Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці-інваліды хочуць быць запатрабаванымі


Заняткі ў фондзе з самымі малымі гадаванцамі. Праводзяць іх нямецкія валянтэркі.
Заняткі ў фондзе з самымі малымі гадаванцамі. Праводзяць іх нямецкія валянтэркі.

50 гадоў таму, 20 лістапада 1959 году, прынялі Дэклярацыю правоў дзіцяці. Сёньня ў сусьветны Дзень дзіцяці наш карэспандэнт Андрэй Белагубаў наведаў у Магілёве дабрачынны дзіцячы фонд “Блакітныя берагі”. Амаль сем гадоў фонд дапамагае дзецям-інвалідам у творчай самарэалізацыі. Няўрадавая арганізацыя апякуецца чатырма дзясяткамі такіх дзяцей. Яны прыяжджаюць на заняткі з усіх канцоў Магілёва, каб вучыцца жыць запатрабавана.

Першае пытаньне, якое людзі задаюць, наведваючы ўпершыню фонд: чаму яго назва “Блакітныя берагі”? Ня ўстояў перад ім і я. Дырэктарка фонду Сьвятлана Пагірская пытаньню не зьдзівілася:

Сьвятлана Пагірская
“Мара, звычайна кажуць, блакітная. Гэта рэальная мара чалавека, які тоне ў моры жыцьця. Блакітны бераг — рэальны бераг, якога можна дасягнуць, але праз працу. Калі ня будзеш працаваць, патонеш. А фонд — ён дапамагае. Кожны чалавек хоча быць запатрабаваным. Хоча быць патрэбным сабе, іншым людзям. Гэта сутнасьць чалавечая”.

У 2002 годзе, адразу пасьля рэгістрацыі, Сьвятлана Пагірская дамаглася для фонду ў дзевяціпавярховым доме на вуліцы Сурганава прасторнага памяшканьня, праўда, абсалютна занядбанага. Амаль год яго талакой рамантавалі.

Тацяна
Цяпер два разы на тыдзень, у сераду й пятніцу, сюды прыяжджаюць дзеці-інваліды з усяго Магілёва. Агулам каля сарака чалавек. Ад самага заснаваньня фонд наведвае Тацяна.

“У фондзе я ўпершыню адчула, што я чалавек. Я адчула сваю свабоду. Раней я хацела стварыць клюб для такіх людзей, як я. І вырашаць нашы агульныя праблемы. Тут мы сумовімся й разьвіваем свае таленты”.

Тацяна піша вершы, марыць стварыць газэту для інвалідаў.

Марыя
Першыя крокі ў фондзе робіць Марыя. Ганарыцца пакуль ёй няма чым, аднак і ў яе ёсьць што сказаць і паказаць:

“Мы тут сумовімся. Займаемся ў гуртках. Вырабляем кампазыцыі з сухіх кветак. Танцамі займаемся. Вось гэта кампазыцыя з сухіх кветак. Я сама іх сушыла дома”.

Некалькі месяцаў у фондзе працуюць дзьве маладыя валянтэркі зь Нямеччыны: Сюзана й Зольвай. Першай сваімі ўражаньнямі дзеліцца Сюзана:

Сюзана

Зольвай
“Жыцьцё тут дужа адрозьніваецца ад Нямеччыны. Нашае грамадзтва інакш ставіцца да інвалідаў. Тут людзі ўвогуле адмоўна, я б сказала, ставяцца да інвалідаў. Яны адчуваюць, што іх ня дужа тут любяць. Патрэбныя кантакты між звычайнымі здаровымі людзьмі і інвалідамі. Гэта тое, чым вашае грамадзтва адрозьніваецца ад нашага”.

Каляжанка Сюзаны Зольвай адзначае, што працаваць з тутэйшымі дзецьмі наагул складана, бо навучальны працэс у мясцовых школах адрозьніваецца ад нямецкага:

“Тут дужа строга. Мы больш свабодна вучыліся. Гэта было больш крэатыўна. Тут дзеці прызвычаіліся, як настаўнік зь імі працуе, а калі мы нешта прапануем новае, то гэта для іх складана. У мяне дзяцінства было дужа добрым. Але я ведала, што не ўва ўсім сьвеце можа быць гэтак. І я хацела даведацца, як гэта можа быць па-іншаму”.

Праблемаў у фондзе хапае. Найперш нестае матэрыяльнага дабрабыту. Чым аплаціць арэнду, камунальныя паслугі — гэта заўсёдныя клопаты для Сьвятланы Пагірскай. Калі ня зробіш гэтага, страціш само памяшканьне. Дзяржаўнай жа падтрымкі фонд ня хоча, бо тады губляеш свабоду й незалежнасьць.

“Наша сіла ў людзях. Нас падтрымліваюць людзі, бо мы патрэбныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG