Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускае ноў-хаў — плуг, разьлічаны на адну цяглава-чалавечую сілу”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 13 студзеня 2010 году


Перада мной — пошта “Свабоды”, атрыманая ў першыя два тыдні новага 2010 году. Сярод шматлікіх віншаваньняў і падсумаваньняў ёсьць і лісты-роздумы пра сёньняшнюю беларускую рэчаіснасьць, лісты-назіраньні з адметнымі слухацкімі высновамі і камэнтарамі. Менавіта такія допісы я і выбраў для сёньняшняй размовы з вамі, шаноўныя слухачы.

Наш даўні сябар Станіслаў Тунік зь вёскі Шупейкі Сьветлагорскага раёну пачынае свой ліст з расповеду пра выпадак, сьведкам якога ён стаў у краме ў Сьветлагорску. Слухач піша:

“Падышоў да мяснога аддзелу. Чаргі няма. Прадаўшчыца выкарыстоўвае вольную хвіліну: вільготнай анучкай працірае каўбасы коштам 39 тысяч рублёў і вышэй. Відавочна, каб надаць таварны выгляд заляжаламу далікатэсу. Убачыўшы мяне, хуценька хавае анучу…

Іду далей. У іншым аддзеле прыцягнуў увагу плуг са зьменным абсталяваньнем, разьлічаны (увага!) на адну цяглава-чалавечую сілу. Кошт — 150 тысяч рублёў. Купляй, упрагайся замест каня — і наперад! У цяжкія пасьляваенныя гады было тое ж самае, толькі аралі плугам, разьлічаным на адну конскую сілу. Таму цягнулі плуг некалькі чалавек. А цяпер вось як далёка ў Беларусі пасунуўся прагрэс, якое ноў-хаў! Вынаходніку трэба даць прэмію імя Лукашэнкі.

…У аддзеле бытавой тэхнікі беларускія тэлевізары “Гарызонт” і “Віцязь” з экранам 32 дзюймы прадаюцца за 2 мільёны 320 тысяч рублёў. Ведаю, што ў Расеі такія тэлевізары каштуюць прыблізна 12 тысяч расейскіх рублёў — гэта значыць, амаль удвая таньней.

Амаль такая ж сытуацыя з цэнамі на цукар, малочныя прадукты і многія іншыя тавары. Вось так улада выяўляе бацькоўскі клопат пра нас, сваіх падданых. За кошт непамерных коштаў забясьпечваюць сабе і прамысловым прадпрыемствам бязьбеднае жыцьцё, — піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Станіслаў Тунік са Сьветлагорскага раёну. — Ведаю, што ў Менску самыя высокія заробкі ў Беларусі. За адну і тую ж працу там плацяць вышэй, чым у рэгіёнах, матывуючы тым, што ў сталіцы вышэйшы кошт жыцьця. А я мяркую, што прычына ў іншым. Проста ўлада баіцца менчукоў, апасаецца, каб ня выйшлі на плошчу. Таму і спрабуе прыкарміць. А яшчэ праз усе сродкі масавай інфармацыі намагаецца насадзіць аптымізм, абяцаючы сьветлую будучыню.

Так, за час кіраваньня Лукашэнкі жыцьцё зьмянілася, але ня дзякуючы так званаму “мудраму кіраўніцтву”, а насуперак яму. Прадпрымальныя, ініцыятыўныя прыватнікі апранаюць і кормяць большую частку насельніцтва, а ўлада, чыноўнікі толькі ставяць розныя перашкоды і абмежаваньні ў выглядзе розных інструкцый ды ўказаньняў”
.

Чуткі пра надзвычай высокія менскія заробкі дужа перабольшаныя, спадар Станіслаў. Розьніца, вядома, ёсьць — і ў зарплатах, і ў кошце жыцьця. Гэтая зьява ўласьцівая амаль усім краінам. Але ў Беларусі адрозьненьні тут меншыя, чым, напрыклад, у Расеі ці ва Ўкраіне. Настаўнікі, мэдыкі, рабочыя на большасьці менскіх прадпрыемстваў зарабляюць прыблізна гэтак жа, як і ў вас у Сьветлагорску. Для бюджэтнікаў у Беларусі дзейнічае адзіная тарыфная сетка аплаты, а прамысловыя гіганты сёньня амаль паўсюль у цяжкім стане. Вырабленае прадаецца зь цяжкасьцю, многія заводы перайшлі на няпоўны працоўны тыдзень…

Вядома, ёсьць галіны, якія крызіс закрануў у меншай ступені. Напрыклад, многія будаўнікі з маленькіх гарадоў шукаюць і знаходзяць працу на менскіх будоўлях: заробкі тут часам у некалькі разоў вышэйшыя, чым у рэгіёнах. Асаблівая каста ў Беларусі — менскія чыноўнікі зь іхнымі высокімі рангамі і пэрсанальнымі акладамі ды пэнсіямі… Але ўсё ж у цэлым падкупіць, прыкарміць усю двухмільённую сталіцу — а гэта амаль чвэрць насельніцтва краіны — улада сёньня ня здольная.

…А што да апісанага вамі, спадар Станіслаў, выпадку ў мясным аддзеле, то гэта шырока вядомая сярод прадаўцоў невялікая хітрасьць — праціраць ляжалыя вэнджаныя каўбасы алеем. Пакупнікоў на іх пры такіх коштах няшмат, а страты крамы кладуцца цяжарам на і без таго ня надта высокія заробкі прадаўцоў. Вось яны і выкручваюцца, як умеюць…

Суседняя зь Беларусьсю Ўкраіна рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў. Як зьменіцца курс афіцыйнага Кіева, калі перамогу на іх атрымаюць прарасейскія сілы? Вось якімі думкамі наконт гэтага дзеліцца ў сваім лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская з Магілёва. Слухачка піша:

“Расея вельмі разьлічвае на тое, што 17-га студзеня перамогу будзе сьвяткаваць Януковіч. І першае, што прапануе яму Масква пасьля інаўгурацыі, — беларускія кошты на газ ды іншыя энэргарэсурсы. Але з умовай, што Ўкраіна павінна ўвайсьці ў склад саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. І калі Вярхоўная Рада з перавагай хаця б у адзін голас дасьць дазвол на гэтую ўмову — “саюз трох” адбудзецца. А ўжо далей за азіяцкімі рэспублікамі справа ня спыніцца. Яны амаль адначасова далучацца да гэтага саюзу. І ў супрацьвагу Эўразьвязу будзе створаны Эўра-Азіяцкі саюз, які цалкам заменіць СССР. А першым прэзыдэнтам гэтага саюзу стане Пуцін,— піша ў сваім лісьце Галіна Александроўская з Магілёва. — Што да новай тактыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Лукашэнкі, то яна выклікае толькі сьмех. Верагодна, эўрапейскія палітыкі будуць спрабаваць выхаваць Аляксандра Рыгоравіча да тае пары, пакуль не падрасьце ягоны пераемнік.

Фіктыўная дапамога з боку Захаду, якую ён называе дапамогай беларускаму народу, ператварылася ў рэальную дапамогу і падтрымку дыктатарскага рэжыму. І робіцца ўсё гэта таму, што ў сапраўднасьці Захад ужо даўно мае справу не зь незалежнай Рэспублікай Беларусь, а з саюзнай дзяржавай Расеі і Беларусі, якой фактычна кіруе Масква”
.

Хто б зь сёньняшніх рэальных кандыдатаў ні перамог на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне, гандляваць незалежнасьцю сваёй дзяржавы ён наўрад ці будзе, спадарыня Галіна. І ня толькі таму, што ва Ўкраіне за мінулыя пасьля распаду СССР два дзясяткі гадоў створана такая сыстэма ўлады, якая значна абмяжоўвае магчымыя авантурныя ці валюнтарысцкія памкненьні любой службовай асобы, якую б высокую пасаду яна ні займала. За гэты час зьмянілася грамадзтва, асэнсаваньне ім значнасьці і велічы ўласнай нацыянальнай тоеснасьці, гісторыі, адказнасьці перад наступнымі пакаленьнямі. А апроч усяго іншага, перад вачыма ўкраінцаў — правал таго так званага “саюзнага будаўніцтва”, якое апошнія пятнаццаць год бясплённа спрабаваў весьці з Масквой Аляксандар Лукашэнка. Пра якія заманлівыя цэны на газ і нафту можна весьці размову, калі вакол гэтых цэнаў у межах гэтай нібыта адзінай дзяржавы бліжэйшыя саюзьнікі штогод усчынаюць апантаную сварку і лаянку…

Наступны ліст-роздум ад нашага даўняга сябра Алеся Васілеўскага зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну — пра лёс мовы і беларускай нацыі, пра тое, як праблемы нацыянальныя зьвязаныя з асабістымі. Слухач піша:

“Нядаўна, наведаўшы могілкі, я ледзь не разгубіўся ад нечаканасьці, калі ўпершыню сярод соцень надмагільных камянёў натыкнуўся на надмагільлі з надпісамі па-беларуску. Гэта дачка-настаўніца абазначыла сваіх спачылых бацькоў на той мове, на якой яны ўсё жыцьцё размаўлялі. Тое адкрыцьцё істотна падтрымала мой ледзь жывы нацыянальны дух і стан. Я міжволі зьняў шапку перад гэтымі ўжо сьвятымі для мяне пахаваньнямі землякоў. Але гэтага так мала… Няўжо мы не маглі зрабіць больш за дваццаць год незалежнасьці? Усё гэта — яшчэ толькі дэкарацыя, першы вясновы парастак на тле вялізнай аблуды.

Тыя паўстагодзьдзя, што жыву на сьвеце, многаму мяне навучылі. Галоўнае, што даюць самота і занядбаньне — гэта досыць істотная свабода, магчымасьць для роздуму, які не драбязіць жыцьцёвая мітусьня,— піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Васілеўскі з Барысаўскага раёну. — Я вельмі зьдзіўлены, як большасьць дарагіх маіх землякоў можа быць шчасьліваю ў асабістым жыцьці — нібы тут у нас даўно дэмакратыя… І як на скалечанай мове можна выказваць штосьці істотнае, галоўнае… (А тым больш — на чужой сэрцу мове суседзяў). Можа, зрабіў бы і я гэтак, каб атрымалася. Але чамусьці ня здарылася. А значыць, я міжволі мушу шукаць прычыну, якая якраз у нацыянальным заняпадзе, а значыць — у прыніжанасьці і яшчэ шмат у чым, што не дало жыць годна. Вось і Барысаў мой раённы для мяне — чужына амаль поўная, за выключэньнем некаторых асобаў і арганізацый
”.

Адчуваць сябе самотным і пакінутым можна і ў вялікім горадзе, і пры дэмакратычным дзяржаўным ладзе, і ў родным моўным асяродзьдзі, якому нішто не пагражае… Калі б людзі, будуючы асабістае жыцьцё, арыентаваліся на палітычнае ўладкаваньне сваёй краіны ці на моўную сытуацыю — напэўна, паўсюль панавалі б толькі самота, сямейная неўладкаванасьць і няспраўджаныя надзеі на асабістае шчасьце. Але людзі кахаюць, жэняцца, будуюць дамы і гадуюць дзяцей, мала зважаючы на тое, дэмакратыя ў іх за вокнамі ці дыктатура.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG