Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьляпыя сьвецяць відушчым


Мільён электраразэтак за дзень. Столькі выпускаюць прадпрыемствы Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Сёньня, калі адзначаецца Міжнародны дзень сьляпых, старшыня таварыства Алег Шэпель знаходзіцца ў Маскве.

Алег Шэпель паведаміў Свабодзе, што ў Маскву ён прыехаў на міжнародную выставу электратэхнічных вырабаў, дзе шукае новыя кантракты на наступныя год. Асноўным рынкам для беларускіх разэтак і выключальнікаў застаецца расейскі, паколькі патрэбы Беларусі айчынныя прадпрыемствы сьляпых здольныя забясьпечыць за 10 дзён. На пэрспэктывы кантрактаў Алег Шэпель глядзіць аптымістычна.

Сярод прадукцыі, якую яшчэ выпускаюць інваліды пра зроку ў Беларусі – фільтры для практычна ўсіх аўтамабіляў, вулічнае асьвятленьне ці плястмасавыя сядзеньні для стадыёнаў. У дваццатыя гады, дарэчы, першыя арцелі для сьляпых, якія дапамагала засноўваць таварыства, пачыналі з выпуску вяровак і шчотак.

Невідушчы чалавек павінен быць заняты, падкрэсьлівае Алег Шэпель, сам інвалід другой групы па зроку, заслужаны майстар спорту. Занятасьць і запатрабаванасьць ў грамадзтве інваліды па зроку акрэсьліваюць як вышэйшую ступень сваёй рэабілітацыі. На сёньня ў Беларусі каля 20 тысяч чалавек маюць 1 і 2 групу інваліднасьці па зроку, штогод яе атрымліваюць прыблізна 2 тысячы .

Алег Шэпель таксама запэўніў Радыё Свабода, што ў бібліятэках для сьляпых можна знайсьці гукавыя кнігі па-беларуску. А вось беларускамоўнага варыянту пісьма Брайля , як са шкадаваньнем адзначыў старшыня, пакуль яшчэ ніхто не стварыў.
XS
SM
MD
LG