Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля 2015 году ў Беларусі ня будзе інтэрнатаў і дзіцячых дамоў?


50 гадоў таму, 20 лістапада 1959 году, была прынятая Дэклярацыя правоў дзіцяці. У дакумэнце сказана, што яго мэта — “забясьпечыць дзецям шчасьлівае дзяцінства”. А праз 30 гадоў у той жа дзень была прынята Канвэнцыя аб правах дзіцяці.

У Беларусі, насельніцтва якой — 9 мільёнаў 672 тысячы чалавек, 1 мільён 785 тысяч — дзеці, то бок грамадзяне, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту. У краіне каля 30 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Круглымі сіротамі афіцыйна прызнаныя толькі 3192 дзіцяці з амаль 32 тысяч. Астатнія — або “адмоўнікі”, або іхнія бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, не займаюцца выхаваньнем. Адным словам, сіроты пры жывых бацьках. Больш за 20 тысяч зь іх пражывае ў сем'ях, палова зь якіх — апякунскія. Але для амаль 9 тысяч дзетак інтэрнат альбо дзіцячы дом — замест роднага. Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што з кожным годам колькасьць дзяцей у казённых установах зьмяншаецца. Да прыкладу, летась 537 дзетак усынавілі. Дырэктар Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня Натальля Пасьпелава кажа:

“Стала менш. Стала менш нават колькасьць “адмоўнікаў”. “Адмоўнік” — ён жа сірата ад нараджэньня. Дык вось, у 2001 годзе ў нас было 525 “адмоўнікаў” ад нараджэньня. 6 дамоў дзіцяці трэба было будаваць! Летась у нас асірацела па адмовах бацькоў 187 дзетак — у два з паловай раза менш. Прычым амаль 70% дзетак мы ўладкавалі на ўсынаўленьне”.
У 2001 годзе ў нас было 525 “адмоўнікаў” ад нараджэньня Летась асірацела па адмовах бацькоў у два з паловай раза менш дзетак.

Пару гадоў таму Аляксандар Лукашэнка назваў інтэрнаты “казармамі для дзяцей” і паабяцаў, што да 2015 году ў Беларусі інтэрнацкіх установаў наагул ня будзе. Усе дзеці будуць жыць у дзіцячых вёсках, кшталту той, якая з 1995 году месьціцца ў Бараўлянах. Дырэктар гэтай установы Валер Міхалевіч распавёў:

“Мы ж грамадзкая арганізацыя, і існуем, так бы мовіць, на грошы добрых людзей. Зараз будуюцца вёскі дзяржаўныя. Толькі што адкрыта вёска, якая называецца “Вытокі” — на базе канфіскаваных міліцэйскіх катэджаў каля Ждановічаў. І другая частка гэтай вёскі будуецца гольф-клюбам у пасёлку Ляскоўка побач з Бараўлянамі”.

Распрацаваны адмысловы плян будаўніцтва дзіцячых вёсак. Наколькі рэальная задача — да 2015 году ўсіх дзетак-сірот пасяліць у такія ўстановы, пытаюся ў Валера Міхалевіча:

“Вы ж ведаеце прынцып Астапа Бэндэра: раніцай грошы — увечары крэслы. Калі ёсьць грошы, усё можна зрабіць”.

Карэспандэнтка: “Ці ёсьць праблема з кадрамі? Ці знаходзяцца такія жанчыны, якія згодныя ахвяраваць сабой?”
Ідэальнае месца — гэта толькі сям’я. Мы лепшыя за інтэрнат, але горшыя за сям’ю ўсё роўна.

“На гэтае пытаньне я магу адказаць так: зараз у нас у сацыяльнай сыстэме тры дзіцячыя вёскі, заканчваецца будаўніцтва такой вёскі ў Магілёве. Кадры, якія прыйшлі, напрыклад, да нас, у дзіцячую вёску ў Бараўлянах у 1995 годзе, усе працуюць. Вольных месцаў няма”.

І ўсё ж, ці ідэальнае месца для дзяцей-сірот — дзіцячая вёска? Валер Міхалевіч перакананы:

“Ідэальнае месца — гэта толькі сям’я. Мы лепшыя за інтэрнат, але горшыя за сям’ю ўсё роўна. Гэта сямейны тып апекі, калі ёсьць выхавацель, як у нас называюць, SOS-маці, і 7—8 дзяцей. Гэта асобны дом, а ня тыя спальні казарменнага тыпу. Няма ў нас сталоўкі для ўсіх, ежа гатуецца на кухні, як у любой сям’і”.

Акрамя амаль 30 тысяч сацыяльных сірот, 17 606 беларускіх дзетак занесеныя ў банк дадзеных праблемных сем’яў, дзе бацькі п’юць, не займаюцца выхаваньнем дзяцей. Штогод амаль 3 тысячы беларускіх грамадзянаў пазбаўляюцца бацькоўскіх правоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG