Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое віцебскіх моладзевых актывістаў — у пастарунку


У Першамайскім РАУС знаходзяцца Валеры Раманенка і актывіст стваранай партыі БХД Алесь Галавань. Паводле сустаршыні аргкамітэту стваранай партыі Паўла Севярынца, які паехаў да моладзевых актывістаў у пастарунак, Алеся Галаваня затрымалі нібыта за тое, што ён быў нецьвярозы.

Алесь Галавань толькі сёньня выйшаў са шпіталя і абвінавачаньне міліцыянтаў лічыць беспадстаўным. Ён нават адмовіўся праходзіць мэдычную экспэртызу на алькаголь.

Валера Раманенку таксама вінавацяць у тым, што ён зьявіўся ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Хаця затрымалі яго каля ўласнага пад’езда.

Абодвум актывістам пагражае прабыць у ізалятары часовага ўтрыманьня да суду, які адбудзецца ў панядзелак.

Старшыня віцебскай «Моладзі БНФ» Аляксандар Кузьняцоў распавёў пра верагодныя прычыны затрыманьня актывістаў . Яму патэлефанавалі невядомыя, прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі і заявілі, што хлопца чакаюць непрыемнасьці, калі ён заўтра надумаецца ўзяць удзел у несанкцыянаванай акцыі.

Сапраўды, такая акцыя меркавалася — віцебскія актывісты зьбіраліся віншаваць з 35-годзьдзем Cяргея Каваленку. На той час спадар Каваленка знаходзіўся ў сьледчым ізалятары — за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай гарадзкой ёлцы. Але яго ўжо вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе, і акцыя ля сьценаў ізалятара стала неактуальнай.

Тым ня менш, па словах Аляксандра Кузьняцова, яго сёньня ўвесь дзень суправаджаюць двое невядомых у цывільным з мікранавушнікамі пад вязанымі шапачкамі.
XS
SM
MD
LG