Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомель: мерзьнем ад Калядаў і да Калядаў


Аварыя на вуліцы Пушкіна.

Аварыя на вуліцы Пушкіна.

Сёньня ў Цэнтральным раёне Гомеля чарговы раз адключылі ацяпленьне. Без абагрэву застаюцца больш як дзесяць дамоў на вуліцах Савецкая, Пушкіна, Сялянская, Валатаўская, Садовая. Гэта ўжо трэцяе адключэньне за апошні тыдзень. Папярэднія два прыпалі на самыя моцныя маразы.

Адключэньне цяпла камунальнікі тлумачаць парывамі цеплатрасы ля будынку № 22 на вуліцы Пушкіна, дзе разьмяшчаецца ведамасная паліклініка Гомельскай управы КДБ. Раскопкі тут вядуцца з 17 сьнежня.

Паказальна, што ў мінулым студзені, акурат на праваслаўныя Каляды, у гэтым месцы таксама парвала цеплатрасу. Камунальнікі ЖЭУ-1 тлумачылі мясцовым жыхарам, што ўлетку заменяць гнілую цеплавую нітку. Але ўлетку, праўдападобна, бакі аціралі. Надышлі каталіцкія Каляды — і на Пушкіна зноў капаюць. Тут нібыта насамрэч нейкая анамальная камунальна-батальная зона. Гараджане, што жывуць побач, расказваюць, што гэтую цеплатрасу за апошнія два дзесяцігодзьдзі рамантавалі зь дзясятак разоў.

Насупраць разьмешчаны абласны музэй вайсковай славы, дзе сабраныя танкі, пушкі, летакі ды іншая адноўленая вайсковая тэхніка савецкай арміі.

Разрытая цеплатраса, клубы пары з-пад зямлі на фоне гарматаў і танкаў прыдаюць гарадзкому пэйзажу несуцешны батальны выгляд.

На добры лад, цеплатрасу трэба было заадно рамантаваць і на тэрыторыі музэю. Аднак адміністрацыя й гарадзкія ўлады супынілі фронт работ ля музэйнай брамы: кажуць, не падрыхтаваныя да камунальнага штурму.

Пэўна, чакаюць наступных Калядаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG