Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навумаў атрымаў візу ў Швэйцарыю яшчэ ў рангу міністра


Уладзімер Навумаў

Уладзімер Навумаў

Сёньня кіраўніцтва Фэдэрацыі хакею Беларусі наладзіла прэс-канфэрэнцыю з нагоды атрыманьня права на правядзеньне ў Менску сусьветнага першынства 2014 году.

Спартовыя чыноўнікі запэўнілі: за пяць наступных гадоў для прыёму замежных камандаў і заўзятараў будзе падрыхтаваная неабходная інфраструктура, а чэмпіянат сьвету зьдзівіць удзельнікаў сваім размахам. Усяго за гэты час у Беларусі плянуецца ўзьвесьці тры дзясяткі лядовых палацаў. Колькі будзе каштаваць беларусам гэты чэмпіянат?

Агітаваць за Беларусь у Швайцарыю езьдзіў асабіста старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі, экс-міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў. Ад 2006 году ён значыцца ў сьпісах беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Швайцарыя таксама далучылася да гэтага рашэньня, аднак генэрал зазначае, што ніякіх візавых праблемаў ня меў. Я пацікавіўся: ці магло на станоўчым рашэньні адбіцца тое, што цяпер ён ня мае рангу сілавога міністра?

“У мяне не было праблем з атрыманьнем візы, і, дарэчы, атрымліваў я яе, знаходзячыся на пасадзе міністра. То бок я раней атрымліваў візу, чым прыняў рашэньне сысьці з гэтай пасады. Справа ў тым, што гэта розныя рэчы — спартовыя мерапрыемствы і службовая пасада. Да таго ж ёсьць абавязаньне Міжнароднага алімпійскага камітэту — даваць магчымасьць вырашаць спартовыя пытаньні. Я вельмі прасіў аргкамітэт, таму што разумеў: заяўка безь мяне ня ў поўнай меры магла б адбыцца. Так ужо было ў мінулыя разы, калі я ня езьдзіў. У выніку атрымалася тое, што маем”.

Перад выхадам у адстаўку Навумаў таксама сказаў, што вызначыцца са сваёй будучыняй на пасадзе кіраўніка старшыні Фэдэрацыі хакею ў залежнасьці ад таго, ці атрымае Беларусь права правядзеньня чэмпіянату. Аднак сёньня заявіў, што мусіць наконт гэтага яшчэ параіцца з калегамі:

Фігуркі хакеістаў на стале Ўладзімера Навумава
“Ведаеце, я яшчэ сапраўды не прыняў канчатковага рашэньня. Адзінае, што пасьля таго як прайшоў чарговы, дастаткова цікавы для сябе адрэзак у выглядзе атрыманьня чэмпіянату сьвету, думаю, што на наступным тыдні мы правядзём выканкам Фэдэрацыі хакею і я яшчэ параюся са сваімі калегамі”.

Колькі будзе каштаваць для Беларусі чэмпіянат сьвету? Яшчэ раней Уладзімер Навумаў запэўніваў: Беларусь ня мае за мэту абагаціцца на хакейным першынстве, аднак пры любым раскладзе форум папоўніць дзяржаўны бюджэт. А вось памер выдаткаў на падрыхтоўку надта не афішуецца. Пакуль што называецца лічба блізу 12 мільёнаў даляраў, якія пойдуць на рэкляму, друкаваньне квіткоў і даведачнай літаратуры. Зразумела, што будаўніцтва лядовых комплексаў абыдзецца ў нашмат большыя грошы. Так, 15-тысячная “Мінск-Арэна”, якую мяркуюць здаць сёлета 7 лістапада, як заяўляюць беларускія чыноўнікі, будзе самай сучаснай у сьвеце. Паводле папярэдніх зьвестак, агульны кошт толькі гэтай арэны перавысіць 100 мільёнаў даляраў. Між тым заплянаваны прыбытак ад чэмпіянату сьвету Навумаў ацэньваў у суму напалову меншую — 40-50 мільёнаў даляраў.

Тым часам у менскім мікрараёне Чыжоўка ўжо пачалі капаць катлаван пад другі хакейны палац на 8,5 тысяч гледачоў. Гэтаксама немалыя сродкі запатрабуюцца на будаўніцтва новых гатэляў і рэканструкцыю тых, якія ўжо існуюць. Паводле Генэральнага сакратара Фэдэрацыі хакею Беларусі Сяргея Ганчарова, да 2014 году ў Беларусі запрацуе 48 хакейных арэнаў. Прычым за пяць бліжэйшых гадоў будуць здадзеныя пляцоўкі ў 30 гарадох.

Сяргей Ганчароў
Уладзімер Навумаў лічыць, што асноўных прыбыткаў трэба чакаць ад замежных турыстаў, якіх чакаецца больш за 50 тысяч. Прычым добрую палову могуць скласьці расейцы. Апроч таго, падчас прэзэнтацыі беларускай заяўкі ў Бэрне Навумаў паабяцаў, што на час правядзеньня сусьветнага першынства Беларусь стане бязьвізавай краінай: цягам двух ці трох тыдняў кожны замежнік зможа наведаць Беларусь без аніякіх праблемаў. Цяпер з-за дарагоўлі беларускіх візаў і складанасьцяў зь іх афармленьнем прыезд у Беларусь іншаземцаў практычна зьведзены да нуля.

Незалежныя экспэрты лічаць: пераарыентацыя фінансавых патокаў на хакейную інфраструктуру кепска адаб’ецца на астатніх відах спорту, якія будуць вымушаныя пачакаць, пакуль у краіне будуюцца лядовыя палацы. Вось меркаваньне былога спартовага камэнтатара Беларускага тэлебачаньня Ўладзімера Даўжэнкі:

“Канечне, да 2014 году можа вельмі многае зьмяніцца ва ўсіх сфэрах. Але, улічваючы крызіс, трэба быць больш сьціплымі. Прыкладам, сёлетняе „Эўрабачаньне“ абышлося ў 35 мільёнаў эўра. Некалькі гадоў таму конкурс быў у Грэцыі, грэкі спакойна „ўлезьлі“ ў 14 мільёнаў. То бок гэты гігантызм нікому не патрэбны. Зараз пачнуць масава будаваць палацы (у Чыжоўцы ўжо пачалі), гэта значыць, будуць адразаць ад іншых. Нібыта плянуюць прыбытак атрымаць у 40 мільёнаў даляраў, але прынамсі 12 мільёнаў трэба бухнуць цяпер. А гэта значная лічба. І чэмпіянат сьвету, калі лягічна разважаць, то гэта прыхамаць — пры ўсёй павазе да нашых хакеістаў і іхнага разьдзьмутага 8 месца. Правядзеньне чэмпіянатаў сьвету — гэта не паказьнік здароўя нацыі. Прайшла інфармацыя, што скарацілася 785 ставак настаўнікаў фізкультуры. Вось дзе ўдар па здароўі. А чэмпіянат сьвету — гэта нейкае створанае самаўяўленьне. Але зусім не абавязкова яго праводзіць”.
XS
SM
MD
LG