Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет, дзе няма сьвятла


Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень невідушчых. Беларускае таварыства інвалідаў па зроку аб’ядноўвае больш як 19 тысяч сябраў. Яно валодае 14-цю ўнітарнымі прадпрыемствамі, якія дзейнічаюць пераважна ў рэгіёнах. Як жывецца ў Беларусі людзям, што страцілі зрокі?


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Цяпер невідушчыя мусяць плаціць за ўсялякую дапамогу ад дзяржавы


Каб высьветліць, як жывуць у Магілёве інваліды па зроку, карэспандэнт “Свабоды” наведаў месца іх кампактнага пражываньня на вуліцах Вавілава й Цыялкоўскага. Тут жыве каля паўтысячы невідушчых і слаба відушчых людзей.

Гэты раён пачаў фармавацца ў пяцідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя. З таго часу вырасла не адно пакаленьне людзей з праблемамі зроку. Бальшыня іх не пакідае свайго раёну гадамі:

“Увагай мы крыху абдзеленыя. Вось гэтыя ўсе сьляпыя самі сябе абслугоўваюць. Ніякай дапамогі. Сацыяльнага работніка можаш сабе наняць. Калісьці гэта было дарма, а цяпер — плаці. Я вось ногі сабе ламаў тры разы. Чалавек вёў сябе неахайна. Там бывае вада, каля сьметніцы, калі дажджы пройдуць — тады не прайсьці. Дык я тады вось галёшы абуваю”, — апавядае пра сваё жыцьцё мясцовы жыхар.

Пасярод двароў для невідушчых стаіць старая прыбіральня. Ад яе — смурод і бруд…


Пасярод дамоў для невідушчых людзей стаіць старая прыбіральня. Ад яе — смурод і бруд. Дрэнна пакладзены асфальт заліты вадой…

Інваліды, якія на пэнсіі, атрымліваюць ад трохсот да пяцісот тысяч рублёў. У крамах выбіраюць таньнейшыя харчы:

“Купляюць малако й хлеб. Бяруць таксама паўфабрыкаты мясныя. Яшчэ — наборы для салянкі, для баршчу. Дужа цяжкі гэты пакупнік. Стараемся пад іх падладзіцца. Звоняць па тэлефоне. Мы ім пакідаем тавар. Вечарам прыходзяць і забіраюць”, — кажа загадчыца адной зь мясцовых крамаў.

Тут жа на вуліцы Цыялкоўскага месьціцца й сядзіба абласной арганізацыі Таварыства інвалідаў па зроку. Арганізацыя — самая малая ў Беларусі. У яе сьпісах 1800 сяброў. Інваліды па зроку, кажуць у арганізацыі, часта сутыкаюцца з праявамі дыскрымінацыі ад здаровых людзей.

“Не разумеюць, што невідушчы чалавек — гэта такі ж, як і відушчы. Проста ён ня бачыць. І пачынаеш тады тлумачыць, што — так, я ня бачу. Вось вы без акуляраў і ня бачыце? Калі ў акулярах, то ня бачыш, калі без акуляраў — тады бачыш”, — кажа супрацоўніца арганізацыі.

Адзін з уваходаў у двор да невідушчых людзей поўны вады
Па дарозе на міні-рынак пачалі будаваць дом. Невідушчым цяпер трэба абыходзіць будоўлю.
Прыбіральня пасярод двара.
Невідушчы ідзе па харчы


На Магілёўшчыне згарнулі надомную вытворчасьць для невідушчых


Інваліды па зроку маглі б працаваць больш і адпаведна былі б лепш забясьпечаныя матэрыяльна, аднак дзяржава не дае ім такой магчымасьці:

“Калі ў нас надомная вытворчасьць была разьвітая, калі была дзяржаўная замова, тады людзі займаліся працай. Цяпер, на жаль, няма надомнай працы. Якая раней у нас была надомная вытворчасьць у Магілёве! Надомная праца для інвалідаў — гэта вялікая сіла. Асабліва для малых раёнаў”.

У Магілёве ёсьць спэцыялізаванае прадпрыемства для невідушчых. Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Ціфлос” дае працу толькі тром сотням інвалідаў.


ВІЦЕБШЧЫНА


У крызіс зачынілі адзіную ў рэгіёне школу-інтэрнат для дзяцей — інвалідаў па зроку


На Віцебшчыне цяпер няма ніводнай школы, дзе б навучалі дзетак — інвалідаў па зроку. Раней такая ўстанова існавала ў пасёлку Езярышча Гарадоцкага раёну. Гэта быў інтэрнат, куды прывозілі выхаванцаў з усяе вобласьці, распавядае настаўніца былой спэцшколы:

“Нашу школу-інтэрнат рэарганізавалі ў дзіцячы дом, і няма больш такой школы ў Віцебскай вобласьці. На жаль! Бо ў нас дзеці нават у ВНУ паступалі, двое нашых выпускнікоў настаўнікамі працуюць, адзін настаўнікам працы, другі настаўнікам музыкі… Цяпер такімі дзеткамі займаюцца рэгіянальныя цэнтры карэкцыйнага навучаньня. Але тыфляпэдагогаў і дэфектолягаў мала, і дзеці — інваліды па зроку, асабліва зусім невідушчыя дзеці, не атрымліваюць патрэбнай ім дапамогі”.

Са школы забралі ўсё лепшае, а “брайлеўскую” літаратуру кінулі.
Супрацоўніца былой спэцшколы для дзяцей-інвалідаў распавяла, што навучальную ўстанову расфармавалі, але так і засталася незапатрабаванай адмысловая літаратура для невідушчых. А яна — сапраўдны дэфіцыт, бо рэдка перавыдаецца:


Калі школу рэарганізавалі, дык усё лепшае ў нас забралі. А “брайлеўская” літаратура ўся засталася. Цэлы склад ёй закладзены — там і падручнікі, і мастацкая літаратура. Я колькі разоў праз абласны аддзел адукацыі спрабавала гэта перадаць у іншыя школы, але чыноўнікам, відаць, не да гэтага зараз”.

Між тым кнігі з адмысловым рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля дарагія і рэдка перавыдаюцца. Невідушчыя чытаюць іх навобмацак, і таму кнігі хутка амартызуюцца — скарыстаць адну кнігу могуць ня больш за 5 чалавек.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У інвалідаў дзяржава адбірае йльготы


У Гарадзенскім абласным аддзяленьні інвалідаў па зроку налічваецца зараз болей за 2,4 тысячы чалавек. Пра найбольш выразныя праблемы гэтых людзей паведамляе Міхал Карневіч.

На Гарадзеншчыне, акрамя абласной арганізацыі інвалідаў па зроку, у кожным раённым цэнтры існуюць свае структуры. У Наваградку і Горадні ёсьць спэцыялізаваныя прадпрыемствы, дзе працуюць інваліды па зроку.

Спэцыялізаваныя прадпрыемствы змушаны скарачаць працоўны тыдзень


На УП “Фільтр” у Горадні працуюць 154 інваліды па зроку. Тут вырабляюць фільтры для аўтамабіляў і трактароў як для ўнутранага рынку, так і на экспарт, пераважна ў Расею.

Дырэктар прадпрыемства Віктар Уласаў распавядае, што ў крызісны час даводзіцца працаваць няпоўны тыдзень. У параўнаньні зь мінулым годам вытворчасьць, зь яго слоў, зьнізілася на 10% . Тым ня менш, зьвяртае ўвагу дырэктар, прадпрыемства карыстаецца падатковымі йльготамі.

Пытаюся — ці мае прадпрыемства ад дзяржавы дапамогу, скажам, каб мадэрнізаваць вытворчасьць, каб збываць прадукцыю?

Уласаў: “Не, такой дапамогі нам ніхто не аказвае. У гэтым сэнсе мы існуем на агульных падставах, як і ўсе”.

На наваградзкім заводзе “Эфатон” працуюць 103 інваліды па зроку. Дырэктар Іван Ермакоў распавядае, што ў іх чатырохдзённы працоўны тыдзень. Ён таксама кажа, што дзяржава не застаецца ўбаку ад інвалідаў. Я пытаюся ў яго — колькі сёньня зарабляюць інваліды па зроку на прадпрыемстве?

Ермакоў: “Ведаеце, гэта, напэўна, справа тых, хто працуе, і думаю, што я ня маю права на тое, каб раскрываць іх заробкі. Але я ацэньваю заробкі як невысокія, і мая задача — іх павышаць”.

Старшыня Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі інвалідаў па зроку Міхаіл Петрачук звыш 30 гадоў адпрацаваў на прадпрыемстве “Фільтр” у Горадні і кажа, што заробкі там вельмі нізкія.

Праўда, ён ня хоча сёньня наракаць. Наадварот, імкнецца распавесьці, што грамадзтва апошнім часам усё ж паварочваецца тварам да інвалідаў. Распавядае, што людзі ўважлівей ставяцца на вуліцах, у транспарце, крамах, імкнуцца дапамагчы, калі бачаць інваліда.

Але, з другога боку, спадар Петрачук з крыўдай кажа, што інвалідаў дзяржава пазбавіла некаторых ільготаў.

Петрачук: “Інваліду 1 групы ў горадзе ёсьць суправаджаючы, а на раёне — няма. А як быць бяз гэтага? Вось у мяне ёсьць лецішча, якое дапамагае выжываць. Суправаджае мяне туды, як правіла, дачка. Мне бясплатна, а ёй трэба плаціць, а раней жа такога не было”.

Я напісаў шмат лістоў з заклікам аб дапамозе 450 інвалідам. Не атрымалі і па тысячы рублёў на чалавека.
У размове са спадаром Петрачуком мы загаварылі пра людзкую дапамогу інвалідам. Вось прыклад з жыцьця.

Петрачук: “У мяне ў арганізацыі 450 інвалідаў. Сёлета я напісаў 13 лістоў на розныя прадпрыемствы з тым, каб аказалі матэрыяльную дапамогу. Мне ніхто не дапамог, толькі адна арганізацыя, якая належыць да ДАІ, яны робяць на дарогах разьметку, дала 300 тысяч. Дык я на гэтыя грошы купіў харчовыя пайкі і раздаў на 50 чалавек”.

“Верыць у лепшае мне дапамагае Радыё Свабода”


Журналіст, паэт, пісьменьнік Мікалай Каралёў жыве ў Горадні. Яму 82 гады, але ён працягвае пісаць, выдае новыя кнігі. Гэта зусім ня проста: ён інвалід па зроку, жыве на 9-м паверсе, на вуліцу амаль не выходзіць.

За апошнія тры гады Мікалай Каралёў выдаў чатыры кніжкі. Адна зь іх прысьвечаная спартоўцам Гарадзеншчыны, якія таксама дрэнна бачаць.

Каралёў: “Я напісаў кнігу, якая называецца “Залатыя россыпы Прынёманьня”, я прысьвяціў яе інвалідам па зроку, якія дабіліся высокіх дасягненьняў, сталі параалімпійскімі чэмпіёнамі, у нас іх чатыры. Гэтая кніга нават трапіла ў асабістую бібліятэку прэзыдэнта, адтуль напісалі такую пісульку, што “вашая кніжка знаходзіцца ў пастаянна дзеючай бібліятэцы прэзыдэнта рэспублікі”. Я зрабіў яе таму, што алімпійцаў у нас на Гарадзеншчыне многа, але параалімпійцаў нашых усё забывалі”.

Як піша кнігі інвалід па зроку?


Мікалай Каралёў кажа, што калі працаваў над кнігай, сустракаўся, напрыклад, з параалімпійкай Ядвігай Скарабагатай. Іншы чэмпіён, Мікалай Дзенісевіч, прыяжджаў да яго. А каб нешта ўдакладніць, аўтар карыстаўся тэлефонам. Як ён піша свае кнігі?

Каралёў: “Ніхто мне пісаць не дапамагае. У мяне ёсьць трафарэтка, укладаю паперу ў яе, закрываю і пішу радок за радком, потым наступную старонку. Затым аддаю ў кампутарны набор. Карэктуру мне дачка дапамагае рабіць, вычытвае. Ну, канечне, мне потым зачытваюць, я ж павінен праслухаць. А ўвогуле я спачатку пішу на магнітафон тэкст свой, бо калі на паперы адразу пісаць і трэба штось паправіць, то я не знайду тады. А на магнітафоне я магу адагнаць стужку назад і зрабіць нейкі сказ новы, устаўку. А потым з магнітафону — я ўжо на паперу перапісваю”.

Каралёў: “Я зрабіў два нарысы вялікія і аддаў у часопіс “Нёман”, адзін рукапіс назваў “Высяленцы”: як тут з Гарадзеншчыны высялялі ў 1939-м годзе, у 1940-м — хтосьці лесьніком быў, хтось зямлю меў. Напісаў я нарыс гэты на беларускай мове”.

Дарэчы, Мікалай Каралёў — адзін з аўтараў кнігі “Верш на Свабоду”, што выйшла ў “Бібліятэцы Свабоды”, ён чытае на памяць гэты верш:

“На плошчу я прыйшоў якраз
у той гарачы самы час,
калі разгон рабіў “спэцназ”.
Вядома ж, як і іншым, мне
дубінкай лупцанулі па сьпіне.
Калі б ня даў адтуль я ходу,
пазнаў бы больш што пра свабоду.
А мітынгу таго арганізатары
свабоду пазнавалі ў ізалятары”.
XS
SM
MD
LG