Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг падтрымкі БХД ў Нью-Ёрку


У нядзелю 20 сьнежня ў Нью-Ёрку перад будынкам ААН прайшоў мітынг у падтрымку Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі.

Мітынг быў арганізаваны Згуртаваньнем беларускай моладзі ў Амэрыцы (ЗБМА) і нью-ёрскім аддзелам Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня. Сьнегапад і буран напярэдадні мітынгу і у часе яго правядзеньня не спынілі удзельнікаў. На Ўсходнім узьбярэжжы выпала да 60 сантымэтраў сьнегу і загінула як найменей 5 чалавек. Грамадзкі транспарт працаваў зь перабоямі.

«40 хвілін давялося адкапваць машыну з-пад сьнегу, каб ехаць на мітынг», — распавёў адзін з арганізатараў, лідэр ЗБМА Мікалай Цімашэнка.

У часе мітынгу пасьля выступу лідэраў ЗБМА прайшоў збор подпісаў пад зваротам да амэрыканскіх сэнатараў і кангрэсмэнаў з патрабаваньнем зьвярнуць увагу на сытуацыю са свабодай рэлігіі ў Беларусі і арганізаваць слуханьні у Кангрэсе, прысьвечаныя гэтаму пытаньню. На мітынгу былі сабраная 32 подпісы.



Мітынгі падтрымкі партыі БХД праводзяцца Згуртаваньнем беларускай моладзі ў Амэрыцы рэгулярна. Апошні адбыўся 31 кастрычніка 2009. Беларуская моладзь у ЗША арганізавала збор подпісаў, якія затым высылаюцца кангрэсмэнам і сэнатарам.

Ігар Уласенка, сябра ЗБМА і кіраўнік кампаніі па збору подпісаў у штаце Нью-Джэрсі: «Наша арганізацыя стараецца не абмяжоўвацца зборам подпісаў толькі сярод беларусаў ЗША. Я асабіста зарганізаваў збор подпісаў сярод сваіх амэрыканскіх сяброў. Сваёй працай хачу падтрымаць Беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў і паказаць, што беларус у замежжы можа і павінен дапамагаць дэмакратызацыі Беларусі. Для гэтага трэба карыстацца тымі мажлівасьцямі, якія дае амэрыканская дэмакратычная сыстэма».

Алена Турко, сябра ЗБМА і кіраўнік кампаніі па збору подпісаў у штаце Нью Ёрк: «Як частку кампаніі па дапамозе дэмакратычным актывістам на Беларусі, я правожу збор подпісаў пад зваротам да Сэнату і Кангрэсу ЗША.

Таксама я арганізоўваю сустрэчу моладзі са сваім кангрэсмэнам Майклам Мак Хонам ад 13-й акругі Нью-Ёрку. Мэта нашай працы — дамагчыся сталай увагі Кангрэсу ЗША да сытуацыі з правамі і свабодамі чалавека на Беларусі. Ня трэба думаць, што беларусы ЗША не разумеюць таго, што асноўная праца і змаганьне за дэмакратыю адбываецца ў Беларусі, але мы можам і мусім дзейнічаць і дапамагаць і з ЗША».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG