Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Захад марнуе грошы, спрабуючы залагодзіць рэжым Лукашэнкі”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 26 жніўня 2009 году

Мяркуючы на некаторых лістах, якія прыносіць апошнім часам пошта “Свабоды”, у многіх нашых слухачоў супярэчлівае стаўленьне да спробаў беларускай улады наладзіць кантакты з Захадам. Ці будуць гэтыя намаганьні афіцыйнага Менску плённымі? Ці шчырыя тыя прапановы і абяцаньні, якія гучаць на адрас заходняй дэмакратычнай супольнасьці з вуснаў высокапастаўленых беларускіх кіраўнікоў?

Спрабуючы адказаць на гэтыя пытаньні, наш слухач Уладзіслаў Гайцюкевіч зь Менску, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, піша:

“Столькі сілаў і сродкаў марнуе Захад на тое, каб залагодзіць рэжым Лукашэнкі, ачалавечыць яго, схіліць да дэмакратычных рэформаў. Тут табе і запрашэньні Лукашэнкі ў эўрапейскія сталіцы, і шматмільярдныя крэдыты дзеля пераадоленьня крызісу, і абяцаньне новых пазыкаў. Няўжо не разумеюць заходнія палітыкі, што ўсё гэта — бескарысна? Лукашэнка гэтулькі гадоў вадзіў за нос Маскву, абяцаў крамлёўскім уладарам залатыя горы: і адзіную дзяржаву, і аб’яднаную армію, і ўвядзеньне расейскага рубля... І дзе ўсё гэта?

Цяпер ужо ў Маскве на гэтыя абяцаньні не клююць — за пятнаццаць год Лукашэнка іх добра навучыў. Дык зьявіўся другі аб’ект для гандлю абяцаньнямі — Брусэль. Ну, няхай бы брусэльскія бюракраты крыху пазавіхаліся — пераклалі з расейскай мовы тыя шматлікія інтэграцыйныя дакумэнты, што былі падпісаныя паміж Масквой і Менскам за 15 год. Ды прааналізавалі: што з абяцанага выканана?

Захад павінен не заахвочваць аўтарытарны рэжым, даючы яму мільярды даляраў у якасьці льготных крэдытаў, а — зрабіць усё магчымае, каб вызваліць беларускі народ ад гэтай таталітарнай бяды, прынесьці нам свабоду і дэмакратыю”
.

Марная гэта справа, спадар Гайцюкевіч — чакаць склаўшы рукі, пакуль хтосьці звонку прынясе вам свабоду і дэмакратыю. З такім жа посьпехам асобна ўзяты чалавек можа спадзявацца, што раптам здарыцца цуд і ад заможнага і шчасьлівага суседа на яго зваляцца і дастатак, і добрая праца, і дагледжанае жытло... Большасьць народаў, якія жывуць сёньня ў дэмакратычных заможных краінах, у свой час дорага заплацілі за тое, каб пазбавіцца ад аўтакратычных ці дыктатарскіх рэжымаў.

Ёсьць, вядома, і іншыя выпадкі, калі дэмакратычны лад спрабуюць прышчапіць звонку, у той час як само грамадзтва ня надта ўсьведамляе каштоўнасьць такога ладу. Прыклад таму — многія краіны Афрыкі і Азіі, у якіх пасьля краху каляніяльнай сыстэмы былі спробы пабудаваць самастойныя дэмакратычныя краіны. Але толькі нямногія з такіх спробаў можна назваць пасьпяховымі.

Аўтар наступнага ліста — Юрась Касьцюк, пэнсіянэр з Наваполацку. Вось якімі меркаваньнямі пра ўладу дзеліцца ён у сваім допісе:

“Гэтай уладзе не патрэбен народ. Ёй патрэбен беспародны статак, які бізуном ідэалягічнай хлусьні, пустапарожніх абяцанак і хітрых запалохваньняў можна гнаць у любы бок — нават на бойню. Ну, а той, хто заўпарціцца і не захоча ісьці са статкам — зьнікне, як зьніклі Ганчар, Захаранка ды іншыя. Альбо для яго знойдуць асобнае стойла — у турмах на Валадарскага, Апанскага, Акрэсьціна...

...Прасіць пра нешта ў гэтых людзей, лічу, бескарысна. Тут трэба прасіць Бога, каб пазбавіў нас ад лукавага. Альбо самім, хто яшчэ пачувае сябе беларусам, знаходзіць як мага больш аднадумцаў і згуртаванымі шыхтамі да новых прэзыдэнцкіх выбараў дамагчыся неабходных зьменаў Выбарчага кодэксу. У выбарчыя камісіі павінны прыйсьці сумленныя людзі, якія б не дапусьцілі махлярства пры падліку галасоў”.

У сваім лісьце Юрась Касьцюк таксама паведамляе некаторыя зьвесткі пра сябе:

“Я — журналіст, але цяпер — пэнсіянэр, бо нашу незалежную гарадзкую газэту “Хімік”, як і некаторыя іншыя, фінансава задушыла ўлада — пазбавіўшы падпіскі і распаўсюду праз пошту і шапікі. Але працягваю змагацца — хоць бы вусным словам — з абрыдлай уладнай камандай усюды, дзе толькі зьяўляецца дзеля гэтага магчымасьць”.

Так, спадар Юрась, на працягу апошніх пятнаццаці гадоў у Беларусі вымушаны былі спыніць існаваньне многія недзяржаўныя газэты. Выкінутыя з сыстэмы распаўсюду, пазбаўленыя магчымасьці друкавацца на радзіме, узятыя ў аблогу спэцслужбамі, судамі, міліцыяй — яны мелі мала шанцаў на далейшае існаваньне ў ранейшым “папяровым” выглядзе. Так перасталі друкавацца ня толькі “Хімік”, але і “Белорусская деловая газета”, і “Салідарнасць”, і многія іншыя вядомыя і аўтарытэтныя выданьні ў розных рэгіёнах. І ўсё ж сьцьвярджаць, што яны канчаткова зьнішчаны, думаю, дачасна. Фактычна ўсе яны працягваюць існаваць у выглядзе інтэрнэт-выданьняў. У тым ліку абнаўляецца і старонка наваполацкага “Хіміка”. Хоць людзям сталага веку, відавочна, цяжка прызвычаіцца да гэтай новай сучаснай формы мэдыяў.

Але настане час, зьменяцца ўмовы — і яны вернуцца да чытача. Прычым зрабіць гэта тым, хто захаваў электронную вэрсію выданьня, будзе значна прасьцей і лягчэй.

Наступны ліст даслаў наш даўні сябар Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну. Гэтым разам слухач распавядае пра дробны, але цікавы выпадак, сьведкам якога ён стаў на адной выбоістай беларускай дарозе. Спадар Мікалай піша:

“Еду я неяк на сваім матацыкле “Днепр” у вёску Пламя. Толькі выехаў на асфальт — што за ліха? Уся дарога, пачынаючы ад прыпынку і да забалочанага выезду на асфальт — на сотню мэтраў услана макулятурай. Напэўна, нядбайны вадзіцель не замацаваў як сьлед груз, а дарогі ў нас выбоістыя — вось і вытрас. Я спыніўся. Дай, думаю, прыхаплю што-небудзь пачытаць. Іду, разглядаю асартымэнт. І тут раптам голас над вухам: “Коля! Не чапай! Гэта — маё!” Гляджу, аж гэта мой аднавясковец драпежна раскінуў рукі над гарой макулятуры, а побач — фурманка. Ужо гатоў схапіць і везьці знойдзенае ў пункт нарыхтоўкі....

З чаго раптам гэта ўспомнілася? А справа ў тым, што я чуў адну гісторыю з ваеннага часу. Толькі што вызвалілі вёску Маргойцы ў нашай мясцовасьці. Было шмат забітых немцаў. Дык перад тым як пахаваць, іх распраналі дагала. А зьнятае адзеньне складалі ў адну вялікую кучу. Дык мясцовыя людзі ўсё ўспамінаюць адну бабу, якая паўзла на тую кучу і таксама крычала: “Гэта — маё!”
.

Напэўна, спадар Мікалай, вам варта было б расказаць тую гісторыю свайму аднавяскоўцу, які так апантана абараняў знаходку. Хоць, увогуле, не ад добрага жыцьця кінулася тая жанчына на кучу трантаў, зьнятых зь нябожчыкаў. І, напэўна, ня надта раскашуе ваш знаёмы, калі такія надзеі ўскладае на прыбытак ад здадзенай нарыхтоўшчыку макулятуры.

Ня так даўно ў адным менскім парку я назіраў, як два бамжы кінуліся ў бойку за знойдзеную парожнюю піўную бутэльку. Білі адзін аднаго жорстка і зацята, да крыві — за капеечную шкляную пасудзіну. Сумнае відовішча...

Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста — Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Слухач з сумам назірае за тым, як ахвярай спажывецкіх апэтытаў становіцца навакольнае асяродзьдзе, і асабліва — лясы, што актыўна высякаюцца ў многіх рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і там, дзе жыве аўтар. У сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Васілеўскі піша:

“Яшчэ зусім нядаўна меў намер зьвяртацца па спадарожнікавую дапамогу наконт некантраляванай, драпежніцкай высечкі нашых лясоў. Аднак днямі пачуў ад лесьнікоў, што спадарожнік нябесны якраз і працуе на “чорных” дрывасекаў, выглядае зьверху найлепшы, самы сьпелы лес. Гэта і ня надта зьдзівіла, аднак зьнікла апошняя ілюзія.

За што цяпер трымацца як за апошнюю саломінку? Хіба толькі за слова роднае. Усё больш расчароўваюся ў гэтай цывілізацыі зь ейнымі непамернымі апэтытамі. Пераконваюся, што ўся яна — адзін вялікі падман, блеф. І цяпер гэта відавочна, як ніколі. Асабліва сёньня, калі гэты монстар спарадзіў крызіс — раптоўна, у адзін дзень...

Народ наш, як і многія людзі паасобку — са смуродцам яшчэ. Але што зробіш: так яно склалася. Паўстаць над сабою фантастычна няпроста”
.

У сваім імкненьні пастаянна павялічваць спажываньне чалавек, сапраўды, выглядае часам зусім не прывабным. Вось і эканамічныя крызісы здараюцца якраз у выніку гэтай пагоні за багацьцем, дастаткам, дабрабытам, калі вытворчасьць людзі разагналі да такой ступені, што ўжо ня могуць прадаць вырабленае... Але і ў крызісаў ёсьць станоўчыя бакі. На замежных рынках рэзка зьнізіўся попыт на драўніну. У выніку сьціхлі пілы ў многіх беларускіх леспрамгасах. І беларускія лясы атрымалі перадышку. Прынамсі на нейкі час.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG