Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі няма ніводнага сабакі-павадыра


У краіне каля 20 тысяч інвалідаў першай і другой групаў — гэта людзі з найбольш сур’ёзнымі формамі захворваньняў. І больш за 50 тысяч інвалідаў трэцяй групы. Зь якімі асноўнымі праблемамі ў штодзённым жыцьці сутыкаюцца невідушчыя?

Адна з галоўных праблемаў у невідушчых, як, дарэчы, і ўва ўсіх інвалідаў, — перасоўваньне, адсутнасьць безбар’ернага асяродзьдзя, лічыць старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Антоненка.

“Па-першае, безбар’ернае асяродзьдзе не ствараецца так, як павінна гэта рабіцца. Па-другое, школы для падрыхтоўкі сабак-павадыроў, колькі мы ні зьвярталіся, ніхто так і не адкрыў. У Беларусі на сёньняшні дзень няма ніводнага сабакі, якога б падрыхтавалі ў адмысловым гадавальніку кваліфікаваныя інструктары. І Расея рыхтуе і забясьпечвае сваіх невідушчых, і Польшча, і Ўкраіна, і краіны Балтыі. А мы, на жаль, у вакуўме”.

Адмена льготаў у сьнежні 2007 году закранула і інвалідаў па зроку — скасавалі іх у павадыроў, кажа старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі БелТІЗ Зоя Крупнік:

Нашы людзі перасталі езьдзіць, безумоўна. Хто ж будзе плаціць за тое, каб яго праводзілі ў горад?
“Нашы людзі перасталі езьдзіць, безумоўна. Хто ж будзе плаціць за тое, каб яго праводзілі ў горад? Раней як было? Можна і незнаёмага чалавека папрасіць аб дапамозе. Ён прывязе ў горад, завядзе ў наш офіс, да прыкладу, і чалавек можа прысутнічаць на сходзе, вырашыць свае нейкія пытаньні — сходзіць у крамы нейкія, сходзіць у сельсавет, а потым яны разам даедуць дахаты. А цяпер гэтага няма”.

Істотная праблема — з так званымі сродкамі рэабілітацыі. Па-першае, у дзяржаўным пераліку для інвалідаў па зроку іх вельмі мала, дый за тыя, што ўключаныя ў сьпіс Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, інвалід павінен заплаціць 50% кошту. Да прыкладу, ёсьць мабільны тэлефон з адмысловым праграмным забесьпячэньнем. Але кошт яго — блізу 1,5 мільёна. Міхаіл Антоненка працягвае:

“Ці зможа чалавек, да прыкладу, зь вёскі, заплаціць за гэтую рэч 750 тысяч? Канечне, не, калі ў яго пэнсія блізу 200 тысяч. Гэтая праблема ва ўмовах крызісу яшчэ пагоршылася: у нас жа не вырабляецца нічога з гэтага, і многія камітэты, спасылаючыся на дакумэнт па крытычным імпарце, кажуць, што Ўпраўленьне фінансаў ім забараняе закупляць гэтыя рэчы. Да прыкладу, адны гадзіньнікі закупілі на пачатку году, а за тэлефоны, прыстасаваньні для праслухоўваньня літаратуры ваюем да гэтай пары”.

Калі з адмысловай літаратурай, бібліятэкамі для інвалідаў па зроку і ў сталіцы, і ў рэгіёнах сытуацыя больш-менш выправілася, то зь “Белтэлекамам” наконт ільготных тарыфаў ніяк не ўдаецца дамовіцца, кажа Міхаіл Антоненка:

“Мы выкарыстоўваем у працы на кампутары ў інтэрнэце галасавыя праграмы. І як бы хутка я ні засвойваў гукавую інфармацыю, вачыма гэта значна хутчэй. А невідушчы пакуль знойдзе, пакуль праслухае — патэнцыйна ён мае няроўныя ўмовы, а цэны для ўсіх аднолькавыя”.

Вядучы спэцыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка распавяла, што інваліды па зроку — людзі надзвычай актыўныя і ініцыятыўныя. Свае праблемы яны вырашаюць самі, не чакаючы дапамогі дзяржавы:

“У гэтым таварыстве вельмі талковы старшыня, у іх і прадпрыемствы працуюць. Яны наагул малайцы”.

І яшчэ адна трывожная лічба: колькасьць такіх людзей не зьмяншаецца — блізу 2 тысяч чалавек штогод атрымліваюць інваліднасьць па зроку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG