Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі засталіся жывымі прыкладна 21 тысяча воінаў-аўганцаў


Радыё Свабода Сямнаццаць гадоў таму савецкія войскі выйшлі з Аўганістану. Да гэтай нагоды прымеркаваны жалобны мітынг на так званай высьпе “Мужнасьці і смутку” ў менскім Траецкім прадмесьці. Апроч таго, заплянаваныя мерапрыемствы ў вайсковых гарнізонах, дзе служаць каля 2 тысяч вэтэранаў аўганскай кампаніі.

Сын Ніны Навічонак стаў ардэнаносцам пасьмяротна. У лістах да маці так і не прызнаўся, што за некалькі месяцаў да дэмабілізацыі яго накіравалі даслужваць з Пскова ў Аўганістан.

(Навічонак: ) “Ігар казаў: мама, як гэта я не пайду ў войска? Ніякага блату мне ня трэба (а была магчымасьць застацца ў вайсковай частцы пры аўтазаводзе). Ён ад ваенкамату скончыў курсы кіроўцаў, і мне прапаноўвалі: можам забраць да сябе, будзе начальніка вазіць. Калі я сказала пра гэта, ён толькі абурыўся: мама, ты што? Я буду нармалёва служыць, як і дзед мой служыў. А ў мяне бацька таксама загінуў, у 1944-м”.

За дзесяць гадоў беларускія ваенкаматы накіравалі ў Аўганістан 32 тысячы прызыўнікоў. Блізу 800 чалавек загінулі, дванаццаць зьніклі бязь вестак, больш за 700 вярнуліся інвалідамі. Паводле статыстыкі, сярэдні ўзрост “аўганцаў”, якія памерлі пасьля вайны — 45 гадоў. Жывыя цяпер прыкладна 21 тысяча ўдзельнікаў той вайны.

На афіцыйным узроўні пра “аўганцаў” звычайна згадваюць два разы на год — у канцы сьнежня, калі ў Аўганістан былі ўведзеныя савецкія войскі, і ў лютым, падчас гадавінаў вываду. Лёс вэтэранаў склаўся па-рознаму. Адзін з “аўганцаў”, імя якога шырока вядомае ў Беларусі — прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які больш за два месяцы трымаў у турме галадоўку, а нядаўна ўцёк з-пад хатняга арышту. Не ў пашане і яшчэ адзін “аўганец”, мастак Алесь Пушкін. Зрэшты, і ягонае стаўленьне да той вайны адпаведнае:

(Пушкін: ) “Дзяржаўная ідэалёгія не павінна будавацца на аўганскай вайне. Даць належнае гэтым людзям і адвесьці ім вельмі сьціплае месца ў грамадзтве. А калі яны хочуць, каб у іх быў клюб па інтарэсах, то калі будзе беларускамоўны клюб “аўганцаў”, і я туды схаджу. Але пакуль што гэта чужыя мне хлопцы…”

Этнічны аўганец Рахман Сафі Сэйфул, які колісь атрымаў у Беларусі адукацыю і апошнія дваццаць гадоў жыве ў Менску, дагэтуль не разумее, зь якой місіяй прыйшлі на ягоную радзіму “шураві”.

(Сэйфул: ) “Дзеля чаго яны прыехалі? Дзеля стабільнасьці? Але ж са “стабільнасьцю” яшчэ горш стала. Я ў пачатку 1980-х у Кабул вярнуўся, працаваў, але жыць там ужо было немагчыма. Вайна ёсьць вайна. З розных бакоў дзеля падтрымкі вайны грошы давалі, а простых людзей кінулі на самавыжываньне: жывеце, як хочаце. Вось такое жыцьцё было”.

Былы амбасадар СССР у Аўганістане Юлі Варанцоў прыклаў нямала намаганьняў для арганізацыі перамоўнага працэсу паміж савецкім кіраўніцтвам і лідэрамі муджагідаў адносна бяскроўнага вываду войскаў. Але і ён прызнае: калі адны з вайны вярнуліся зь невылечнымі маральнымі траўмамі, іншыя пад аўганскім прыкрыцьцём пасьпелі разбагацець.

(Варанцоў: ) “У Расеі арганізацыі “аўганцаў”-вэтэранаў ад пачатку атрымалі істотныя льготы, пачалі гандляваць цыгарэтамі, алькаголем, зарабілі вялікія грошы. Але гэта кіраўнікі арганізацыяў. Астатнія хлопцы, якія перажылі ўсе аўганскія жахі, канечне, дагэтуль моцна траўмаваныя. І лёсы бальшыні сапраўды скалечаныя”.

Плянаваная “кароткая камандзіроўка” 40-й арміі расьцягнулася на дзесяць гадоў. Людзкія страты СССР у ваенных апэрацыях на тэрыторыі Аўганістану склалі: забітымі і памерлымі ад раненьняў — 14 тысяч 453 чалавекі. Паранена — амаль 50 тысяч чалавек. Колькасьць забітых аўганцаў — у супрацьстаяньні з савецкімі войскамі і ўрадавымі падразьдзяленьнямі — прынамсі, мільён чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG