Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 чалавек замерзьлі за навагоднія сьвяты


Алег Панчук
Алег Панчук

145 чалавек пацярпелі ад халадоў за пэрыяд ад каталіцкіх Калядаў. Зь іх 68 былі шпіталізаваныя з дыягназам “пераахалоджваньне”, а дзесяці дапамагаць было запозна, бо яны замерзьлі. У навагоднюю ноч замерзьлі 3 чалавекі: па адным у Віцебскай, Магілёўскай і Берасьцейскай абласьцях.


Пра гэта паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Алег Панчук, начальнік аддзелу мэдыцынскай дапамогі ў надзвычайных сытуацыях Мінздраву краіны.

Паводле дадзеных Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, 1 студзеня адзін чалавек загінуў, праваліўшыся пад лёд. Напярэдадні сьвятаў тры чалавекі, у тым ліку двое дзяцей, загінулі на вадаёме ў Брэсьце. Мужчына, які кінуўся ратаваць дзяцей з вады, патануў разам зь імі. Цела яго дагэтуль ня знойдзена.

У навагоднюю ноч узьнікла 15 пажараў, у тым ліку адзін — ад пэтарды, якая трапіла ў кватэру. За мінулы Новы год пажараў было 19.

Што тычыцца ДТП з удзелам нецьвярозых кіроўцаў, тут паказчыкі амаль удвая меншыя за леташнія. У прыватнасьці, адзначаецца, што 1 студзеня ў Кобрынскім раёне пад коламі аўтамабіля загінуў пешаход, грамадзянін Польшчы.

Паводле першага намесьніка начальніка ўправы аховы правапарадку МУС Аляксандра Барсукова, падчас навагодніх сьвятаў удвая меней, чым летась, было затрымана парушальнікаў грамадзкага парадку, не зарэгістравана забойстваў і кватэрных рабункаў, у некалькі разоў зьменшылася колькасьць пацярпелых ад піратэхнічных вырабаў. Аляксандар Барсукоў зьвязаў гэта з прафіляктычнай працай напярэдадні сьвятаў: незаконна набытых піратэхнічных вырабаў сёлета было канфіскавана ў 5 разоў болей, чым год назад.

Сярод кур’ёзаў навагодніх сьвятаў — затрыманьне ў Менску нецьвярозага Дзеда Мароза, які спрабаваў сваім кіем рэгуляваць дарожны рух.

Падрабязнасьці чытайце пазьней на нашым сайце
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG