Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Самагубствы і карупцыя — прыкметы сёньняшняй міліцыі


Указам Аляксандра Лукашэнкі адпраўлены ў адстаўку кіраўнік гарадзенскай міліцыі Генадзь Хацько. За два месяцы гэта ўжо трэцяя адстаўка абласных міліцэйскіх начальнікаў. Чым абумоўленая чарговая чыстка міліцэйскага кіраўніцтва?

Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку генэрал-маёра міліцыі Генадзя Хацько, які кіраваў гарадзенскай міліцыяй з 2004 году. Адстаўку Генадзя Хацько ў Міністэрстве ўнутраных спраў не камэнтуюць. У прыёмнай былога начальніка гарадзенскай міліцыі сказалі, што ўжо працяглы час ягоныя абавязкі фактычна выконваў першы намесьнік:

“Ужо даўно абавязкі начальніка ўправы выконваў ягоны першы намесьнік. Так, гэта было зьвязана зь ягонай хваробай”.

З часу адстаўкі ў сакавіку былога міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава гэта ўжо трэцяя адстаўка абласнога міліцэйскага начальніка. У жніўні былі зьмененыя кіраўнікі берасьцейскай міліцыі — Віктар Красьнічэнка, а таксама гомельскай міліцыі — Сяргей Шутаў.

Мечыслаў Грыб
Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб мяркуе, што ў міліцыі адбываецца чыстка вышэйшага кіраўніцтва, якая тлумачыцца барацьбой розных груповак сілавікоў за кантроль над гэтым ведамствам.

“Падставы для адставак знайсьці лёгка, улічваючы ступень карумпаванасьці і агульны дрэнны стан спраў у міліцыі. Паглядзіце, за год ужо 10 выпадкаў самагубства міліцыянтаў. Такога ніколі не было!” — заўважае Мечыслаў Грыб, які ў 1980-я гады кіраваў віцебскай абласной міліцыяй. Сярод фактараў, якія, на думку Мечыслава Грыба, уплываюць на ўзровень самагубстваў — на першым месцы сацыяльныя ўмовы жыцьця міліцыянта і сытуацыя ў калектыве, дзе ён нясе службу:

“Вельмі істотна, ці кіруюцца там законам, як належыць, альбо на першым месцы загад начальства, які не заўсёды супадае з патрабаваньнем закону. Тады сапраўды можа наступіць расчараваньне, незадаволенасьць, што пішуць адно, а прымушаюць рабіць другое”.

У канцы кастрычніка ў Шклове з табельнага пісталета застрэліўся ўчастковы міліцыянт. Мінула ня больш за тыдзень, як у лесе каля вёскі Літараўцы Дзятлаўскага раёну знайшлі цела 26-гадовага паставога міліцыянта на прозьвішча Муха, які павесіўся. Журналісты падлічылі, што гэта быў 10-ты выпадак самагубства міліцыянтаў у 2009 годзе. У прэсавай службе МУС падлікі не камэнтуюць, а выпадкі самагубстваў тлумачаць чалавечымі праблемамі, уласьцівымі ўсім людзям незалежна ад прафэсіі. Кажа прэсавы сакратар МУС Сьвятлана Бароўская:

Сьвятлана Бароўская
“Не магу ні з чым гэта зьвязаць. У іншых краінах сьвету гэта адбываецца яшчэ часьцей. На жаль, гэтак бывае. З гэтым разьбіраюцца”.

Сьвятлана Бароўская сказала, што ёй невядома пра адмысловую праверку ў органах МУС у сувязі зь вялікай колькасьцю самагубстваў сярод супрацоўнікаў. Што да пэўных выпадкаў, то іх праверкай займаецца пракуратура, як патрабуе закон, запэўніла кіраўніца прэсавай службы МУС.

Былы міліцыянт Сяргей Парсюкевіч, які служыў яшчэ на пачатку 2000-х гадоў, кажа пра палітычныя прычыны напружанасьці ў шэрагах міліцыянтаў:

Сяргей Парсюкевіч
“Гаворка пра рэпрэсіі супроць мірных жыхароў. Я вось не лічу, што людзі, якія стаяць на вуліцы з партрэтамі зьніклых, парушаюць нейкі парадак. А міліцыянтаў прымушаюць іх разганяць. А што творыцца потым у пастарунках?! Ня ўсе з гэтым згодныя. Такім чынам, розныя прычыны: памылкі ў кадравым падборы, жыльлёвая неўладкаванасьць, вялікая напружанасьць працы, невялікі заробак. Нават калі мільён і атрымлівае міліцыянт — хіба на гэтыя грошы можна зараз пражыць?”



Паводле дадзеных, разам з ростам узроўню самагубстваў сярод шараговых міліцыянтаў расьце карупцыя сярод іх вышэйшага начальства. Днямі пракуратура завяла крымінальную справу на начальніка ДАІ Баранавіцкага райаддзелу міліцыі. Паводле праверкі, міліцыянт выпісваў фальшывыя квітанцыі аб штрафе і гэтак прысабечыў амаль мільён рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG