Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Савецкі” Аўганістан: місія ганьбы ці гонару?


Савецкія войскі вяртаюцца з Аўганістану. 1989 год.
Савецкія войскі вяртаюцца з Аўганістану. 1989 год.
15 лютага споўніцца 20 гадоў, як савецкія войскі пасьля 10-гадовай акупацыі Аўганістану пакінулі краіну. Ад сьнежня 1979 году да лютага 1989-га ў Аўганістане прайшлі вайсковую службу 620 тысяч чалавек, яшчэ 20 тысяч працавалі на цывільных пасадах. Штогадовая савецкая прысутнасьць складала 80-100 тысяч вайскоўцамі і 10 тысяч цывільнымі асобамі. У гэтай статыстыцы ёсьць і беларускі сьлед. За 10 гадоў ваенкаматы накіравалі ў Аўганістан 32 тысячы прызыўнікоў зь Беларусі: каля 800 зь іх загінулі, 12 зьніклі бязь вестак, больш за 700 вярнуліся дадому інвалідамі. Якія ўрокі “інтэрнацыяналізму” атрымалі ўдзельнікі аўганскай кампаніі?

На гэтым тыдні вэтэранам-аўганцам уручалі юбілейныя мэдалі да 20-годзьдзя вываду савецкага вайсковага кантынгенту з Аўганістану. Сем’і палеглых на той вайне атрымалі яшчэ і аднаразовую матэрыяльную дапамогу — у эквіваленце крыху больш за 50 даляраў. Аднак на рэвэрансы ўладаў у асяродку воінаў-аўганцаў пачалася кампанія адмовы ад узнагародаў. Адзін з “адмаўленцаў” Алег Воўчак тлумачыць: амаральна апэляваць да аўганскай тэмы, перад гэтым пазбавіўшы людзей практычна ўсіх ільготаў:

“Сёньня ўзнагароджваньне па Цэнтральным раёне Менску, запрашалі атрымаць мэдалі. Я не пайшоў. І яшчэ больш за 50 чалавек пісьмова адмовіліся ад мэдалёў. Ёсьць і тыя, хто прыходзіў у залю на ўручэньне, як, прыкладам, у Фрунзенскім раёне — у сьпісе адзначаліся, але не ўставалі, не атрымлівалі. І гэта моцны супраціў за аднаўленьне парушаных правоў. Чаму так захваляваліся ўлады? Парушаныя заканадаўствам правы ня толькі аўганцаў, але і вязьняў малалетніх, і чарнобыльцаў. Калі мы адновім нашы ільготы, то па ланцужку павінны аднавіць ільготы чарнобыльцам і вязьням. Шмат хто думае, што ідзе барацьба толькі за аўганскія льготы. Не, гэта змаганьне за вяртаньне ў прававое поле нормаў, якія былі законнымі. Дзяржава не павінна ўплываць, каб у пэўных катэгорый забіралі льготы”.

Юбілейныя мэдалі і невялікая матэрыяльная дапамога наўрад ці суцешаць бацькоў, якія страцілі ў Аўганістане сваіх дзяцей. Сын маці-адзіночкі Ніны Навічонак Ігар стаў ардэнаносцам пасьмяротна — за некалькі месяцаў да дэмабілізацыі яго перакінулі туды з Пскову. Апошнія чвэрць стагодзьдзя спадарыня Навічонак размаўляе толькі з фотаздымкам сына — іншых дзяцей у яе няма:

“Вось Гарбачоў, ці хто там яшчэ, падпісвалі ўсе гэтыя ўзнагародныя паперы. Нашто мне гэтыя мэдалі, што яны пасьмяротна панадавалі? Пасьмяротна ўсім хлопцам далі ордэн Чырвонай зоркі, таксама нейкі мэдаль ад аўганскага народу. Якая мне можа быць удзячнасьць ад гэтага народу?! Той народ усё жыцьцё ваюе. Там міру, напэўна, ніколі ня будзе”.

Сын Ларысы Ладуцькі першы ліст дадому даслаў з вайсковага шпіталя гораду Чырчык, што ва Ўзбэкістане. Пісаў, што паранены ў нагу, але ніякіх іншых падрабязнасьцяў. Праўда адкрылася пасьля таго, як маці вырашыла ляцець да Аляксандра:

“На працы ўжо калі даведаліся, сабралі грошы на дарогу. І мы з пляменьніцай паляцелі туды самалётам. Скажу вам чэсна, размаўляць з сынам не магла. Як толькі рот раскрыю, мяне сьлёзы душаць. Саша пытаецца: мама, а што ты ўсё маўчыш і маўчыш? Пляменьніца за мяне адказвае: у тваёй мамы вельмі горла баліць, яна ня можа размаўляць. І ведаеце, колькі я зь ім там была, у душы адчувала: я яго бачу апошні раз. Ужо потым, як села ў самалёт, да самага дому ў сьлязах мылася”.

Пасьля выпіскі са шпіталя Аляксандар зноў быў вернуты ў Аўганістан і загінуў у 1984-м блізу аўганскага Баграму.

Тэрмін знаходжаньня вайскоўцаў у складзе савецкага кантынгенту быў акрэсьлены адмысловымі інструкцыямі: ня болей за 2 гады для афіцэраў і 1,5 года для сяржантаў і шарагоўцаў. Але выконвалася патрабаваньне не заўсёды. Андрэй Івонін у Аўганістан зрабіў тры “ходкі”, агулам прабыў у “гарачым пункце” 5 гадоў. У складзе байцоў Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі браў удзел у захопе палацу кіраўніка Аўганістану Аміна. Мае два ордэны Чырвонай Зоркі, мэдалі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Згадвае першае знаёмства з “абарыгенамі”:

“Мы на іх глядзелі зьдзіўлена, яны — на нас: пэўна, такіх клоўнаў у форме дагэтуль ня бачылі. Па шчырасьці, думалі, што прабудзем там тыдзень-другі, а потым перадамо пяхоце свае наседжаныя месцы і спакойна адляцім у Саюз, назад у Віцебск. Такая думка была ўва ўсіх, і такім спадзяваньнем жылі. Але кожны тыдзень гэта адкладалася, мы расстройваліся, разумелі — чамусьці ўсё затрымліваецца, штосьці няправільна разьвіваецца. А тут яшчэ зіма пачалася, няхай не такая суровая, як у нас, але ўсё роўна зіма, слота, вельмі непрыемна. Тым больш ніякага абмундзіраваньня, рыштунку ў нас не было. З сабой штосьці везьлі, але не было нічога цёплага. Як былі боты-анучы, нацельная бялізна і „хэбэ“, так і засталіся. Толькі шмат пазьней пачалі пераапранацца, пераабувацца. Але кожны дзень чакалі, што адтуль адляцім”.

Адным з тых, хто ставіў кропку ў 10-гадовай вайне, быў амбасадар Савецкага Саюзу ў Аўганістане Юлій Варанцоў. Менавіта ён дамогся гарантый ад муджахедаў, каб тыя не стралялі ў сьпіну падразьдзяленьням, якія будуць адыходзіць. Летась 78-гадовы дыплямат памёр у Маскве. Незадоўга да гэтага ў інтэрвію Радыё Свабода ён так выказаў сваё стаўленьне да тых гістарычных падзеяў:

“Першапачаткова задума была такая: у баявых дзеяньнях ня ўдзельнічаць, а ўстаць на мяжы і не прапускаць з Пакістану падмацаваньне муджахедам. Але воленс-ноленс давялося ўцягвацца ў баі. Далей — болей. І гэта ўжо было няправільна. Асноўная памылка — што адпачатку ўвялі мала войскаў, тры дывізіі. Трэба было ўводзіць больш, паставіць іх на пакістана-аўганскай мяжы. А далей з унутранымі справамі разьбіраліся б самі аўганцы. Але памылкі такога кшталту здараюцца. Іншая рэч, што амэрыканцы мне наўпрост казалі: дарэмна вы сышлі з Аўганістану. Каб заставаліся, не было б 11 верасьня, не было б талібаў, усяго, што здарылася з-за адыходу. Талібы далі прытулак чарцям-бэнладэнаўцам, якія там збудавалі трэніровачныя лягеры. А потым зь лягераў выйшлі дывэрсанты, якія падарвалі хмарачосы ў Нью-Ёрку. Якаясьці доля праўды ў гэтым ёсьць”.

Фактычная акупацыя савецкімі войскамі Аўганістану выклікала нэгатыўную рэакцыю ва ўсімі сьвеце. У 1980-м, праз год пасьля пачатку ваеннай кампаніі, на знак пратэсту заходнія краіны байкатавалі маскоўскую Алімпіяду. Аднак тагачаснае кіраўніцтва СССР увод войскаў тлумачыла неабходнасьцю “інтэрнацыянальнай дапамогі на просьбу аўганскага народу”. Савецкі дысыдэнт Сяргей Кавалёў, які ў той час адбываў тэрмін за антысавецкую дзейнасьць, згадвае: навучальныя ўстановы літаральна трашчалі ад маладых аўганцаў, якіх муштравалі на пабудову новага парадку паводле савецкага ўзору:

“У той жа момант вайсковыя навучальныя ўстановы СССР напоўніліся аўганскімі афіцэрамі. Дарэчы, я сядзеў на зоне разам з адным чалавекам, які быў асуджаны па нейкай шпіёнскай справе і таму трапіў на палітычную зону. Па сутнасьці фарцоўшчык. Дык ён зарабляў тым, што абслугоўваў дзяўчатамі гэтых самых аўганскіх рэвалюцыйных афіцэраў. Вось так Масква выхоўвала сабе магутную апору. Увогуле людзі, якія цікавіліся падзеямі, што адбываліся ў Аўганістане, выдатна разумелі: пасьля зьвяржэньня манархіі Савецкі Саюз аказаўся востра зацікаўленым бокам. Аўганістан стаў тэрыторыяй, якую вырашылі зрабіць падкантрольнай, прыбраць да рук”.

Хваля савецка-аўганскага стратэгічнага партнэрства не абмінула і Беларусь. Беларускіх хлопцаў кінулі ў Аўганістан ратаваць незразумелыя ідэалы, а тысячы аўганскіх студэнтаў атабарыліся савецкім коштам у беларускіх ВНУ. Дарэчы, пасьля атрыманьня адукацыі шмат хто зь іх так і не вярнуўся на радзіму. Цяпер жа, як кажа адзін з кіраўнікоў аўганскай суполкі ў Менску Джоя Хайдар, у Беларусі вучыцца які дзясятак аўганцаў. У такой сытуацыі ён вінаваціць цяперашні “марыянэтачны рэжым” Аўганістану:

“На жаль, пасьля вываду савецкіх войскаў, калі дэмакратычны рэжым Аўганістану быў скінуты новымі ўладамі, якія прадстаўляюць былыя бандфармаваньні, што ваявалі з намі, падобнае становіцца немагчымым. Таму што дзяржава гэтая марыянэтачная, праамэрыканская. І не дае ходу ніякім ініцыятывам. Я асабіста зь міністрам адукацыі з гэтай нагоды неаднаразова сустракаўся, каб адкрыць паток нашых студэнтаў у Беларусь. На жаль, у Аўганістане адмоўнае стаўленьне да гэтага. Цяпер студэнты празь дзяржаўную падтрымку нідзе ня вучацца; усё на платнай аснове, за ўласныя сродкі. Прынамсі, ніводнага аўганскага студэнта ў Беларусі зь дзяржаўным забесьпячэньнем я ня ведаю”.

Страты Савецкага Саюзу на тэрыторыі Аўганістану склалі 14453 чалавекі — гэта тыя, хто быў забіты, памёр ад раненьняў і загінуў у надзвычайных здарэньнях. Паранена 49985 чалавек. Забіта 20 цывільных асобаў, сярод іх кінэматаграфісты, журналісты, будаўнікі, лекары. Зьнікла бязь вестак ці трапіла ў палон 417 вайскоўцаў: 119 чалавек у розныя гады вызваленыя, 97 зь іх вярнуліся на радзіму. Больш за два дзясяткі дагэтуль знаходзяцца ў іншых краінах. Забітых у ваеннай кампаніі аўганцаў — у супрацьстаяньні з савецкімі войскамі і ўрадавымі падразьдзяленьнямі — ня менш за мільён чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG