Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывецца інвалідам у Беларусі? Сёньня ў розных рэгіёнах краіны з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў адбываліся розныя імпрэзы. Карэспандэнты «Свабоды» знаёміліся з удзельнікамі, распытвалі арганізатараў, экспэртаў.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Сёньня інваліды-вазочнікі таксама мусяць заставацца ў сваіх сьценах. Яны ўжо забылі, як выглядае горад»


На Магілёўшчыне бальшыня інвалідаў-вазочнікаў сёньняшні дзень правядуць дома. Каб выбрацца ў людзі, у іх няма аніякіх магчымасьцяў. Тэму працягвае Андрэй Белагубаў.

У Бабруйску жыве каля шасьцісот інвалідаў-вазочнікаў. Паводле кіраўніка бабруйскай арганізацыі Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргея Мацкевіча, толькі дзясятак зь іх могуць рухацца па горадзе.

«Астатнія жывуць у сваіх кватэрах, і жывуць як у турме. Яны толькі зарэгістраваныя ў сацыяльных службах. Зь імі ніякія мерапрыемствы не праводзяцца. Кажуць, што ў нас няма месца, куды безь перашкодаў дабраўся б вазочнік, бо ўсе клясы на другім паверсе».

Вуліцы населеных пунктаў рэгіёну ў бальшыні сваёй не прыстасаваныя для інвалідаў. Пандусы, мэханічныя пад’ёмнікі — атрыбуты цэнтральных вуліц. Іх інваліды наведваюць нячаста.

Іх кола ўзаемінаў — сваякі і дужа блізкія сябры.
«У іх няма ня проста фінансаў. У іх няма тэхнічных магчымасьцяў. Іхны двор, іхны пад’езд, іх кватэра не прыстасаваныя. Людзі сядзяць гадамі ў кватэры. Яны забылі, як выглядае горад. Іх кола ўзаемінаў — іх сваякі й дужа блізкія сябры».

У 2010 годзе беларускі пратэзна-артапэдычны цэнтар зьбіраецца пачаць вытворчасьць інвалідных вазкоў з электрычным прывадам. Першыя дзесяць ужо прайшлі выпрабаваньні й нібыта паступілі для разьмеркаваньня ў аблвыканкамы:


У Магілёў яшчэ ня трапілі першыя беларускія вазкі з электрапрыводам


Уладзімер Вусікаў
«Ніводнага вазка нам яшчэ не паступала з электрапрыводам. Толькі нядаўна вырашылі, што гэтыя вазкі будуць выдавацца бясплатна. Раней жа плянавалася — з аплатай 20 працэнтаў. Мільёнаў каля трох абышлося б інваліду», — зазначыла супрацоўніца камітэту працы й сацыяльнай абароны насельніцтва.

Адным зь першых на такі вазок у Магілёве прэтэндуе Ўладзімер Вусікаў. Год таму, пікетуючы гарвыканкам, ён дамогся пакою ў Магілёўскім доме вэтэранаў. На сацыяльныя службы ён не спадзяецца й заяўляе, што за свае правы трэба змагацца — інвалід ты ці здаровы:

«Уступіў у партыю я. У Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю. Там людзі змагаюцца за сваю нацыю. Я не баюся нічога. Ведаю, што яе не зарэгістравалі два разы. Там старшыня добры — Павал Севярынец. Я слухаў пра яго па Радыё Свабода. Я БНФ не падвёў і не падвяду й гэтую партыю».


ВІЦЕБШЧЫНА


Інвалідаў запрасілі ў музэі, дзе няма пандусаў


Мастацкі музэй. Пандусаў для інвалідаў няма.
Сёньня музэі Віцебшчыны праводзяць адмысловую акцыю — запрашаюць інвалідаў паглядзець усе экспазыцыі бясплатна. Пра акцыю і яе неспадзяванкі паведамляе Браніслава Станкевіч.

Наведаньне бальшыні музэяў для інвалідаў-вазочнікаў робіцца, аднак, невырашальнай праблемай: там няма пандусаў, каб заехаць на вазку, а экспазыцыі месьцяцца на другім або трэцім паверсе.

Так, у Віцебску абласны краязнаўчы музэй мае тры паверхі, мастацкі музэй — два. Абодва яны месьцяцца ў будынках, якія зьяўляюцца помнікамі архітэктуры. Пандусамі не абсталяваныя нават ганкі, ня кажучы ўжо пра стромкія лесьвіцы, якія вядуць да экспазыцыйных заляў. Трапіць туды чалавеку з абмежаванымі фізычнымі мажлівасьцямі проста неверагодна.

Між тым у музэях Віцебшчыны сёньня адчыняюцца выставы, спэцыяльна прымеркаваныя да Міжнароднага дня інвалідаў. Так, у віцебскім краязнаўчым музэі адчынілася экспазыцыя мастацкіх прац жанчын-інвалідаў пад назовам «Ад сэрца да сэрца». А ў аршанскім музэі Ўладзіміра Караткевіча, да прыкладу, экспануецца фотавыстава «Край аршанскі, край цудоўны», распавяла дырэктарка музэю Галіна Юркевіч:

Як сюды патрапіць інваліду?
«Гэта выстава нашага мясцовага фотамастака Алеся Есьлікава, адмыслова прымеркаваная да гэтага дня. Каб людзі маглі палюбавацца аршанскімі краявідамі, прыродай...Ой, а пандуса ў нашым музэі няма. Неяк, праўда, прыяжджаў да нас інвалід у вазку, але ён быў з маладым хлопцам, дык яны ўдвох езьдзілі, глядзелі музэй».

Экспазыцыя, прысьвечаная Караткевічу, месьціцца на першым паверсе, а вось фотавыстава, пра якую распавяла спадарыня Юркевіч — ужо на другім, і інвалідам-вазочнікам трапіць туды ня ўдасца.

Сям’я пяцігадовай дзяўчынкі, інваліда зь дзяцінства, заяўляе, што дзяржава абыякава ставіцца да яе праблемаў


Нічым ня лепшая сытуацыя і ў астатніх музэях Воршы, канстатуе спэцыяліст тамтэйшага аддзелу культуры:

«Ну, Музэй гісторыі пандусам абсталяваны. А што яшчэ? Усё! У Музэі Заслонава, дык там усяго адна прыступка, а ў музэі „Млын“ — штукі чатыры. Але там інвалід толькі на першым паверсе нешта паглядзіць, вышэй — лесьвіца стромкая. У музэі Караткевіча — дзьве прыступкі. І таксама толькі па першым паверсе хіба праехаць. А на другі — ніяк, няма там ніякіх варыянтаў, каб узьехаць. Для інвалідаў, пэўна, трэба ліфты будаваць, ліфтавыя шахты прадугледжваць».

Чыноўнік з аддзелу культуры Аршанскага райвыканкаму распавёў, што ў 2007 годзе, калі дзейнічала дзяржаўная праграма па безбар’ерным асяродзьдзі, была пададзена заяўка на тое, каб выдаткаваць грошы для ўсталяваньня пандусаў ва ўсіх музэях. Але грошай так і не далі.

Калі усталяваньне пандусаў — праблема для грамадзкіх месцаў, то пра прыватныя праблемы інвалідаў дзяржава ня дбае ўвогуле, лічыць Аляксандар Кузьняцоў зь Віцебску. Ён бацька пяцігадовай дзяўчынкі, інваліда зь дзяцінства:

«Садзім дзіця ў каляску і да першага паверха едзем у ліфце. Потым усімі сямейнымі сіламі вывозім па лесьвіцы на ганак, ну, і таксама па прыступках зносім у двор. Я зьвяртаўся ў ЖЭУ, мне сказалі, што грошай на пандус пакуль няма. А яшчэ няма прыстасаванага транспарту — калі кудысьці выпраўляцца на грамадзкім транспарце, то гэта ўвогуле нерэальна».

Прапанаваныя бясплатныя экскурсіі па музэях бацька дзіцяці-інваліда лічыць проста зьдзекам.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Хочацца, каб зьвярталіся да цябе па-чалавечы»


На Гомельшчыне на ўліку ў органах сацыяльнай апекі — амаль 90 тысяч інвалідаў.

Спадарыня Вікторыя можа толькі з дапамогай маці павольна рухацца па вуліцы. Яна кажа:

Спадарыня Вікторыя з маці.
«Я — інвалід першай групы. Пэнсію атрымліваю 260 тысяч. У мяне інваліднасьць зь дзяцінства. Мы ўдваіх з мамай жывём. Хочацца, калі ты куды ідзеш, каб зьвярталіся да цябе па-чалавечы, а ня лаяліся. Калі ідзеш прасіць санаторную пуцёўку, то каб не празь сілу прасіць, а спакойна. А то, бывае, і са сьлязьмі ідзеш. І гэта пры тым, што мы пісалі Лукашэнку, мама пісала. Напісала — і далі пуцёўку праз два гады».

Мама ў Вікторыі таксама інвалід:

«Трэцяя група па шчытападобнай залозе й сардэчным захворваньні. Але ж зьнялі... Я атрымліваю толькі 250 тысяч працоўнай пэнсіі — у 50 год сышла на пэнсію з-за дачкі».

Інвалід крыўдуе на Аляксандра Лукашэнку


67-гадовы гамяльчук Валер ледзь сунецца з кійком. У свой час ён рабіў газазваршчыкам на заводзе «Цэнтраліт», на будоўлях трубаправодаў:

«У мяне была трэцяя група. На менінгіт хварэў — паралізавала. Інваліднасьць у мяне зьнялі. Лукашэнка сказаў, што трэцюю групу трэба зьняць — грошы на інваліднасьць скончыліся. Цяпер нічога не дапамагаюць».

Сяргей
Мужчыну сярэдняга веку бяз ступняў на самаробнай калясцы напаткалі на вуліцы Карповіча. Ён гаротна сядзеў і прасіў міласьціну. Назваўся Сяргеем:

«Мне даводзіцца выходзіць сюды, каб назьбіраць паесьці. Даводзіцца наймаць людзей, каб сюды прывезьлі. Мне амаль нічога не застаецца на лекі. Мне кожны дзень трэба перабінтоўваць ногі — у мяне косьці тырчаць. Ніхто пра мяне не паклапоціцца. Са шпіталя выкідваюць — не патрэбны. У шпіталі самі лекары заходзяць і кажуць: так, табе прынесьці 20 шпрыцаў, табе — 20 пакетаў бінтоў. Даставай дзе хочаш, іначай будзем перабінтоўваць прасьцінамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG