Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У студзені цьвілі сады, а ў лютым высьпявалі суніцы”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 30 сьнежня 2009 году

У гэтыя пераднавагоднія дні амаль уся пошта “Свабоды” — сьвяточнага зьместу. Мы атрымліваем ад сваіх даўніх сяброў шмат маляўнічых віншавальных паштовак з добрымі пажаданьнямі. А ў большасьці лістоў аўтары імкнуцца падсумаваць вынікі адыходзячага 2009-га году, згадаць найбольш адметныя падзеі апошніх дванаццаці месяцаў, зазірнуць у недалёкую будучыню.

Сярод тых, хто даслаў нам калядныя і навагоднія віншаваньні, — Васіль Завадзкі з Маладэчна. У сваім лісьце ён акцэнтуе ўвагу на міжнародных праблемах, якія чалавецтва пакідае нявырашанымі ў старым годзе — гэта найперш збройныя канфлікты ў Аўганістане і Іраку. Спадар Завадзкі лічыць, што толькі недальнабачныя людзі абвінавачваюць у гэтых войнах амэрыканскі ўрад. Слухач піша:

“Калі б прэзыдэнт Абама аддаў загад неадкладна вывесьці войскі з Іраку і Аўганістану — што здарылася б? А адбылося б тое, што талібы, Аль-Каіда на чале зь бін-Лядэнам імгненна захапілі б уладу ў Аўганістане. А там, глядзіш і ў Пакістане зь ягонай ядзернай зброяй учынілі б пераварот. Ня сёньня, дык заўтра ядзерныя ракеты зьявяцца і ў Ірану. Супраць каго будзе павернута гэта разбуральная зброя? Спачатку — супраць Ізраілю. А што потым? Ці ня ўспыхне ўся Сярэдняя Азія, а за ёй і Расея?

Увесь цяжар у справе захаваньня міру — на плячах Амэрыкі. Салдаты ЗША і НАТО гінуць за нас, каб абараніць мір на плянэце. Амэрыканскі народ выдаткоўвае на гэта сотні мільярдаў даляраў. Я слухаю радыёперадачы на расейскай мове з Варшавы, Парыжа, Прагі — і чамусьці ніхто слова добрага ня скажа ў абарону амэрыканскай палітыкі на Блізкім Усходзе.

Толькі Амэрыка здольная выратаваць цывілізаваны сьвет ад поўнага зьнішчэньня. Дай Бог здароўя амэрыканскаму народу і іхнаму прэзыдэнту, каб яны і надалей стаялі на варце міру.

У гэтыя калядныя дні як каталіцкаму касьцёлу, так і праваслаўнай царкве трэба шчыра маліцца, каб Пан Бог даў моцы тым, на кім трымаецца наш такі нетрывалы сьвет”
.

Сур’ёзныя аналітыкі, грамадзкія дзеячы, палітыкі ўсьведамляюць рэальнасьць тых пагрозаў, пра якія вы, спадар Васіль, пішаце ў сваім лісьце. І мы ў сваіх перадачах часта даем слова гэтым людзям, імкнемся ўсебакова асьвятляць няпростую тэму зацяжных узброеных канфліктаў у Іраку і Аўганістане.

І ў амэрыканскім грамадзтве, і ва ўрадзе ЗША — гэтак жа, як і ў іншых краінах, уцягнутых у канфлікт, хацелі б як мага хутчэй завяршыць гэтую вайну, вярнуць сваіх салдат на радзіму. Але чым можа скончыцца пасьпешлівы, непадрыхтаваны вывад войскаў? Людзі вашага (дый майго) пакаленьня памятаюць, што адбылося ў выніку непадрыхтаваных уцёкаў савецкіх войскаў з Аўганістану і чым гэта скончылася для Савецкага Саюзу і для прамаскоўскага рэжыму Наджыбулы ў Кабуле, які Крэмль у 1989-м годзе кінуў на волю лёсу. Дарэчы, менавіта тады пачаўся пасьлядоўны захоп улады ў Аўганістане талібамі.

У апошнія пераднавагоднія дні ў Беларусі — часта зусім не каляднае надвор’е. Моцныя маразы і завеі зьмяняюцца зацяжнымі адлігамі. Назіраючы напрыканцы сьнежня сакавіцкія краявіды за акном, многія слухачы схільныя паразважаць на актуальную сёньня тэму глябальнага пацяпленьня. Вось што лічыць з гэтай нагоды наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. У сваім новым лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Гэта нам толькі здаецца, што нічога падобнага раней не здаралася і што ўсяму віной — толькі нястрымная гаспадарчая дзейнасьць чалавека. А я вось зацікавіўся старымі летапісамі. І зь немалым зьдзіўленьнем даведаўся: на пачатку 13-га стагодзьдзя ў Лівоніі (гэта тэрыторыя цяперашніх Латвіі і Эстоніі) здараліся зімы, калі ў студзені цьвілі сады, а ў лютым высьпявалі суніцы. І наадварот, аднаго году было такое лета, што ў чэрвені мароз пашкодзіў ярыну.

Тое ж ня раз здаралася і ў Беларусі. Напрыклад, адзін мой знаёмы, Ківачук Хведар зь вёскі Хаціслаў, успамінае, як у дзяцінстве быў падпаскам у Картэлісах і слухаў расповеды пра мінуўшчыну вядомага на ўсю акругу 100-гадовага дзеда. Дык той згадваў, што аднаго году была ў нас такая зіма, што худобу не зачынялі ў хлеў усе зімовыя месяцы: пасьвілася на зялёнай траве. Некаторыя нават пасадзілі другі раз бульбу, каб атрымаць яшчэ адзін ураджай. Многія, праўда, зрабіць гэта пабаяліся. І ўсю тую зіму на лугах цьвілі кветкі…

Паводле маіх падлікаў, здарылася гэта недзе ў 18-м стагодзьдзі…”
.

Так, спадар Сац, у 18-м стагодзьдзі ні пра які парніковы эфэкт чалавецтва не задумвалася, а прамысловых выкідаў вуглякіслага газу ў атмасфэру амаль не было, бо яшчэ ня вынайдзены быў рухавік унутранага згараньня. Дый уся прамысловасьць тады знаходзілася ў зародкавым стане (асабліва ва Ўсходняй Эўропе). Зрэшты, не было тады і грунтоўных навуковых назіраньняў за кліматам і надвор’ем. А ўспаміны, байкі і паданьні старых дзядоў, расказаныя падпаскам пры вогнішчы, часта багатыя на розныя дзівосы, дзе праўду не аддзеліць ад вымыслу і сам апавядальнік. Што праўда: тым гэтыя расповеды, можа, і запамінальныя.

Наш даўні сябар Мікола Корбут зь вёскі Міхалёва Бабруйскага раёну разам з каляднай паштоўкай даслаў вялікі ліст, у якім разважае пра тое, што можа напаткаць Беларусь у надыходзячым 2010 годзе. Галоўнай палітычнай тэмай новага году, як лічыць спадар Корбут, стане падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў. У сваім лісьце слухач з гэтай нагоды піша:

“Напярэдадні Калядаў на вуліцах Бабруйску ўжо зьявіліся новыя плякаты з тымі ж лёзунгамі “За квітнеючую Беларусь”, што былі падчас папярэдняй выбарчай кампаніі. Дык што, так званыя “выбары” ўжо пачаліся? Можа, і вынікі ўжо вядомыя? А гэтая мышыная валтузьня са зьменамі выбарчага заканадаўства — проста зьдзек з народа?

У нашай краіне, напэўна, прасьцей спачатку зьмяніць уладу, а потым ужо — выбарчыя законы. Нейкае замкнёнае кола атрымліваецца.

Наўкол пануе цемрашальства. Многія ўтаропяцца ў тэлескрыню — і больш нічога ня хочуць ведаць.

За апошнія 15 год мне ўдалося павялічыць аўдыторыю слухачоў “Свабоды” на 12 чалавек (не выпадае нават па адным чалавеку на год). Кропля ў акіяне!

Мая мара пра тое, каб “Свабоду” ў Беларусі слухала кожная другая сям’я, выглядае фантастычнай! Прынамсі, да такой я прыйшоў высновы.

А яшчэ мне вельмі шкада, што прыхільнікі дэмакратыі ня могуць ці ня хочуць усьвядоміць: гуляць з уладай у гэтыя гульні з так званымі “выбарамі” прэзыдэнта ў цяперашніх умовах — бескарысна. Лепш усе сілы, розум і кемлівасьць накіраваць на тое, каб гэтыя, так бы мовіць, “выбары” не адбыліся. Іншымі словамі, патрэбен байкот, пра што ўжо даўно гаварыў Зянон Пазьняк. Але зрабіць гэта цяжка, а ў нашай краіне практычна немагчыма”
.

Аднаго разу на пачатку дзесяцігодзьдзя апазыцыя ўжо спрабавала наладзіць байкот выбараў — і тую спробу наўрад ці выпадае назваць удалай. Прычын можна назваць шмат. Разьяднанасьць апазыцыі — толькі адна зь іх, і, бадай, ня самая галоўная. Ці гатова большасьць грамадзтва да такога байкоту, ці здольная яна прыкласьці ўласныя намаганьні дзеля таго, каб у дзяржаве адбыліся зьмены? Калі адказы на гэтыя пытаньні будуць такімі ж, як і чатыры гады таму — сцэнар наступных прэзыдэнцкіх выбараў наўрад ці будзе адрозьнівацца ад папярэдняга.

І яшчэ, спадар Мікола — пра вашы высілкі дзеля пашырэньня нашай аўдыторыі. Мы вельмі ўсьцешаны, што ў “Свабоды” ёсьць такі актыўны, зацікаўлены, неабыякавы слухач. І тое, што дзякуючы вам больш як дзясятак людзей настроіліся на хвалю “Свабоды” — выдатны вынік.

На заканчэньне — калядны ліст-паштоўка ад нашага даўняга сябра Віктара Кляноўскага з пасёлку Друя Браслаўскага раёну.У сваім вершаваным віншаваньні слухач піша:

“Вось бы нам Дзядок Мароз
Ды свабоду ўсім прынёс!
І “Свабода” нам тады
Стане сябрам назаўжды.
Я “Свабоду” абдыму
І пад радыё засну”


Сапраўды, спадар Віктар, так хочацца верыць у цуд у гэтыя чароўныя калядныя вечары. Вось толькі калі б апроч спадзяваньня на добрага Дзеда Мароза прыкласьці дзеля надыходу жаданых зьменаў хаця б невялікія ўласныя намаганьні.

Дзякуй, спадар Віктар, вам і ўсім нашым шматлікім слухачам, якія на працягу мінулага году пісалі, тэлефанавалі, дасылалі СМС, удзельнічалі ў разнастайных імпрэзах “Свабоды”. Гэта дапамагала нам быць бліжэй да вас, рабіць тое радыё, якое вам патрэбна.

Вясёлых усім Калядаў і шчасьлівага Новага году!

З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG