Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў таму пачалася самая зацяжная і безвыніковая вайна ў гісторыі Савецкага Саюзу


Ігар Карней, Менск У сярэдзіне сьнежня 1979 году Палітбюро ЦК КПСС у складзе Брэжнева, Андропава, Грамыкі, Суслава, Усьцінава ды іншых ухваліла пастанову “Да становішча ў Аўганістане”. Сутнасьць яе зводзілася да сілавога адхіленьня ад улады самаабвешчанага ў выніку ваеннага перавароту кіраўніка Аўганістану Хафізулы Аміна і прызначэньня на ягонае месца па-прасавецку арыентаванага Бабрака Кармаля. Для гэтага было вырашана накіраваць у Кабул савецкія войскі.

25 сьнежня 1979 году спэцыяльна сфармаваная 40-я армія ўвайшла ў Аўганістан. Праз два дні, пры штурме ўрадавага палацу Тадж-Бэк, Амін быў забіты. Аднак плянаваная на кароткі час камандзіроўка савецкага кантынгенту расьцягнулася амаль на дзесяць гадоў.

Цяпер у Беларусі жыве больш за 20 тысяч вэтэранаў-аўганцаў. Як яны, іхныя родныя, а таксама цяперашнія ўлады ўспрымаюць тыя падзеі?

Аўганская кампанія рыхтавалася ў рэжыме падвышанай сакрэтнасьці. Пра пляны кіраўніцтва Савецкага Саюзу ведалі толькі набліжаныя да высокіх асобаў вайсковыя дарадцы ды партыйныя ідэолягі. Што ўжо казаць пра шараговых выканаўцаў крамлёўскіх задумаў, якіх ніхто й не зьбіраўся інфармаваць: куды і навошта іх адпраўляюць. Вось успамін Андрэя Івоніна, вайскоўца 57-га паветрана-дэсантнага палка, дысьлякаванага ў Віцебску. Івонін быў сярод тых, каго паслалі ў Аўганістан у ліку першых.

(Івонін: ) “Нас паднялі 11 сьнежня ўначы. Натуральна, мы ня ведалі – ні куды, ні навошта, ні чаму. Адляталі з-пад Воршы, скажам так, у невядомасьць. Парашуты з намі былі, мы былі цалкам экіпаваныя для выкананьня незразумелай задачы. Куды мы ляцелі, ніхто ня ведаў. Тады Ірак з Іранам канфліктавалі, і мы нават думалі, што, можа, і ў тыя краі. Тым больш барэты з сабой далі, хоць на дварэ ўжо стаяў жахлівы мароз. Паляцелі мы далей у Казахстан. І ўжо там адчулі да сябе нейкае асаблівае стаўленьне. Звычайна ніхто нікому не патрэбны, а тут нам фільмы кожны дзень, канцэрты, лазьні, бялізна першай катэгорыі. Іншымі словамі, зразумелі, што яшчэ далей паляцім, але куды канкрэтна – ня ведалі”.

Агулам Івонін прабыў у Аўганістане пяць гадоў – палову ад усёй вайны. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай зоркі, мэдалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Расказвае, што ў 1979 ляцелі туды літаральна на некалькі дзён – замяніць Аміна на Кармаля. Чаму ўрэшце камандзіроўка зацягнулася амаль на дзесяцігодзьдзе?

Былы амбасадар Савецкага Саюзу ў Аўганістане Юлій Варанцоў – дарэчы, адзін з самых вядомых савецкіх дыпляматаў – у канцы 1980-х быў афіцыйным рупарам савецкай улады ў гэтай краіне. Аднак Варанцову належыць адна вельмі важная заслуга: менавіта ён у 1988 годзе атрымаў ад лідэраў муджагедаў гарантыі, што тыя ня будуць страляць па савецкіх войсках, якія сыходзяць з Аўганістану. Але чаму “шураві”, як называлі савецкіх вайскоўцаў аўганцы, затрымаліся там так доўга?

(Варанцоў: ) “Кармаль вельмі шмат піў і нічога толкам ад яго не атрымалася. Амін аказаўся вялікім дурнем, які пачаў праводзіць бессэнсоўныя рэформы, імкнучыся апярэдзіць Савецкі Саюз, што было зусім не патрэбна. Трэба было, каб падзеі разгортваліся сваімі тэмпамі – як заўсёды на Ўсходзе – павольнымі. А ён пачаў усё паскараць, пачаў забіваць, прымушаў дзяўчат браць удзел у танцах і асамблеях… Увогуле, нейкая муць пачалася. А яшчэ тое, што пачаў “загульваць” з амэрыканцамі. Часта сустракаўся з амэрыканскім амбасадарам, што вельмі насьцярожыла Маскву. Баяліся, што амэрыканцы пачнуць высаджвацца і пераўтвараць Аўганістан у ваенную базу на Поўдні Расеі. Гэта было памылковае меркаваньне, бо нікуды амэрыканцы не зьбіраліся высаджвацца. Але хтосьці падкінуў такую ідэю і пасьпяшаліся ўвесьці войскі, што было не патрэбна. Так што, памылак хапала”.

Этнічныя аўганцы па-рознаму ўспрымалі прысутнасьць на сваёй зямлі ўзброеных замежнікаў. Хтосьці адразу адышоў на бок апазыцыі, а хтосьці дагэтуль лічыць, што памылкай быў вывад абмежаванага кантынгенту. Вось, у прыватнасьці, што мяркуе аўганскі інжынэр Рахман Сафі Сэйфул, які навучаўся ў Менску, потым ад’ехаў у Кабул, але неўзабаве зноў вярнуўся ў Беларусь.

(Рахман Сафі Сэйфул: ) “Сытуацыя такая была, што маглі ўвайсьці іншыя войскі – пакістанскія, іранскія – што было б яшчэ горш. Але калі “шураві” выйшлі адтуль, фактычна ня вырашаўшы праблему, усё кінуўшы, гэта было нядобра. Колькі забілі, колькі саміх загінула, а што ўрэшце? – “дзякуй усім, за тое, што мы прыехалі, нічога нам больш не патрэбна”. Дзеля чаго яны прыехалі? Дзеля стабільнасьці. Але “стабільнасьць” стала яшчэ горшай. Я пасьля навучаньня прыехаў, працаваў у Кабуле. Але разумееце – вайна ёсьць вайна. З розных бакоў грошы камусьці сыпаліся, а вы, астатнія, жывіце, як хочаце. Вось такое жыцьцё”.

Ад 25 сьнежня 1979-га да 15 лютага 1989-га ў Аўганістане прайшлі вайсковую службу 620 тысячаў чалавек. Яшчэ блізу 20 тысячаў працавалі на цывільных пасадах. Штогадовая савецкая прысутнасьць складала 80 – 100 тысячаў чалавек вайскоўцамі і 10 тысячаў цывільнымі асобамі. У гэтай статыстыцы ёсьць і беларускі сьлед.

За 10 гадоў ваенкаматы накіравалі ў Аўганістан 32 тысячы прызыўнікоў зь Беларусі. Каля 800 зь іх загінулі, 12 зьніклі бязь вестак, больш за 700 вярнуліся дадому інвалідамі. Жыцьцё гэтыя лічбы карэктуе. Сярэдні ўзрост паміраючых аўганцаў – 40-45 гадоў.

Штогод маладыя вэтэраны той вайны хаваюць па два дзясяткі сваіх сяброў. Як кажа маёр Івонін, пасьля Аўгану народу памерла болей, чым за вайну. Пра гэта й статыстыка: паводле апошніх перапісаў, цяпер у Беларусі жыве 21 тысяча воінаў-інтэрнацыялістаў. Прыгадаю, што ўсяго туды накіравалі 32 тысячы беларусаў.

Маё знаёмства з пэнсіянэркай Нінай Навічонак пачалося крыху нечакана. Яна падала мне невялікую скрынку з мэдалямі. Ейны сын Ігар гэтых узнагародаў так і ня ўбачыў, бо стаў ардэнаносцам пасьмяротна. А сваёй маці ў лістох нават не прызнаўся, што за некалькі месяцаў да дэмабілізацыі яго нечакана накіравалі даслужваць з Пскова ў Аўганістан.

(Навічонак: ) “Вось, Гарбачоў ці хто там усе гэтыя паперы падпісвалі –вазьміце. Нашто мне гэтыя ўзнагароды, што яны падавалі?”

(Карней: ) “Пасьмяротна ўсім далі ордэн Чырвонай Зоркі?”

(Навічонак: ) “Так, і вось яшчэ мэдаль “Ад аўганскага народу”... Патрэбен мне народ той... Гэты народ дасюль ваюе, там ніколі, пэўна, ня будзе міру і парадку”.

Цяпер сяброўкамі Ніны Навічонак такія ж гаротныя жанчыны, як і яна сама. У Валянціны Магілеўчык сын Андрэй загінуў у 1984-м – дарэчы, афіцыйныя справаздачы сьведчаць, што менавіта гэты год стаўся “чорным” для беларусаў у Аўганістане.

Андрэю заставаўся месяц да дэмабілізацыі, але ліст пра тое, што хутка дадому, прыйшоў у Менск, калі Андрэй ужо загінуў.

А вось Ларыса Ладуцька дамовілася са сваім Сашам, што той адразу ж напіша, куды трапіў служыць. Ліст, праўда, чамусьці прыйшоў з Узбэкістану, дзе ў вайсковым шпіталі гораду Чэрчык лячылі параненых у Аўганістане. Аляксандар у лісьце да сваякоў напісаў, што паранены ў нагу, але прасіў нічога не расказваць маці. Тая, натуральна, дазналася.

(Ладуцька: ) “На працы як даведаліся, сабралі грошы на дарогу, і мы з пляменьніцай туды паляцелі. Я з Сашам не магла размаўляць – шчыра вам кажу. Рот раскрыю – у мяне зараз жа сьлёзы. А Саша пытаецца: “Мама, а што гэта ты ўсё маўчыш і маўчыш?” Пляменьніца супакойвае: “У мамы горла баліць, дык яна гаварыць ня можа”. О-о-й, Вы ведаеце, колькі я зь ім была, душой адчувала, ведала: я яго бачу апошні раз... Села ў самалёт, і да самай хаты ў сьлязах мылася”.

Паранены ў нагу і вылечаны ў шпіталі Аляксандар загінуў у 1984-м паблізу Баграму.

Якой застанецца аўганская вайна ва ўсясьветнай гісторыі? Гісторык Аляксей Кароль перакананы: фактам у гісторыі ўжо зьніклай краіны аўганская вайна, безумоўна, застанецца. Але, вядома ж, асабліва будуць памятаць яе ў сем’ях, якія, страціўшы сваіх сыноў, сталі асноўнымі ахвярамі палітычнай авантуры.

(Кароль: ) “Што да аўганскай вайны ў гістарычным кантэксьце, то яна цалкам у рэчышчы савецкай традыцыі, ідэі экспарту рэвалюцыі, жаданьня ўсталяваць сваё панаваньне, свой дыктат. Але паколькі ўсё адбывалася ў дзяржаве, якая ішла да свайго фінішу, гэтая вайна была вайной на захаваньне ўплыву ў рэгіёне. І таму ня мела маральнай падтрымкі, перш за ўсё, з боку тых людзей, якія туды шлі. Штучны лёзунг інтэрнацыянальнай дапамогі ня меў працягу ў пачуцьцях, і таму так шмат псыхалягічных зломаў. Невядома было – за што, за якую ідэю людзі былі туды накіраваныя. І людзі ведалі, што дзяцей начальства на тую вайну не адпраўлялі. Галоўным чынам яна ўдарыла па простых савецкіх сем’ях”.

Яшчэ адзін удзельнік той вайны, шараговец 181 верталётнага палка, дысьлякаванага ў Кундузе, мастак Алесь Пушкін свае баявыя ўзнагароды зьмяніў на сьцяг пацыфізму. Цяпер ён, відавочна, адзіны аўганец, які публічна заяўляе: мяне з той ваяўнічай кампаніяй нічога ня зьвязвае.

(Пушкін: ) “Дзяржаўная ідэалёгія не павінна будавацца на аўганскай вайне. Дзяржава павінна аддаць належнае гэтым людзям і адвесьці ім вельмі ціхае і сьціплае месца ў грамадзтве. А калі яны хочуць стварыць нейкія клюбы? Калі будзе беларускамоўны клюб аўганцаў, то й я туды схаджу. Але пакуль што гэта чужыя мне хлопцы”.

(Карней: ) “Тым ня меней яны могуць заняць месца старых вэтэранаў”.

(Пушкін: ) “Дык яны адназначна яго зоймуць. Прычым узьвялічвацца будзе чалавек, які больш за ўсіх забіў аслоў, наўючаных ДШК, больш за астатніх забіў муджагедзінаў, партызанаў. Але ганарыцца тым, што ты ўдзельнічаў у сямі апэрацыях і забіў 17 аўганцаў і 20 вярблюдаў, сядзець у прэзыдыюмах – гэта сьмешна. А жыцьцё ж ідзе. Можна стаць будаўніком, іканапісцам, прадпрымальнікам. Але нехта вырашае астатнія 30 год засядаць ва ўрачыстых прэзыдыюмах... Калі я еду ў электрычцы і кантроль правярае квіткі, нехта, убачыўшы пасьведчаньне, абавязкова зьвяртаецца: дзе служыў? Кажу: “Кундуз”. А той: “А я ў Баграме”. А я гавару: “Ну, і што?” Што мяне родніць з гэтым чалавекам? Калі б ён сказаў: “О, на мове гаворыш”, – я гэта сустрэў бы куды больш прыхільна, чым незразумелае знаёмства”.

Тэрмін знаходжаньня вайскоўцаў у складзе савецкага абмежаванага кантынгенту ў Аўганістане быў акрэсьлены адмысловымі інструкцыямі: ня болей за 2 гады для афіцэраў і паўтара году для сяржантаў і шарагоўцаў. Аднак выконвалася гэтае патрабаваньне не заўсёды. Так, Андрэй Івонін у Аўганістан зрабіў тры “ходкі”. Шарагоўцам браў удзел у захопе палацу кіраўніка Аўганістану Аміна, затым яшчэ двойчы накіроўваўся туды афіцэрам. Аднак у сьнежні 1979-га быў перакананы, што камандзіроўка ў Аўганістан болей, чым на тыдзень, не зацягнецца. З асабістых рэчаў у дэсантным заплечніку Івоніна быў толькі цюбік зубной пасты, сухога пайку – толькі на некалькі дзён. Не было ні бялізны, ні зьменнага адзеньня. Аднак першыя ж дні засьведчылі: ваенная апэрацыя так хутка ня скончыцца. Паводле Івоніна, склалася ўражаньне, што ўсё робіцца на экспромце. Прыкладам, падчас захопу палацу Хафізулы Аміна савецкія спэцпадразьдзяленьні пачалі страляць адзін у аднаго.

(Івонін: ) “Адбывалася ўсё ўначы. Ахову, якая стаяла ля палацу Аміна, “здымаў” так званы “мусульманскі батальён” – гэта пераапранутыя нашыя хлопцы зь сярэднеазіяцкіх рэспублік. Потым туды запусьцілі спэцпадразьдзяленьне “Альфа”, якое працавала ўнутры. Некалькі чалавек загінулі. А ўжо калі пачалі падцягвацца войскі, звонку пачалася нейкая незразумелая сумятня. Недзе сваіх зачапілі: людзі ня ведалі, што ў аўганскім адзеньні могуць быць савецкія хлопцы. У іх на рукавох была прымацаваная нейкая белая палоска – маўляў, гэта свой. Але толкам пра гэта ніхто нікому не расказаў, таму былі ахвяры”.

У выніку штурму палацу Тадж-Бэк Хафізула Амін быў забіты, але тым самым місія войскаў ня скончылася. Скінуўшы тыранію Аміна, савецкія войскі дапамаглі ўсталявацца аўтарытарнаму кіраўніцтву Бабрака Кармаля. Новая ўлада адразу ж пачала рэпрэсіі супраць прыхільнікаў Аміна, што дало перадумовы да новай хвалі грамадзянскага процістаяньня. Неўзабаве апазыцыя абвясьціла Рэвалюцыйнай радзе Аўганістану і савецкай арміі сьвятую вайну – джыгад.

Вядомы расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў, які цягам усёй кампаніі выступаў супраць сілавых мэтадаў навязваньня ўлады, падчас уводу савецкіх войскаў у Аўганістан адбываў тэрмін за антысавецкую прапаганду. Але кажа, што за тымі падзеямі сачыў вельмі пільна.

(Кавалёў:) “У сьнежні 1979-га, калі адбылася гэтая агрэсія, я “сядзеў”. І стаўленьне ў нашай зоне да гэтага акту было цалкам зразумелае: мы нездарма сядзелі там за антысавецкую агітацыю і прапаганду. Людзі, якія цікавіліся падзеямі ў Аўганістане, выдатна разумелі: пасьля зьвяржэньня манархіі Савецкі Саюз стаў востра зацікаўленым бокам. Аўганістан стаў тэрыторыяй, якую вырашылі зрабіць падкантрольнай, прыбраць да рук. Маскоўскія палітыкі паглядзелі, што наладзіць стасункі з Амінам не ўдаецца, і тады была праведзеная гэтая жорсткая, цынічная апэрацыя. Бабрака Кармаля, быццам учыніўшага пераварот і зьмясьціўшага крывавы рэжым Аміна, проста прывезьлі з атрадамі Савецкай Арміі. Але ніякага перавароту ён не рабіў. Пераварот учынілі савецкія спецпадразьдзяленьні, якія выразалі ўсю аўганскую ўрадавую “вярхушку”.

Упершыню пасьля Другой усясьветнай вайны 20-гадовых юнакоў сталі зваць вэтэранамі. Аднак бальшыня вэтэранаў Айчыннай вайны ставіцца да аўганцаў досыць раўніва. Прынамсі, так мяркуе маці забітага салдата Ларыса Ладуцька.

(Ладуцька: ) “Я па радыё чула, як адзін удзельнік вайны выказаўся: ну, знайшлі ваякаў, аўганцаў! Мы ваявалі чатыры гады, а яны год і ўжо хочуць да нас “прымазацца”. Як можна такое сказаць! Ты дачакаўся ўнукаў, праўнукаў, а я нікога ня ўбачыла, ужо забылася на слова “мама”. Здаецца, што мамай ніколі й не была. Ён прыйдзе, і яго ўнукі сустрэнуць, а такіх, як я, хто сустрэне?”

У кінутых аўганцаў ёсьць свая тэрыторыя – так званая “Выспа сьлёз” у Траецкім прадмесьці Менску. Тут яны зьбіраюцца двойчы на год – у гадавіны ўводу ў Аўганістан і вываду зь яго савецкіх войскаў. Зь якімі пачуцьцямі мінаюць помнік у цэнтры сталіцы менчукі? Ці хвалююць іх падзеі аўганскай вайны?

(Менскія мінакі: ) “Выхавана цэлае пакаленьня з “аўганскім сындромам” – па аналёгіі з “в’етнамскім” у амэрыканскіх ветэранаў. Шмат псыхічна хворых, шмат непаразуменьняў з рэальнасьцю”.

“Гэтых салдатаў адразу падставілі, а потым не захацелі зьвяртаць на іх ніякай увагі. У чымсьці гэта, канечне, страчанае пакаленьне і прыкмета таго часу, тых правілаў гульні”.

“Само сабой, гэтая агрэсія проста наблізіла развал, распад краіны, якая называлася Савецкі Саюз. Цалкам, у прынцыпе, лягічны распад”.

“На маю думку, гэтая вайна цалкам бессэнсоўная. Нічога за гэтыя 10 гадоў не дабіліся, толькі нашых хлопцаў загубілі…”.

“На той момант рэзон увесьці туды войскі можа і быў. Але крыху інакш трэба было сябе там паводзіць. Нейкай мэты дасягнулі – і трэба было хуценька згортвацца. А так усё зацягнулі, і ўсё аказалася бессэнсоўна. Гэта ж відавочна: увядзі на нашую тэрыторыю войскі зь іншай дзяржавы, і мы будзем лічыць іх акупантамі, ворагамі, і будзем супраціўляцца. Так атрымалася і ў Аўганістане”.

“У мяне ёсьць некалькі знаёмых аўганцаў. Дык хлопцы пасьля вайны вельмі неадэкватна на ўсё рэагуюць…”.

Цяпер вэтэраны аўганскай вайны, як і іхныя сем’і, трапілі ў зачараванае кола. Іх статус у грамадзтве даволі спрэчны. Людзі не ўспрымаюць іх абаронцамі айчыны, тая аўганская місія выклікае сумнеў. Адвярнулася й дзяржава: аўганцы пазбаўленыя ранейшых ільготаў, апроч праезду ў транспарце. А забітыя на той вайне і ўвогуле не цікавяць ужо нікога, канстатуе Ларыса Ладуцька, якая 20 гадоў таму страціла адзінага сына.

(Ладуцька: ) “Нашыя дзеці загінулі, дык хоць бы за іх далі. Каб ня сорамна хоць было. Цяпер некаторыя пытаюцца: колькі за дзяцей, за сына плацяць? Сорамна сказаць – 57 тысячаў рублёў. Дык гэта майго сына галава каштуе 57 тысячаў? Што гэта такое? “Нямігаўцы” й тое, напэўна, болей атрымліваюць, дык тыя дзеці на гуляньні загінулі. І льготы ім таксама далі, не плацілі не за кватэры, ні за што іншае”.

Людзкія страты Савецкага Саюзу ў ваенных апэрацыях на тэрыторыі Аўганістану склалі 14453 чалавекі – забітымі, памерлымі ад раненьняў і ў выніку надзвычайных здарэньняў. Паранена было 49985 чалавек. Забіта 20 савецкіх цывільных асобаў, сярод якіх кінэматаграфісты, журналісты, будаўнікі, лекары. За той жа час зьнікла бязь вестак ці трапіла ў палон 417 вайскоўцаў: 119 чалавек у розныя гады вызваленыя, 97 зь іх вярнуліся на радзіму. 22 чалавекі дасюль знаходзяцца ў іншых краінах сьвету.

Колькасьць забітых у ваеннай кампаніі аўганцаў – у процістаяньні з савецкімі войскамі, урадавымі падразьдзяленьнямі і ў ходзе племянных сутычак – дасягае ня менш як мільёна чалавек.
XS
SM
MD
LG