа сказаць, колькі дакладна нам сёньня не хапае электраэнэргіі? Насельніцтва ж у краіне скарачаецца. У многіх вёсках ужо толькі па адной жылой хаце засталося.

Некаторыя спосабы эканоміі самі напрошваюцца. Напрыклад, у нас у Бабруйску з савецкага часу і па сёньняшні дзень ва ўсіх шматкватэрных дамах на цэлы пад’езд — адзін выключальнік (на лесьвічнай пляцоўцы першага паверху). А паколькі на першым паверсе лямпачкі часьцей за ўсё няма (з розных прычынаў), дык і незразумела, уключана сьвятло на верхніх паверхах ці не. Так што ў многіх месцах лямпачкі гараць і ўначы, і ўдзень. Няўжо нельга ўсталяваць на кожным паверсе сучасныя выключальнікі, як у новых дамах?

А ў моладзевых інтэрнатах што робіцца — проста жах! Чалавек засяліўся, уключыў сьвятло — і выключыць яго ў лепшым выпадку толькі пры перасяленьні ў новую кватэру. Няўжо пабудаваць АЭС таньней, чым усталяваць у кожным пакойчыку лічыльнік?

Мабыць, сапраўды, мы ідзем не за цывілізаваным сьветам. А разабрацца ў гэтым нам толькі Бог дапаможа, як сказала па “Свабодзе” адна слухачка”
.

У Беларусі з савецкага часу амаль некранутай засталася сыстэма дзяржаўных камунальных службаў. Манапалісту, які прывык наракаць на стратнасьць сваёй сфэры і жыць на бюджэтныя датацыі, мала рупіць тое, што недзе суткамі гараць лямпачкі альбо цякуць водаправодныя трубы. Усталёўваць лічыльнікі, весьці ўлік, наладжваць кантроль — гэта ж клопатна. А так усё ідзе, як ідзе: большымі будуць страты — больш кампэнсацыі павінен заплаціць манапалісту дзяржбюджэт. Такая завядзёнка існавала дзесяцігодзьдзямі. І працягвае існаваць. Ушчуваць і ўпрошваць дзяржаўныя ЖЭСы — марная справа. Прайдзіце па шматкватэрных дамах, якія абслугоўвае ня ЖЭС, а таварыства ўласьнікаў. Там і энэргазьберагальныя лямпы, і выключальнікі, што рэагуюць на рух: усё імгненна мяняецца там, дзе зьяўляецца асабістая зацікаўленасьць чалавека ў эканоміі.

У наступных лістах — водгукі слухачоў на перадачы “Свабоды”: заўвагі, прэтэнзіі, прапановы. Іван Пяткевіч з Горадні лічыць, што мы аддаем недастаткова ўвагі гістарычнай тэматыцы. Ён піша:

“Хацелася б, каб вашы перадачы ўздымалі беларускі народны рух, былі больш патрыятычнымі. Добра, што расказалі пра тое, хто і калі спаліў Нясьвіскі замак. А вось перадач пра Галадамор ва Ўкраіне, пра высылку Сталіным чачэнцаў, інгушоў ды іншых сёлета не было. Пра падзеі 17 верасьня 39-га году гаварылі ў савецкім духу, як гэта падавалі камуністы. А ў сапраўднасьці ж ніякага добраахвотнага далучэньня Заходняй Беларусі да БССР не было — была агрэсія, грабежніцкі захоп саветамі ўсходняй Польшчы.

Ня трэба нам перадач пра тое, куды паедзе ці не паедзе Лукашэнка, а таксама пра каханьне ды іншых падобных. Улада замоўчвае злачынствы Сталіна — а ўсьлед за ёй не гаворыце аб гэтым і вы. А нам патрэбны менавіта гэтыя тэмы: як Сталін і Гітлер рыхтавалі Другую сусьветную вайну, як Амэрыка дапамагала Савецкаму Саюзу… Выбачайце за зласьлівы ліст, але хочацца, каб “Свабода” падтрымлівала патрыятычны ўздым беларусаў. А яшчэ майце на ўвазе, што многія палохаюцца вам пісаць”
,

Аднаго разу, спадар Пяткевіч, мне ўжо даводзілася адказваць вам на падобныя прэтэнзіі. Летась, калі адзначалася 70-я гадавіна пачатку Другой сусьветнай вайны, мы даволі часта зьвярталіся да падзеяў 1939-га году. Гучалі ўспаміны, аналіз, камэнтары, развагі ўдзельнікаў той вайны. Не пагаджуся, што па “Свабодзе” можна было пачуць толькі прасавецкую вэрсію далучэньня Заходняй Беларусі да БССР. Магчыма, спадар Пяткевіч, вы проста ня надта ўважліва сачылі ў тыя дні за нашым эфірам.

Што да іншых тэмаў, якія вам нецікава слухаць. Пагадзіцеся, што мы павінны ўлічваць зацікаўленьні ня толькі тых, хто захоплены гістарычнай праблематыкай. Многія чакаюць ад нас найперш паведамленьняў пра цяперашнія палітычныя падзеі. Іншыя, наадварот, хацелі б, каб у перадачах “Свабоды” было меней палітыкі і гісторыі, а больш расповедаў пра сёньняшнія побытавыя праблемы людзей.

Вось зь якімі прапановамі зьвяртаецца да нас, напрыклад, Алег Мартысюк зь Менску. Ён піша:

“Хацелася б у адной з вашых перадач (магчыма, у “Беларускім замежжы”) пачуць некалькі слоў аб тым, як жывуць пэнсіянэры ды іншыя людзі найменш абароненых сацыяльных групаў у розных краінах сьвету. Колькі зарабляюць, напрыклад, санітарка ў бальніцы, прыбіральшчык вуліцы? Колькі каштуе кіляграм хлеба, мяса, літар малака? Ці праўда, што квадратны мэтар жыльля ў Празе ды Бэрліне ўжо таньнейшы, чым у Менску?”.

Дзякуй за цікавую прапанову, спадар Мартысюк, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Тэмы і адрасы, якія вы падказваеце нам, будуць перададзены журналістам “Свабоды”, аўтарам рэпартажаў і перадач — і ў недалёкай будучыні прагучаць у нашым эфіры.

З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG