Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навумаў займаецца толькі хакеем


Уладзімер Навумаў

Уладзімер Навумаў

“Прыйдзе час, і я адкажу на ўсе пытаньні, якія вас цікавяць”, - заявіў на прэс-канфэрэнцыі з нагоды адкрыцьця ў Менску чэмпіянату сьвету па хакеі сярод юніораў экс-міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў.


“Я не хацеў бы сёньня адказваць на пытаньні, якія не зьвязаныя з хакеям”, - сказаў былы міністар. Ён паабяцаў праз некаторы час расказаць журналістам аб прычынах сваёй адстаўкі.

Адносна яго пэрспэктываў на пасадзе кіраўніка фэдэрацыі хакею, У.Навумаў заявіў:

“Я папрасіў, каб мяне адпусьцілі пакуль з адной пасады”.

6 красавіка Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, якога краіны Эўразьвязу і ЗША падазраюць у датычнасьці да спраў зьніклых. Адстаўка не пашкодзіла экс-міністру адкрыць сёньня чэмпіянат сьвету па хакеі ва ўзроставай катэгорыі да 19 гадоў.


СЛУХАЦЬ:



Кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі пацьвердзіў “Свабодзе” інфармацыю пра адстаўку Ўладзімера Навумава:

“Кіраўніком дзяржавы сёньня падпісаны ўказ, паводле якога прынятая адстаўка міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава з прычыны ягонага здароўя”.

Павал Лёгкі мяркуе, што рапарт аб адстаўцы Ўладзімер Навумаў падаў раней. “Прэзыдэнт не прымае спантанных неабдуманых рашэньняў. Таму, мяркую, рапарт ня сёньня быў напісаны і ня сёньня пададзены, але падпісаны сёньня”.

Кіраўнік прэсавай службы Лукашэнкі сказаў, што ня ведае, хто замест Навумава будзе прызначаны на пасаду міністра ўнутраных спраў. “Відаць, гэта з тых пасадаў, якая не павінна доўга пуставаць”, — выказаў меркаваньне Павал Лёгкі.

Да прызначэньня прэзыдэнтам Беларусі новага кіраўніка МУС часова выконваць абавязкі міністра ўнутраных справаў будзе генерал-маёр міліцыі Анатоль Куляшоў. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў міліцэйскім ведамстве.

Ва Уладзімера Навумава, адстаўку якога па стане здароўя 6 красавіка прыняў кіраўнік дзяржавы, А.Куляшоў быў першым намесьнікам.

На пасаду першага намесьніка — начальніка крымінальнай міліцыі А.Куляшоў быў прызначаны ўказам прэзыдэнта 4 сьнежня 2008 году. Да гэтага часу на працягу трох месяцаў ён зьяўляўся намесьнікам міністра ўнутраных справаў — начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі. На згаданую пасаду А.Куляшоў прыйшоў з пасады кіраўніка сталічнай міліцыі.

Як камэнтуе сваю адстаўку Ўладзімер Навумаў? Зьвязацца зь ім не ўдаецца. Як паведамілі ў прэсавай службе міністэрства ўнутраных спраў, удзень Уладзімер Навумаў быў заняты на мерапрыемствах, не зьвязаных зь міліцэйскай службай:

“Ён сёньня сустракае Рэнэ Фазэля, кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Будзе адкрываць чэмпіянат сьвету”.

Нагадаю, сёньня ў Менску стартуе чэмпіянат сьвету па хакеі для каманд ва ўзросьце да 19 гадоў. Уладзімер Навумаў, які ўзначальвае Беларускую фэдэрацыю хакею, прысутнічаў пры адкрыцьці чэмпіянату. Дарэчы, нядаўна ў інтэрнэце зьявіўся ананімны ліст міліцыянтаў з патрабаваньнем адстаўкі Ўладзімера Навумава. Сярод прэтэнзій, выказаных міністру калегамі, было і тое, што ён нібыта аддае хакею зашмат працоўнага часу, а зь бюджэту міністэрства ідуць мільёны даляраў на падтрымку каманды “Дынама-Мінск”, якая гуляе ў расейскай хакейнай лізе.

Уладзімер Навумаў уваходзіць у сьпіс вышэйшых чыноўнікаў, якім краіны Эўразьвязу і ЗША забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю з прычыны падазрэньняў у датычнасьці да выкраданьня вядомых палітыкаў і журналіста ОРТ Зьмітра Завадзкага. І пасьля адстаўкі Навумава Сьвятлана Завадзкая ня верыць, што гэта дасьць імпульс расьсьледаваньню справы аб зьнікненьні яе першага мужа:

“Трэба ж зноў аднаўляць расьсьледаваньні, выклікаць гэтых людзей на допыты, разьбірацца са стосамі дакумэнтаў, якія сабралі сваякі зьніклых ды іх юрыдычныя прадстаўнікі. Трэба разьбірацца з гэтымі прозьвішчамі — Навумаў, Шэйман і гэтак далей. Але ж гэтага ніхто ня робіць, і здаецца, што гэтыя людзі жывуць яшчэ лепш, чым да таго, як страцілі свае пасады”, — кажа Святлана Завадзкая.



Раней са сьпісу “неўязных” высокапастаўленых чыноўнікаў былі адпраўленыя ў адстаўку міністар унутраных спраў у 1999—2000 гадох Юры Сівакоў, камандзір брыгады спэцназу Зьміцер Паўлічэнка, генэральны пракурор Віктар Шэйман. Паводле апошніх дадзеных, Юры Сівакоў працуе намесьнікам рэктара Менскага інстытуту кіраваньня, Зьміцер Паўлічэнка служыць у штабе Ўнутраных войскаў, Віктар Шэйман працуе памочнікам прэзыдэнта па адмысловых даручэньнях, узначальвае беларуска-вэнэсуэльскую камісію. Уладзімер Навумаў падчас падзей 1999—2000 гадоў, калі зьнікалі палітычныя апанэнты рэжыму, кіраваў службай бясьпекі прэзыдэнта, а да таго часу быў камандзірам спэцаддзелу “Алмаз”.


Уладзімер Навумаў нарадзіўся 7 лютага 1956 году ў Смаленску. У сыстэме МУС – ад 1976 году.

У 1991 г. ачоліў рэспубліканскі атрад міліцыі спэцыяльнага прызначэньня, якім кіраваў 6 год.

Быў першым кіраўніком спэцпадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз”.

У студзені 1999 году прызначаны кіраўніком Службы бясьпекі прэзыдэнта.

25 верасьня 2000 году прызначаны міністрам унутраных справаў .

Навумаў унесены ў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу і ЗША і чые фінансавы актывы замарожаныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG