Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Традыцыйнае беларускае надвор’е на Каляды і Новы год


Ня так часта цягам апошніх гадоў Новы год радуе нас добрым, па-сапраўднаму зімовым надвор’ем зь лёгкім марозікам, са сьнегам. А літаральна тыдзень таму, на каталіцкія Каляды ліў даволі моцны дождж, сьнегу не было зусім. Што адбываецца з надвор’ем на Новы год і Каляды, якім будзе 2010 год?

Загадчык навукова-дасьледчай лябараторыі экалёгіі і ляндшафту Белдзяржунівэрсытэту, прафэсар Валянцін Яцухна так тлумачыць няўстойлівае надвор’е ў сярэдзіне зімы:

«У нас клімат умерана-кантынэнтальны, пераходны да марскога. Таму ня трэба зьдзіўляцца, што вельмі вагаецца тэмпэратура, вільготнасьць паветра. Гэта так. Але ў апошнія гады гэта зьвязана з тымі глябальнымі зьмяненьнямі клімату, якія адзначаюцца ва ўсім сьвеце. Канечне ж, тэрыторыя Беларусі — не выключэньне, таму мы маем адлігі з маразамі. І гэтых адлігаў, на жаль, становіцца ўсё больш і больш, а марозных дзён становіцца менш».

Ад пачатку 1990-х гадоў Зямля ўступіла ў новую эпоху глябальнага пацяпленьня. Нядаўна ў Капэнгагене адбылася Міжнародная канфэрэнцыя ААН па зьменах клімату, у якой удзельнічалі і беларускія эколягі. І менавіта ў дні працы гэтага саміту, у сьнежні 2009-га прырода паказала свой капрызны нораў.

Галоўны кліматоляг краіны, дацэнт катэдры агульнага землязнаўства геаграфічнага факультэту БДУ Павал Каўрыга распавёў:

«Гэта якраз цэнтар альбо сярэдзіна зімы. Студзень, які насоўваецца, — гэта найбольш халодны пэрыяд у Беларусі. Сьнежань — месяц, калі ўсталёўвацца сьнегавое покрыва, студзень — калі самыя халодныя, марозныя дні. Сёлета сьнежань быў вельмі няўстойлівы па сваім характары надвор’я. Першая дэкада была анамальна цёплай, а другая палова вызначалася халоднымі тэмпэратурамі, значна ніжэйшымі за норму. Але ў цэлым, калі гаварыць пра сьнежань 2009 году, ён быў звычайным месяцам».


На Новы 1940 год было мінус 39,1, у 1984-м — плюс 5,9.


Якімі былі навагоднія і калядныя сьвяты ў розныя гады? На каталіцкія Каляды ў 1892 годзе было мінус 28, а ў 1980-м, амаль праз 100 гадоў — на 34 градусы цяплей: плюс 6. На праваслаўныя Каляды ў Менску ў 1893 годзе было мінус 28,8. А ў 1975 годзе — плюс 6,1.

Абсалютны мінімум 1 студзеня быў зафіксаваны ў 1940 годзе — мінус 39,1°С . Многія памятаюць і люты Новы год у 1978 годзе — мінус 30,5.

Экстрэмальны Новы год у элітным доме


Менавіта ў навагоднюю ноч са многімі людзьмі адбываюцца дзіўныя гісторыі. Я чакала, што славуты беларускі геоляг, акадэмік Радзім Гарэцкі, узгадае навагоднія прыгоды, зьвязаныя з геалягічнай партыяй, экспэдыцыяй. Але акадэмік Гарэцкі распавёў, як перад самым Новым 1978 годам, што быў надзвычай халодным, усяліўся ў новы дом. Зараз той дом назвалі б элітным:

«Я жыву па вуліцы Кульман, 15. Гэты дом у народзе завуць „далярам“. Новы дом, у асноўным туды ўсяліліся акадэмічныя супрацоўнікі. Настаў Новы год. А быў жудасны маразюка — такога з таго часу я і не памятаю. Потым былі Новыя гады то бязь сьнегу, то з дажджом, то ледзь-ледзь прысыпіць. А тады маразюка градусаў 30. І раптам на самы Новы год у нас прарвала трубу каля дома, батарэі зрабіліся халоднымі, сьвятло ледзь міргае, і ўсе мы — акадэмік Дзьмітрыеў побач са мной жыў, Максім Танк, акадэмік Платонаў таксама выскачыў — думаем, як выратаваць сытуацыю. І ў гэтым новым выдатным доме Новы год так і сустрэлі...»

А ў 1984 годзе на Новы год у Менску было плюс 5,9 градусаў. Пра асаблівасьці студзеня распавядае галоўны кліматоляг краіны Павал Каўрыга:

«Студзень — сярэдзіна зімы, найбольш халодны месяць. Менавіта на студзень прыпадаюць самыя нізкія тэмпературы. Рэкордна нізкая тэмпература зафіксаваная каля мінус 40 градусаў. Але такія маразы бываюць рэдка. Сярэдняя ж тэмпература студзеня за шмат гадоў назіраньня складае ўсяго толькі 6,7 градуса».

У першыя тры дні — мароз, на праваслаўныя Каляды — зноў адліга


Канечне ж, нас усіх цікавіць, якое надвор’е будзе ў першыя дні Новага году. Галоўны кліматоляг Павал Каўрыга распавёў:

«Назіраньні мэтэаралягічнай сеткі краіны і сынаптычныя карты паказваюць, што пройдзе сьнег. 2 і 3 студзеня — мінус 5 −10, уначы на 5 градусаў тэмпература будзе паніжацца. Пасьля 3 — 4 студзеня можа адбыцца пацяпленьне».

Калі прааналізаваць надвор’е за шмат гадоў, можна прыйсьці да адной заканамернасьці, перакананы дасьледчык-фальклярыст Янка Крук:

«Я калі быў маладзейшым, таксама гаварыў: вось я памятаю гурбы сьнегу, вуліцы замеценыя былі, мы хадзілі вышэй плоту... Так яно сапраўды было. Але ёсьць шэраг момантаў, якія называюцца цыклічнасьцю: ня толькі цыкль сонца — год, ня толькі цыкль месяцу — 28 дзён. Ёсьць цыклічнасьць на працягу даволі масштабных прамежкаў часу, калі надвор’е быццам бы зьбіваецца, зрушваецца, а потым зноў вяртаецца на гэтыя цыклі. Такія цыклы — прыкладна 33 гады. Таму запытайцеся ў свайго дзеда, ён скажа, так, былі раней зімы суровыя, але, паверце, ёсьць назіраньні, калі на Новы год напоўніцу плюхала, ішоў дождж, усё гэта было. Узгадайце 1960-я гады, потым пацяпленьне пайшло. Затым у 1977 годзе цісканула да мінус 37 градусаў. Шмат гадоў пасьля гэтага мы пражылі, і такога не было...»

Анамальнасьць надвор’я пераходзіць у экстрэмальнасьць


Якія зьмены ў прыродзе ў сувязі з глябальным пацяпленьнем чакаюць Беларусь? Галоўны кліматоляг Павал Каўрыга перакананы:

«Узрастае няўстойлівасьць, анамальнасьць і надвор’я, і клімату ў цэлым.
Што значыць пацяпленьне клімату — гэта значыць назапашваньне энэргіі ў атмасфэры, і гэтая энэргія павінна нейкім чынам нэўтралізавацца.
Гэтая анамальнасьць часцяком выражаецца экстрэмальнасьцю. Што значыць пацяпленьне клімату — гэта значыць назапашваньне энэргіі ў атмасфэры, і гэтая энэргія павінна нейкім чынам нэўтралізавацца. Ідзе пераўтварэньне яе ў нейкія іншыя формы, перш за ўсё, у кінэтычную энэргію. Гэта рухі паветраных мас, якія выражаюцца актыўнай цыклянічнай дзейнасьцю, трапічнымі цыклонамі. А ў нас — буры, летам градабоі, нават сьмерчы ў нашых шыротах».

Загадчык навукова-дасьледчай лябараторыі экалёгіі і ляндшафту Белдзяржунівэрсытэту Валянцін Яцухна кажа:

«Мы ў нейкім сэнсе знаходзімся ў такіх умовах, калі зрушваюцца, зьмяшчаюцца геаграфічныя зоны. І мне, географу, падаецца, што праз пэўны час паўднёвая частка Беларусі стане лесастэпавай зонай. Мы сёньня ўжо бачым, што больш за 240 відаў расьлін, якія маюць тыповае паўднёвае паходжаньне, прыстасаваліся да нашых умоваў. Гэта тычыцца і жывёльнага сьвету. Усё ж такі мы маем вялікія зьмены ў прыродзе, якія абумоўленыя кліматычнымі зьменамі».

Якім будзе надвор’е ў Новым, 2010 годзе, прагназуе дасьледчык, фальклярыст Янка Крук:

«Першыя 12 дзён студзеня мадэліруюць надвор’е на ўвесь год. Якімі будуць, першае, другое, трэцяе і так далей — ад гэтага залежыць і ўсё астатняе. Справа ў тым, што зіма і лета — перагорнутае люстэрка ў дачыненьні адно да другога. Літаральна па датах, па тыднях, па месяцах ідзіце, якім было лета — такой будзе і зіма. Калі летам пякло да 30 градусаў, абавязкова ўзімку будзе 30 градусаў марозу».

Беларускі Зюзя ходзіць басанож


І на заканчэньне — яшчэ адна калядная гісторыя, якую распавяла журналістка Тацяна Мельнічук:

«Сёлета на каталіцкія Каляды мне давялося быць на Пастаўшчыне, а там знаходзіцца сядзіба Зюзі Паазерскага. Я раней нават і ня ведала, што ў нас у Беларусі ёсьць такі адметны Дзед Мароз. Звычайныя Дзеды Марозы — у кажушках, у валёнках ці ботах. А Зюзя — басанож, басанож! Там быў дождж са сьнегам, а ён — басанож. Я была ў жаху: ну ладна, міфічны герой, але ж актор — чалавек. Нават у легендах нічога не сказана, дзе ён свае валёнкі згубіў, але паводле паданьняў, ён заўжды выходзіць з балота — гэта такі Бог зімовы, Бог холаду, выходзіць басанож, кажух павінен быць расшпілены, і вось так аскетычна ён ходзіць па ўсіх беларускіх вёсках. У яго абавязкова ёсьць булава, і ён гэтай булавой па ўсіх хатах павінен грукаць. Можа, чулі, як узімку ў драўляных хатах трашчаць гэтыя вуглы, таму што мароз па іх грукае? Гэта не Мароз, гэта Зюзя. Басанож ён будзе хадзіць аж да першай травы».
XS
SM
MD
LG