Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест «нафтавай вайны» — зьмяншэньне коштаў на бэнзін?


Расейскі бок спадзяецца 30-31 сьнежня падпісаць зь Беларусьсю пагадненьне пра часовыя пастаўкі нафты ў 2010 годзе. Ці чакаюць у Беларусі «газавай» або «нафтавай» вайны з Расеяй?

Беларусь і Расея пакуль не дамовіліся ў справе паставак энэрганосьбітаў у 2010 годзе. На нядаўняй прэс-канфэрэнцыі расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў адзначыў, што адна і тая ж рабочая група вядзе перамовы зь беларускім бокам адносна паставак і газу, і нафты.

У «Газпроме» нагадваюць, што кантракт, падпісаны раней у гэтай справе, дзейнічае дагэтуль. Прадстаўнік канцэрну Сяргей Купрыянаў сказаў карэспандэнту «Свабоды», што Беларусь атрымае газ «па добрай цане». Магчымасьць захаваньня йльготных паставак, якія вяліся сёлета, ён пакінуў без камэнтароў. Беларускі бок настойвае на іх працягу.

На пытаньне карэспандэнта «Свабоды», па якой цане Беларусь будзе мець газ у наступным годзе, намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец сказаў:

Вы вось хвалюецеся так, па якой цане заўтра будзе прададзены трактар? Чакайце, даведаецеся.
«Што гэта вас так хвалюе? Вы вось хвалюецеся так, па якой цане заўтра будзе прададзены трактар? Чакайце, даведаецеся».

Пасол Сурыкаў не чакае праблемных сытуацый у навагоднюю ноч у справе паставак расейскага газу ў Беларусь. Іншая справа з нафтай. Паводле віцэ-прэм’ера Расеі Ігара Сечына, пагадненьне мяркуецца падпісаць у найбліжэйшыя дні. Праца ідзе ва ўмовах цэйтноту, беларускаму боку накіраваныя прапановы. Калі дакумэнт не падпішуць, сказаў журналістам спадар Сечын, то ад 1 студзеня застанецца звычайны рэжым з выплатай афіцыйным Менскам ста працэнтаў мытных плацяжоў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначыў:

«Я думаю, што вайны ня будзе, бо формула цаны на газ вызначана даўно. А што тычыцца нафты, то Расея паабяцала ўвесьці мыта на нафту, якая ідзе на Захад у выглядзе нафтапрадуктаў. Але нашы будуць да апошняга адбівацца. Я думаю, што Расея як меркавала, так яна і ўвядзе гэтае мыта».

Паводле дырэктара аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, чакаць «газавай» ці «нафтавай» вайны было б глупствам як для Крамля, так і для Аляксандра Лукашэнкі, бо зусім нядаўна падпісалі пагадненьне аб Мытным саюзе:

«Вядомы расейскі палітык Сечын як віцэ-прэм’ер заявіў меркаваньне расейскага ўраду, што Беларусі будуць прадаваць у год 7 мільёнаў тон нафты па ўнутраных цэнах. Гэта сярэдняе спажываньне нафты ў краіне. І калі гэта будзе рэалізавана, ёсьць магчымасьць на 2010 год мець для ўнутранага забесьпячэньня танную нафту, што павінна прывесьці да зьмяншэньня цаны на бэнзін да расейскага ўзроўню — амаль да 70 цэнтаў. Таму трэба чакаць не вайны, а зьмяншэньня цаны на бэнзін, калі беларускі ўрад вядзе сябе прыстойна адносна сваіх грамадзянаў. З газам тое ж самае. Добрым тэстам будуць кватэрная плата і цэны на бэнзін».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG