Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аўганцы” адмаўляюцца ад юбілейных узнагародаў


Вывад савецкіх войскаў з Аўганістану. Травень 1988-га.

Вывад савецкіх войскаў з Аўганістану. Травень 1988-га.

Старшыня аргкамітэту па стварэньні аб’яднаньня вэтэранаў баявых дзеяньняў Аляксандар Камароўскі і ягоныя паплечнікі адмаўляюцца ад узнагародаў з нагоды 20-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану.


Госьць ранішняга эфіру -- Аляксандар Камароўскі, падпалкоўнік у адстаўцы, служыў у Аўганістане ў 1981-1982 гадах у транспартнай авіяцыі. Цяпер – старшыня аргкамітэту па стварэньні Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў баявых дзеяньняў “Абаронцы Айчыны”. Жыве ў Жодзіне.

Ганна Соўсь:
Спадар Аляксандар, Вы, былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч і праваабаронца Алег Волчак накіравалі ліст прэзыдэнту і прэм’еру Беларусі, у якім адмаўляецеся прыняць юбілейныя ўзнагароды з нагоды 20-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану. Патлумачце чаму?

Аляксандар Камароўскі
Аляксандар Камароўскі:
Прычына простая. Справа ў тым, што ў Беларусі наша катэгорыя вэтэранаў аўганскай вайны і іншых лякальных войнаў нават у адносінах да краінаў СНД знаходзіцца ў больш незадавальняючым стане. У нас дагэтуль няма статусу ўдзельніка вайны. Няма пасьведчаньня дзяржаўнага ўзору ўдзельнікаў баявых дзеяньняў, няма льготаў. Былі некаторыя льготныя нюансы, і тыя былі зьнятыя ўказам прэзыдэнта. І ёсьць яшчэ такі момант, як умяшаньне ў справы грамадзкіх аб'яднаньняў з боку чыноўнікаў, бюракратыі і спэцслужбаў. Гэта нам не падабаецца, і з гэтай прычыны мы замарозілі сваё рашэньне аб прыняцьці дадзеных узнагародаў.

Соўсь:
Існуюць некалькі арганізацый былых воінаў-аўганцаў. У чым адметнасьць вашай стваранай арганізацыі? Чым яна адрозьніваецца ад іншых?

уявіце, што 100 тысячаў чалавек іншай нацыянальнасьці, напрыклад, аўганцы, барадатыя, ў сваіх вопратках, будуць знаходзіцца ў Беларусі і дапамагаць, напрыклад, нейкаму палітычнаму рэжыму. Як будзе ўспрымаць беларускі народ? Натуральна, як ворагаў і будзе іх “мачыць” па поўнай праграме
Камароўскі:
Наша каманда, можа, адрозьніваецца крыху ад іншых сваімі поглядамі. Наша рашэньне ня ёсьць нейкім эканамічным рашэньнем. Мы, у прынцыпе, ня вельмі чакаем ад дзяржавы нейкіх фінансавых ільготаў, нас больш цікавіць маральны бок пытаньня. Каб чалавек меў пасьведчаньне, каб быў прызнаны ўдзельнікам вайны і каб ён на ўзроўні чыноўнікаў мог неяк больш станоўча вырашаць усе свае сацыяльныя і бытавыя пытаньні. А ёсьць людзі, якія таксама, знаходзячыся ў арганізацыі і ў кіраўніцтве аўганскіх структураў, зьяўляюцца чыноўнікамі, скажам так, прыкормленыя людзі, і ў іх на гэтай глебе крыху адрозныя погляды ад нашых. Мы не залежым ні ад каго.

Ганна Соўсь
Соўсь:
Спадар Аляксандар, вы ваявалі ў Аўганістане ў 1981-82 гадах. Ці лічыце вы тую вайну справядлівай?

Камароўскі: У адносінах да аўганскага народу, канечне, несправядлівая, і ў адносінах да нашых людзей, якія ў ёй удзельнічалі, таксама несправядлівая. Вось, напрыклад, Беларусь, сувэрэнная, незалежная краіна, і вы ўявіце, што 100 тысячаў чалавек іншай нацыянальнасьці, напрыклад, аўганцы, барадатыя, у сваіх вопратках, будуць знаходзіцца ў Беларусі і дапамагаць, напрыклад, нейкаму палітычнаму рэжыму. Як будзе ўспрымаць беларускі народ? Натуральна, як ворагаў, і будзе іх “мачыць” па поўнай праграме. У такой жа сытуацыі былі і нашы салдаты там, і мы. Акрамя таго, выконваючы вельмі небясьпечную працу, баявую працу, мы не заўсёды на месцах, па прыбыцьці, адчувалі ўвагу дзяржавы. Яе проста не было. Калі былі нейкія арганізацыі, накшталт нашай, якая лбом прабівала гэтую сьцяну, дапамагалі неяк людзям. А так стаўленьне было няважнае. Што і сёньня адбываецца.

Соўсь: Мінула 20 гадоў, як вывелі савецкія войскі з Аўганістану. Наступствы той вайны -- псыхалягічныя, фізычныя -- дагэтуль адчуваюць людзі, якія там служылі?

Камароўскі:
Канечне, дагэтуль. Людзі выміраюць. У нас прыкладна 35 тысячаў сем'яў жыве ў Беларусі тых асобаў, якія служылі ў Аўганістане, і 5 тысячаў -- у іншых рэгіёнах. Прыкладна 35 працэнтаў памерлі ад хваробаў у выніку раненьняў, атрыманых там. Прычым людзі паміраюць маладымі, ва ўзросьце да 40-50 гадоў. Франтавыя нагрузкі безь сьлядоў не праходзяць.

Соўсь: Мастак Алесь Пушкін у сярэдзіне 1980-х быў накіраваны ў Аўганістан, дзе адслужыў 1,5 года ў Кундузе. Ягоную пазыцыю выслухаў Ігар Карней.

Алесь Пушкін
Алесь Пушкін перакананы: ніякіх заслугаў перад Беларусьсю “аўганцы” ня маюць. Па-першае, кажа Пушкін, салдаты і афіцэры выконвалі злачынныя загады кіраўніцтва ўжо неіснуючай краіны -- СССР. Па-другое, у той вайне савецкія войскі выступалі ў ролі акупантаў:

“Мы забываемся на адну вельмі істотную рэч. Вайна тая была чужая, імпэрская. Беларусь вымушана паслала сваіх сыноў абараняць імпэрскія інтарэсы Савецкага Саюзу ў Аўганістане. А нам гэта ня кажуць. Увесь час адных вэтэранаў зьмяняюць іншыя. І тыя, хто сапраўды абараняў сваю зямлю ад нашэсьця фашызму, карычневай чумы, памаленьку замяняюцца людзьмі, якія калісьці самі былі акупантамі. Ня трэба ніколі забывацца: мы былі там акупантамі, няпрошанымі гасьцямі. Але вось гэтая істотная рэч пакрысе сьціраецца, людзі паступова прызвычайваюцца да думкі: павінны якіясьці на трыбуне стаяць вэтэраны, нейкія хлапцы, такія “баявыя” і г.д. Але ня трэба біць сябе ў грудзі, што ты калісьці быў акупантам”.

Вайна тая была чужая, імпэрская. Беларусь вымушана паслала сваіх сыноў абараняць імпэрскія інтарэсы Савецкага Саюзу ў Аўганістане. А нам гэта ня кажуць.
На думку Алеся Пушкіна, шмат хто з былых “інтэрнацыяналістаў” марыць паступова замяніць вэтэранаў Другой сусьветнай вайны, якіх застаецца ўсё меней. Менавіта дзеля гэтага актывістам “аўганскага руху” неабходныя дзяржаўнае прызнаньне і абавязковыя ў такіх выпадках рэгаліі. Аднак, на думку Пушкіна, гаворка можа весьціся выключна пра кампэнсацыю рэальна пацярпелым у той вайне:

“Ня трэба патрабаваць бясконца якіхсьці ільготаў, якіхсьці мэдалёў, нагадваць пра сябе грамадзтву лішні раз. Калі ты не паранены, калі жывы-здаровы – радуйся! Іншая справа, калі ў цябе няма нагі, няма рукі, сапраўды цяжкія хваробы – жаўтуха, тыф, бо мы ўсе там хварэлі на гепатыт -- тады аддзелы сацыяльнага забесьпячэньня павінны даць альбо машыну, альбо льготнае жыльлё ў сваім горадзе. Узгадваю ліхія 1990-я, калі ў Магілёве “аўганцы” збудавалі дом, як займаліся ценявым бізнэсам. Колькі іх пасадзілі ў Менску за сьпіртовыя, гарэлачныя справы. Колькі проста крымінальных злачынстваў. Бо чалавек, прыйшоўшы ў 20 гадоў з вайны, чамусьці ў той вайне і застаўся. Не захацеў скончыць ВНУ, не захацеў займацца стваральнай працай. Лічу, што пакрысе трэба забывацца на тую вайну, а людзям, якія за яе адпакутавалі і атрымалі калецтвы, дзяржава павінна ўсё кампэнсаваць. Няма нагі – дайце машыну. Жыльлё камусьці патрэбна – таксама ўсё зразумела. Праезд бясплатны зрабіць – згодны. Але прыраўноўваць да воінаў, якія абаранялі нашу зямлю ад агрэсара з захаду, канечне, нельга”.

20 гадоў таму, яшчэ ў савецкай Беларусі, Алесь Пушкін ўчыніў беспрэцэдэнтны “дэмарш”, адмовіўшыся ад знакаў пашаны за службу ў Аўганістане. Ад таго часу ягоная пазыцыя не зьмянілася:

У 1989 годзе нас, 400 аўганцаў, выклікалі ў Першамайскі райкам партыі ўзнагароджваць у сувязі з вывадам савецкіх войскаў з Аўганістану -- дыплёмам ганаровага ваеннаслужачага, мэдалямі “Ад удзячнага аўганскага народу” ў сувязі з вывадам “абмежаванага кантынгенту”. Я тады адзіны ўстаў і сказаў: вы нас сёньня сабралі, пра інтэрнацыянальны доўг згадваеце. А заўтра ў Эстоніі інтэрнацыянальны доўг прадэманструеце, у Латвіі; зноў нас туды пашляце. Таму я адмаўляюся ад гэтых ільготаў, ад гэтых мэдалёў. І паклаў на стол ваенны білет, пасьведчаньне аб льготах і ўсе ўзнагароды. Тут жа выскачыў маёр і закрычаў: “Смотрите на него! Он ничего не ценит, он своим поступком насрал на могилы погибших парней. Ребята, не берите с него пример”. Я выйшаў з залі адзін… У маім ваенным білеце ёсьць запіс: “От наград правительства ДРА и советского командования отказался”. Дагэтуль у маім ваенным білеце ёсьць гэты запіс”.

Соўсь:
Вось такая пазыцыя мастака Алеся Пушкіна. Спадар Камароўскі, як вы ставіцеся да меркаваньня і ўчынку Алеся Пушкіна, які адмовіўся ад мэдаля, што вы таксама зараз хочаце зрабіць?

Тое, што ён зрабіў тады з мэдалём -- гэта ягоная асабістая пазыцыя, і зрабіў ён слушна, і слушна ён робіць у прынцыпе і сёньня . Я пазыцыю яго паважаю, але ў нечым зь ёй ня згодны
Камароўскі:
Я даўно ведаю Алеся Пушкіна. Гэта сумленны хлопец ва ўсіх адносінах. Але крыху ня згодны зь ім. Ёсьць моманты, што згодны. Няхай Алесь не забывае, што мы там былі не па сваёй волі, выконвалі загад камандаваньня. І мы на розных з Алесем пазыцыях знаходзімся, таму што ён адказвае толькі за сябе, як просты чалавек, салдат, а я адказваю яшчэ за тых людзей, якія ўваходзяць у арганізацыю. Мне як, скажам, камандзіру грамадзкага руху трэба вырашаць грамадзкія пытаньні, трэба дапамагаць сем'ям, трэба дапамагаць тым хлопцам, якія хворыя. Трэба іх вылечыць, працаўладкаваць, дапамагчы іхнім дзецям паступіць і знайсьці інтэрнаты і гэтак далей. З агульнай тэндэнцыяй я згодны зь ім, што гэта было ўсё так, але салдат, афіцэр, які ваяваў у Аўганістане, ён невінаваты ў гэтым. Дзяржава павінна яму падставіць плячо і па ўсіх пазыцыях дапамагчы ў жыцьці. Гэта іншыя палітычныя пытаньні -- не дапускаць, каб мы ў Эстонію, Латвію ўступілі і гэтак далей, гэта з другой тэмы, з другога часу... Але мы павінны абараніць таго салдата, маці загінулага салдата, якія жывуць у Беларусі.

А тое, што ён зрабіў тады з мэдалём -- гэта ягоная асабістая пазыцыя, і зрабіў ён слушна, і слушна ён робіць у прынцыпе і сёньня . Я пазыцыю яго паважаю, але ў нечым зь ёй ня згодны.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG