Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ніякай хіміі, усё натуральнае: яблыкі, сьлівы, дрожджы”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 23 сьнежня 2009 году

На дварэ — апошнія сьнежаньскія перадкалядныя дні. У Беларусі яны сёлета нязвыкла (як для эпохі глябальнага пацяпленьня) марозныя, сьнежныя, з завеямі і сьцюжамі…

Нашы слухачы кожны па-свойму рыхтуюцца да сьвята. Нехта, седзячы ля кампутара, глыбакадумна падсумоўвае набыткі і страты году, які адыходзіць. А нехта заняты клопатамі больш надзённымі: па старой дзедавай завядзёнцы цягне замеценай сьцежкаю сані зь няхітрым начыньнем углыб ляснога гушчара, дзе гарыць цяпельца, булькоча кацёл і цурчыць хмельная вадкасьць…

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста, аўтар якога ўстрывожаны тым, што старажытны народны промысел цяпер, як ён лічыць, у заняпадзе. Вось што піша з гэтай нагоды Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну:

“Паўсюль абыякавасьць: нават у вёсцы ўжо спрадвечную народную гарэлку ніхто вырабляць ня хоча. Няхай гніюць яблыкі, сьлівы — ніхто руку не прыкладзе. Думаеце, міліцыі баяцца? Ды міліцыя тут ні пры чым. Проста абляніліся людзі.

Ад сьліў сёлета ўлетку і ўвосень аж гольле ламалася. А тым часам “чарніла” на вінзаводах вырабляюць з канцэнтратаў — розных “Юпі” ды “Інвайтаў”. Памятаеце, як у рэкляме: “Проста дадай вады”. Добра, што апошнім часам улады, здаецца, пачалі скарачаць выраб гэтага пойла.

Увогуле, лічу, што ў 70—80-я гады гэтыя шырока вядомыя ў народзе пладова-ягадныя вырабы ў параўнаньні зь цяперашнім “чарнілам” маглі б лічыцца належнымі да клясы “Прэміюм”. Бо яно і сапраўды так. Тады не было ні фарбавальнікаў, ні араматызатараў, ні іншай хіміі. Усё натуральнае: яблыкі, сьлівы, дрожджы. Ну, яшчэ цукар.

Але знаўцы ведаюць: нішто па якасьці ня можа зраўняцца з прадуктам уласнай хатняй вытворчасьці, вырабленым выключна з натуральных кампанэнтаў. У адпаведнасьці са старымі рэцэптамі продкаў. Ды толькі здрабнелі людзі, страцілі кваліфікацыю. Але ж ня ўсе…”
.

Ня ўсе, спадар Мікалай, страцілі кваліфікацыю. Далёка ня ўсе.

Перад сьвятамі нашы рэгіянальныя карэспандэнты адмыслова дасьледавалі стан рэчаў у розных вядомых гэтым народным прадуктам мясьцінах Беларусі — і ў старадароскіх лясах, і ў Налібоцкай пушчы, і на Нарачы, і на Шчары… Зь першых рук атрыманыя самыя дакладныя зьвесткі: народны промысел не забыты, дзедавы рэцэпты шырока выкарыстоўваюцца. Па-ранейшаму можна пакаштаваць і “жытнюю”, і “пшанічную”, і “цукроўку”, і “чыгуноўку”…Дзяржава, вядома, пабойваецца за сваё манапольнае права на гарэлачныя даходы і спрабуе змагацца з самадзейнымі броварамі. Ну, але гэта, як сьведчыць гісторыя, — працэс ня надта плённы, шматгадовы, а можа, і бясконцы.

Пра зьявы і залежнасьці не да канца дасьледаваныя, загадкавыя і таямнічыя разважае ў сваім лісьце наш даўні сябар Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску. Слухач піша:

“Нашы мэдыкі часам і ведаюць, з чым маюць справу, а робяць выгляд, што нічога нельга зрабіць. Вось, напрыклад, бяскрыўдная, на першы погляд, хвароба: трафічная язва. Недзе цябе нешта ўкусіла — і пайшоў працэс. Нават у гэтым выпадку лячыць можна па-рознаму, і паспрабуй падкапайся. А носьбіт можа сустрэцца і на лецішчы, і дома, і ў падвале, і нават вакол дома, дзе выгульваюць сваіх сабак морды, якія мала чым адрозьніваюцца ад сабачых… Нават тут цябе нешта кусае.

У мяне на назе таксама зьявілася трафічная язва. Па дамоўленасьці лёг у абласную бальніцу, блізка да хаты. У бальніцы зьвярнуў увагу на царкву. Зайшоў туды. На прапанову цёткі, якая гандлюе абразамі і ўсім, што вакол іх, адказаў: “Я — бязбожнік…” І што цікава: гэтая “сьвятая” адразу задала “мянтоўскія” пытаньні: “Як прозьвішча і дзе ляжу?..” А назаўтра мяне накіравалі на лазэр з дыягназам “Нэкроз правай канечнасьці”…

З бальніцы я, канечне, наступнай раніцай уцёк, але думка ў галаву запала, што беларусаў добра, так бы мовіць, “лечаць” мэдыкі супольна з царкоўнікамі.

Дарэчы, пры мне ляжаў у бальніцы былы дэсантнік зь Сеньненшчыны, чыю нагу можна было выратаваць”
.

Цьмяныя справы, спадар Аляксандар. Чамусьці мне здаецца, што той, каму адрэзалі нагу, да канца сваіх дзён будзе перакананы, што яе можна было выратаваць. Незалежна ад дыягназаў і кансыліюмаў. Ну, але вы там бліжэй ляжалі, вам відней.

А тая цікаўная цётка з царкоўнай крамкі — сапраўды, падазроная асоба. І зь якой прычыны вы раптам пад скляпеньнямі храма пра свае атэістычныя перакананьні пачалі зь ёй гаварыць?

Зрэшты, асабліва не пераймайцеся: таму, ад каго мы па-сапраўднаму цалкам залежым і ў дыягназах сваіх, і ў тым, які век нам адмераны, няма патрэбы пытацца ні наша прозьвішча, ні нумар шпітальнай палаты.

Адна са стратаў адыходзячага году, пра якую мы паведамлялі ў мінулым месяцы — сьмерць у Мар’інай Горцы актывіста Партыі БНФ Валянціна Доўнара, якая здарылася пры не да канца высьветленых абставінах.

Ён быў вядомым у сваім гарадку распаўсюднікам незалежнай прэсы. Кожную пятніцу прывозіў зь Менску сьвежыя нумары “Народнай волі” і “Новага часу”. Позна ўвечары 20 лістапада 50-гадовага мужчыну знайшлі недалёка ад будынку міліцыі непрытомнага...

Наш слухач Міхаіл Калянкевіч з пасёлку Рудзенск Пухавіцкага раёну з нагоды гэтай трагедыі піша:

“Ня толькі я — многія неабыякавыя людзі ў нашым Рудзенску ўражаны гэтай сьмерцю. Зьвяртаемся да кіраўнікоў пухавіцкай міліцыі — няхай расьсьледуюць і патлумачаць, што ж там насамрэч адбылося. Чалавек ня піў, не паліў, ні з кім не канфліктаваў... Магчыма, гэта — палітычнае забойства?

Нас вельмі ўсхвалявалі зьвесткі пра тое, што ў Мар’інай Горцы нібыта існуе арганізацыя расейскіх фашыстаў — РНЕ. Што грамадзяне, якія сымпатызуюць гэтай структуры, існуюць, здагадацца няцяжка — дастаткова праехаць у электрычцы Менск - Пухавічы. Але наколькі сур’ёзныя гэтыя асобы? І наколькі зламысныя ў іх намеры? Няблага было б міліцыі ў цывільнай вопратцы паезьдзіць у электрычцы, паслухаць, паглядзець — і прыняць адпаведныя меры згодна зь беларускім заканадаўствам”
.

Думаю, спадар Міхаіл, і міліцыя, і спэцслужбы ў Беларусі даўно ўжо карыстаюцца гэткім спосабам выяўленьня палітычна нядобранадзейных грамадзянаў, які вы прапануеце. Іншая справа, што вынікам гэтых адмысловых мэтадаў становяцца затрыманьні ды арышты галоўным чынам нацыянальна арыентаваных актывістаў, якія належаць да дэмакратычных суполак. А вось пра перасьлед сапраўды экстрэмісцкіх арганізацыяў, якія не хаваюць сваіх шавіністычных антыбеларускіх мэтаў, пра арышты іх сяброў ці суды над імі чуваць вельмі рэдка.

Ігар Сьцябуля зь Менску, як і тысячы іншых нашых слухачоў, заклапочаны будучыняй беларускай мовы. Чаму так рэдка можна пачуць беларускае слова ў грамадзкім ужытку? Спадар Ігар з гэтай нагоды піша:

“Сёлета я адпачываў ва Ўкраіне, у Трускаўцы: там месьціцца вядомы многім санаторый. Быў прыемна зьдзіўлены, што і лекар, і мэдсёстры размаўлялі са мной па-ўкраінску. У горадзе ўсе шыльды — толькі на ўкраінскай мове. Тэлебачаньне, радыё — таксама ўкраінскамоўныя. Размаўляў з украінцамі на гэтую тэму. Яны ганарацца сваёй дзяржавай, сваёй мовай і культурай. І не ўяўляюць, каб было па-іншаму, каб іх прымушалі гаварыць на чужой мове, прынесенай тымі, хто хацеў зьнішчыць украінскую незалежнасьць.

А ўсё таму, што ва Ўкраіне — дэмакратыя. А ў Беларусі — прамаскоўскі аўтарытарны рэжым. Так што і размова пра выкарыстаньне ў нас беларускай мовы — бессэнсоўная”
.

Яшчэ дваццаць год таму, на схіле савецкай эпохі, моўная сытуацыя ва Ўкраіне (асабліва ў яе цэнтральных і ўсходніх абласьцях) мала адрозьнівалася ад таго, што адбывалася (і адбываецца) у гэтай сфэры ў Беларусі. Тая ж татальная русыфікацыя, вынішчэньне нацыянальнай школы, заняпад культуры. І як усё зьмянілася за два дзесяцігодзьдзі, на працягу якіх пры ўладзе ва Ўкраіне былі дэмакратычныя палітыкі, скіраваныя на адраджэньне нацыянальных каштоўнасьцяў.

Беларуская мова ў сёньняшняй Беларусі, сапраўды, у прыгнечаным становішчы. Але наўрад ці вы, спадар Ігар, маеце рацыю, калі пішаце, што няма сэнсу ў такіх умовах гаварыць пра яе выкарыстаньне. Зьменіцца ў Беларусі ўлада — і моўнае адраджэньне можа пачацца і адбывацца шпаркімі тэмпамі. Дзеля той будучыні (магчыма, і ня надта далёкай) важна захаваць парасткі беларушчыны, якія працягваюць існаваць, нягледзячы на ўсе неспрыяльныя абставіны.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Вясёлых Калядаў, шаноўныя слухачы! З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG