Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкая акупацыя Аўганістану: змарнаваныя гады і загубленыя жыцьці


30 гадоў таму кіраўніцтва Савецкага Саюзу прырыхтавала Захаду “калядны падарунак” – увяло савецкія войскі ў Аўганістан.

Праз некалькі дзён у выніку спэцапэрацыі ва ўласным палацы ў Кабуле спэцназаўцы забілі тагачаснага прэзыдэнта Хафізулу Аміна, а на вакантнае месца быў пасаджаны крамлёўскі стаўленік Бабрак Кармаль. Наступныя 10 гадоў савецкія войскі аказаліся ўвязаныя ў вайну ня толькі з мясцовымі партызанамі-муджахедамі, але і ўскосна з усім заходнім сьветам, які шчодра фінансаваў антысавецкі супраціў.

За дзесяцігодзьдзе савецкай ваеннай прысутнасьці ў Аўганістане беларускія ваенкаматы накіравалі ў “гарачую кропку” 32 тысячы прызыўнікоў. Каля 800 зь іх загінулі, 12 зьніклі бязь вестак, больш за 700 вярнуліся інвалідамі. Сёлета маладыя вэтэраны атрымалі юбілейныя мэдалі да 20-годзьдзя вываду “абмежаванага кантынгенту” з Аўганістану. Аднак некалькі дзясяткаў чалавека публічна адмовіліся ад узнагароды. Сярод іх – мастак Алесь Пушкін, які выступае супраць узьвядзеньня “аўганцаў” у ранг герояў:

Алесь Пушкін
“Сапраўды, ёсьць людзі, якія сталі калекамі. Ёсьць тыя, хто хадзіў на баявыя заданьні, ставіў міны, адстрэльваўся ад душманаў, бачыў сьмерць таварышаў. Але самае жахлівае, што ўсе гэтыя людзі, якія прыйшлі з акупацыйнай арміі, крышачку абнаглелі. Давайце разважаць: малады чалавек у 18 гадоў прызваны на вайсковую службу. Адслужыў 2 гады, зь іх 1,5 года ў Аўганістане, бо паўгода была “вучэбка” (у мяне школа малодшага авіяцыйнага спэцыяліста, а потым 1,5 года ў вэрталётным палку ў Кундузе). І вось ты вяртаесься з войска ў 20 гадоў, наперадзе ў цябе – цэлае жыцьцё, 50 гадоў дзейнасьці да 70 гадоў. Станавіся лекарам, нараджай 5 дзяцей, будуй 17 дамоў, адкрывай 20 фірмаў, альбо хоць бы адну. Пішы абразы, пішы кнігі, раманы, абараняй доктарскую ступень. Ўсё гэта – наперадзе ў тваім жыцьці. Гэта падарунак лёсу! Але мы назіраем іншае: наша грамадзтва прызвычаілася, што заўсёды ёсьць вэтэраны. І памаленьку паміраючых вэтэранаў ІІ Усясьветнай вайны замяшчаюць мардастыя, дужыя дзядзькі гадоў па 45-50, якія на гэтым пачынаюць паратызаваць”.

Як згадаў Алесь Пушкін, тэрмін знаходжаньня савецкіх вайскоўцаў у Аўганістане быў акрэсьлены адмысловымі інструкцыямі: ня болей за 2 гады для афіцэраў і 1,5 году для сяржантаў і шарагоўцаў. Але выконвалася патрабаваньне не заўсёды. Баявы афіцэр Андрэй Івонін агулам прабыў у гарачай кропцы 5 гадоў, у складзе байцоў Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі браў удзел у захопе палацу Хафізулы Аміна. Мае два ордэны Чырвонай Зоркі, мэдалі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. І дагэтуль перакананы ў неабходнасьці і справядлівасьці тагачаснай місіі:
Мы туды калі прыехалі, скажам так, па-мірнаму...

“Наша дывізія ня толькі нямала зрабіла падчас той кампаніі, а была ўвогуле адной зь лепшых. Мы туды калі прыехалі, скажам так, па-мірнаму, то там ужо знаходзіўся фэрганскі полк. Стаялі яны ў Баграме, на аэрадроме ў Кабуле; былі пераапранутыя ў аўганскае адзеньне, вялі там абсалютна мірны лад жыцьця. Іх ніхто не крыўдзіў, яны таксама нікога не крыўдзілі. А ўжо калі ўвайшла дывізія, узьнялася інфармацыйная хваля і ўсё абазвалася “ўтаржэньнем”. І тое мы туды ціха прыляцелі, нават па радыё нічога ня чулі, неяк цішыня на гэты конт была. А вось ужо калі пайшла асноўная маса Ўзброеных сілаў, пяхота пачала ўваходзіць 27-28 сьнежня, тады пачалася ўся шуміха наконт ўварваньня і іншага бязьмежжа. То бок, дні праз 3-4 пасьля нас, калі мы ўжо ўсе свае месцы занялі і ўсё амаль устаялася. Дык вось калі пайшла пяхота, тады ў сьвеце стаўленьне да ўводу войскаў рэзка зьмянілася”.

Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў -- пасьлядоўны крытык савецкай акупацыі Аўганістану, за што мусіў доўгія гады ня толькі несьці дысыдэнцкі крыж, але ў статусе “палітычнага” сядзеў па турмах. На яго думку, Аўганістан у выніку стаў своеасаблівым пляцдармам, на якім адпрацоўваліся навыкі падаўленьня “іншадумства” у пазьнейшыя часы:

Сяргей Кавалёў
“Было тое, што, паводле лёгікі, і павінна было адбывацца: акупацыя, жахлівыя рэпрэсіі, бессаромна зьверскія расправы. Увогуле мы пазнавалі азы таго, што потым пачалі ўжываць на ўласнай тэрыторыі, у прыватнасьці ў Чачні. А тады зьнішчаліся цэлыя пасяленьні аўганскія, не было ніякай мяжы паміж мірным насельніцтвам і атрадамі муджахедаў. Зноў жа, чаму яшчэ навучыліся ў Аўганістане? Жорсткаму марадэрству і бандытызму, зьнішчэньню людзей проста па нацыянальнай прыкмеце – без суда і сьледзтва. Паводле, так скажам, “апэратыўнай неабходнасьці”, якая “ўзбрэндзіла” у галаву любому ваенаначальніку. Вось, уласна кажучы, што там адбывалася”.

Савецкія страты на тэрыторыі Аўганістану наблізіліся да 15 тысяч чалавек. Сярод ахвяраў былі і цывільныя асобы: журналісты, кінэматаграфісты, будаўнікі, лекары. Зьніклі бязь вестак ці трапілі ў палон блізу паўтысячы вайскоўцаў, раненьні атрымалі амаль 50 тысяч. Забітых аўганцаў – у процістаяньні з савецкімі войскамі і ўрадавымі падразьдзяленьнямі – ня менш за мільён чалавек. Якой магла быць канчатковая статыстыка, каб не рашэньне ў 1989 годзе згарнуць няўдалы экспэрымэнт, можна толькі здагадвацца. Незадоўга да сваёй сьмерці ў інтэрвію Радыё Свабода апошні амбасадар СССР у Аўганістане Юлій Варанцоў гаварыў, што практычна ўся аўганская кампанія была пабудаваная на памылках. Памылкай ён называў і спробу амэрыканцаў “выхаваць” талібаў амаль па савецкаму сцэнару:
Баяліся, што туды высадзяцца амэрыканцы і пераўтвараць Аўганістан у адну са сваіх ваенных базаў на поўдні Савецкага Саюз ...

“Баяліся, што туды высадзяцца амэрыканцы і пераўтвараць Аўганістан у адну са сваіх ваенных базаў на поўдні Савецкага Саюзу. Памылковы погляд, бо нікуды амэрыканцы не зьбіраліся высаджвацца. Але хтосьці камусьці падкінуў такую ідэю і пасьпяшаліся хутка-хутка ўвесьці войскі, каб апярэдзіць амэрыканскі ход. Таксама было непатрэбна, таксама было памылкова. То бок, памылак хапала ва ўсёй гэтай справе. Зрэшты, як у наш час з боку тых жа амэрыканцаў. Калі нас туды ўцягнула памылковае ўяўленьне пра тое, што будзе адбывацца, ды яны ўвайшлі туды па добрай волі. Амэрыканцы ўлезьлі з абсалютна адкрытымі вачыма, яўна не чакаючы таго, што атрымалі. Думалі, што тамтэйшыя сустрэнуць іх з кветкамі, распасьцёртымі абдымкамі і г.д. А ў выніку атрымалі вунь што, ніяк гэта спыніцца ня можа. Таму ў іх памылка была сьвядома дапушчаная, гэта факт. У нас жа, канечне, уцягнутасьць была шмат у чым вымушаная. Але, як на маё перакананьне, у амэрыканцаў справы горшыя, чым колісь былі ў нас”.

Навесьці парадак у сучасным Аўганістане спрабуюць сілы НАТО. Дзясяткі тысяч вайскоўцаў з усяго сьвету нясуць службу ў гэтай краіне і, як мяркуюць ня толькі яны самі, канца гэтай місіі ня бачна. Між тым міністар абароны Літвы Раса Юкнявічэне ў нядаўняй гутарцы зь беларускімі журналістамі выказала “стрыманы аптымізм” адносна падзеяў у Аўганістане, адзначыўшы, што пэўны прагрэс у мірным працэсе відавочны:

Раса Юкнявічэне
“Усё залежыць ад рэгіёну, бо Аўганістан вельмі не маналітны. Мы больш атрымліваем зьвестак з тых рэгіёнаў, дзе ідзе вайна. А вось у Чагчаране, у правінцы Гор, дзе базуюцца нашы салдаты (а ў розных рэгіёнах розныя дзяржавы адказныя за стабільнасьць сытуацыі і аднаўленьне), дык там сытуацыя абсалютна нармальная. Магу толькі пастукаць па дрэву. Там няма талібаў, там людзі хочуць жыць, хочуць, каб у іх былі школы, шпіталі, усё тое, што ёсьць у іншых краінах. І яны зацікаўленыя, каб мы былі там, каб іншыя дзяржавы былі ў іншых правінцыях. Я бачыла там шмат пазытыўнага. Але пра гэта ніхто ня піша і не паказвае, паказваюць толькі калі людзей забіваюць і г.д. Натуральна, усялякае можна ўбачыць у Аўганістане, але я ўсё ж зьяўляюся “асьцярожным аптымістам”. Канечне, гэта надоўга, канечне, Аўганістан – гэта не Эўропа. Калі ў Косаве стаіць яшчэ місія НАТО, 10 гадоў ужо – дык гэта ж эўрапейская дзяржава, людзі з адукацыяй. А там толькі 30% ці нават меней умеюць пісаць і чытаць. Так што гэта зусім іншы сьвет”.

Міжнародныя сілы забесьпячэньня бясьпекі ў Аўганістане пад кіраўніцтвам НАТО складаюцца з войск 44 краінаў. Агульная колькасьць ваеннаслужачых перавышае 80 тысяч. Асобна дысьлякаваныя 20 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў, колькасьць якіх бліжэйшым часам плянуецца істотна павялічыць. Дзеля параўнаньня: ад сьнежня 1979 году да лютага 1989-га праз Аўганістан прайшлі 620 тысяч савецкіх вайскоўцаў, яшчэ 20 тысячаў працавалі на цывільных пасадах. Штогадовая савецкая прысутнасьць складала 80-100 тысяч вайскоўцамі і 10 тысяч цывільнымі асобамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG