Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першамайскі раённы суд мае разгледзець справы Алеся Галаваня і Валера Раманенкі, затрыманых 15 студзеня. Больш як двое сутак да суду абодва хлопцы правялі ў ізалятары часовага затрыманьня.

У мінулую пятніцу актывістаў затрымалі на вуліцы нібыта за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Тое, што яны напярэдадні ўжывалі алькаголь, абодва хлопцы адмаўляюць. Больш за тое: Алесь Галавань 15-га студзеня толькі выйшаў са шпіталю, дзе лячыўся ад пнэўманіі, і меў накіраваньне для працягу лячэньня.

На думку сустаршыні аргкамітэту БХД Паўла Севярынца, хлопцаў затрымалі невыпадкова – магчыма, міліцыянты імкнуліся прадухіліць нейкія вулічныя акцыі, прымеркаваныя да 16-га студзеня, Дня салідарнасьці. Да таго ж 16-га студзеня якраз спаўнялася 35 год Сяргею Каваленку, віцебскаму актывісту, які вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы.

Як паведаміла Тацяна Севярынец, актывістка БХД, 16 лютага з ізалятару часовага ўтрыманьня ў інфэкцыйны шпіталь з высокай тэмпэратурай забралі арыштаванага Тараса Сургана, сябра Сяргея Каваленкі. Ён быў асуджаны 15-га студзеня на 7 сутак арышту нібыта за нецэнзурную лаянку. Факт хуліганства актывіст, не аднойчы караны за акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, таксама адмаўляе.
XS
SM
MD
LG