Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усё, што ўнесена прэзыдэнтам у выбарчае заканадаўства, было прынята Палатай прадстаўнікоў”, — заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Дэпутаты ПП НС прынялі ў другім чытаньні зьмены ў выбарчае заканадаўства.

Скасаваньне парогу яўкі на выбары на мясцовых выбарах Ярмошына назвала самай галоўнай адметнасьцю.

“Цяпер выбары адбудуцца пры любым надвор’і, пры любой яўцы”, — перакананая старшыня ЦВК.

Ярмошына: Гэта было б зьнявагай для Беларусі


Журналісты пацікавіліся ў Лідзіі Ярмошынай: чаму праект зьменаў і дапаўненьняў у выбарчае заканадаўства ня быў накіраваны ў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБЭС?

“Гэта была б нейкая міжнародная зьнявага для сувэрэннай дзяржавы — накіроўваць гэты дакумэнт у БДІПЧ”, — заявіла Ярмошына. — “Вы назавіце хоць адну дзяржаву, якая накіроўвала б свае дакумэнты на ўзгадненьне ў міжнародныя арганізацыі”.

“Апазыцыя ня выявіла ніякай актыўнасьці”


Журналісты пацікавіліся ў старшыні ЦВК: ці ўдзельнічалі грамадзкія арганізацыі ў падрыхтоўцы зьменаў?

“На паседжаньні ЦВК разглядаўся зварот Таварыства інвалідаў. Інваліды прасілі, каб ім была гарантавана пэўная колькасьць месцаў у саветах рознага ўзроўню. ЦВК не пагадзілася з гэтай прапановай. На думку сябраў ЦВК, усе грамадзкія арганізацыі павінны быць на аднолькавых правах”, — адзначыла Ярмошына.

Старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Васіль Байкоў прыгадаў, што свае прапановы ўносіла таксама праваабарончая арганізацыя “Беларускі Хэльсынскі камітэт”.

На гэта Ярмошына адказала, што пра прапановы БХК яна нічога ня ведае, яна іх ня бачыла.

“Апазыцыя наагул не праявіла актыўнасьці ў падрыхтоўцы новага заканадаўства. Калі я выступала на онлайн-лініі на сайце “Советской Белоруссии”, то ад апазыцыі, акрамя асабістых зьнявагаў, я не пачула ніводнай канструктыўнай прапановы”, — паскардзілася старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG