Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 сьнежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытаньні дапаўненьні і зьмены ў выбарчае заканадаўства Беларусі. Яны фактычна не адрозьніваюцца ад той рэдакцыі, якая была ў першым чытаньні. Усе новыя праўкі носяць, як сказаў старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Васіль Байкоў, «рэдакцыйна-тэхнічны характар».

Дэпутатам спатрэбілася ўсяго 10 хвілін, каб прыняць дакумэнт. Толькі Анатоль Глаз пацікавіўся: ці ёсьць у ім нейкі надзейны мэханізм, які паставіць бар’ер «брудным грашам» у індывідуальных фінансавых фондах кандыдатаў у дэпутаты? Менавіта новае заканадаўства дазваляе ствараць такія фонды.

Дэпутата супакоілі: маўляў, будзе прапісана адмысловае пагадненьне зь «Беларусбанкам», і ў гэтым дакумэнце зьявяцца захады, якія будуць гарантаваць бясьпеку.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў размове з журналістамі адразу пасьля галасаваньня дэпутатаў адзначыла:

«Усё тое, што ўнесена прэзыдэнтам, усё прынятае».

Ярмошына: «Апазыцыя ня выявіла зацікаўленасьці ў падрыхтоўцы гэтага дакумэнту».
А вось два галоўныя патрабаваньні дэмакратычнай супольнасьці — абіраць палову дэпутацкага корпусу праз партыйныя сьпісы і зафіксаваць у законе магчымасьць назіральнікам бачыць падлік бюлетэняў — не знайшлі адлюстраваньня ў новым законе. Чаму? Лідзія Ярмошына лічыць: «апазыцыя ня выявіла зацікаўленасьці ў падрыхтоўцы гэтага дакумэнту»:

«У мяне была on-line канфэрэнцыя ў газэце „Советская Белоруссія“, закон тады яшчэ не прымаўся нават у першым чытаньні. А ў такіх канфэрэнцыях пераважна ўдзельнічаюць грамадзяне апазыцыйных поглядаў. І ад гэтых людзей усе пытаньні зводзіліся да зьнявагі. Ніводнай канструктыўнай прапановы ад іх па зьмяненьні і ўдасканаленьні выбарчага заканадаўства не паступіла».

Анатоль Лябедзька
Сустаршыня палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл Анатоль Лябедзька цьвердзіць, што прапановы экспэртаў АДС былі перададзеныя ўладам яшчэ на пачатку 2009 году:

«Пакет прапановаў быў перададзены ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Мы паслалі дакумэнты туды, дзе фактычна рыхтаваліся тыя папраўкі, якія сёньня ўнесьлі ў выбарчае заканадаўства. Мы перадалі параўнальную табліцу — тое, што было ў заканадаўстве, і тое, што прапануем мы. Плюс зьмены па кожным артыкуле.

Увесь гэты пакет быў перададзены адначасова і ў адміністрацыю Лукашэнкі, і ў БДІПЧ. Бюро іх атрымала. А па вэрсіі Ярмошынай чамусьці атрымліваецца, што яны нічога не атрымоўвалі».

Сяргей Альфер
Спэцыяліст у галіне выбараў Сяргей Альфер даў «Свабодзе» такое азначэньне новага выбарчага заканадаўства:

«З майго пункту гледжаньня, пры адпаведнай практыцы ўжываньня гэтых зьменаў у Выбарчым кодэксе ён можа зьяўляцца асновай для больш дэмакратычнага правядзеньня выбарчай кампаніі. Папраўкі ў лепшы бок зьмянілі прынцыпы вылучэньня і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Але, на вялікі жаль, засталіся амаль без усякіх зьмен заганныя прынцыпы падліку галасоў і ўдзелу назіральнікаў у выбарах, якія былі і ў старой вэрсіі гэтага кодэксу».

Новая вэрсія выбарчага заканадаўства будзе апрабаваная на мясцовых выбарах. Яны пройдуць у красавіку 2010 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG