Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Освобожденный Белосток” — наша газэта!


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Штосьці даўно ня браў я ў рукі газэту “Освобожденный Белосток”, жарт, канечне, прычым гарадзенскі жарт. Патлумачу: у Горадні адзначылі нядаўна ўгодкі газэты “Освобожденный Белосток”, якая выходзіла семдзесят гадоў таму. Гучыць нібы як кур’ёз, згодны. Абласная “Гродзенская праўда” тым ня менш выводзіць свой радавод менавіта ад яе, беластоцкай, таму сьвяткавалі канкрэтна гэтую дату, хаця выданьне з назвай “Гродзенская праўда” зьявілася ўпершыню толькі ў 1944 годзе. Вось так: улады мясцовыя адзначаюць спачатку 65-годзьдзе стварэньня вобласьці, а затым адразу — 70-я ўгодкі абласной газэты. Нейкія арыфмэтычныя дзівосы дый годзе…


Канечне, у савецкія часы ў гэтай справе адчуваўся адназначна эпатажны прысмак: дзе той Беласток, сябры? “За калючым дротам”, на сумежнай тэрыторыі! Памятаю, калі на пяцідзесяты юбілей гарадзенцы запрасілі беластоцкіх рэдактараў, госьці зьніякавелі, пачуўшы, што прыехалі выпіць за “Освобожденный Белосток”. Мінула дваццаць гадоў і — абсалютна новы момант: частка журналістаў, якія доўгі час працавалі ў “Гродзенскай праўдзе”, на сьвяточны сход запрашэньня не атрымалі. У БССР усе былі аднолькавыя, у РБ інакш, існуюць, усім вядома, чэсныя і нячэсныя. Праўда, непрыхільнісьці паміж імі няма, узаемаадносіны застаюцца прыяцельскія, прынамсі на мясцовым, гарадзенскім узроўні. Пакуль не даходзіць да спраўджаньня сьпісаў, тут ужо крытэр “свой-чужы” дзейнічае жалезна. Праўда, ад былога калегі даведаўся, што ў кніжцы, якую зрабілі да сьвята газэты, на групавым здымку ёсьць і мой твар. Што ж, файна, што ня выразалі, як маршала Тухачэўскага калісьці з падручнікаў, мусіў пажартаваць я. (На тым здымку мы ў палявой форме ў складзе рэдакцыі армейскай газэты на вайсковых зборах).

Мне было цікава, як у сёньняшнія дні “зьдзьмуюць пыл” са сшыўкі часоў Вызваленчага паходу? Пяяць “Освобожденный Белосток” — усё ж гэта не зусім дыпляматычна было б, не па-дабрасуседзку. Праўда, на сходзе я ня быў, прамоўцаў ня чуў, а ў справаздачы пра беластоцкую газэту чамусь ані слова. Але замест гэтага адная супрацоўніца рэдакцыі паведаміла нечакана, што гарадзенская абласная паходзіць ад газэты “Вольная праца”. Яна таксама друкавалася ў Беластоку, але ж напачатку 1940-га! Значыцца, сямідзесятай гадавіны ніяк не выпадала адзначаць. Канечне, прысмак гістарычных дзеяў — рэч цікавая: калісьці ў БССР існавала Беластоцкая вобласьць! Але ж сёньняшняя Гарадзенская, яна — зусім іншая, і якія тады адносіны да гарадзенскай газэты мае “Освобожденный Белосток”? І што вы наконт гэтага думаеце?

Асабіста ў мяне ўзьнікае ўсё ж адчуваньне бадай падмены. Зрэшты, для нас гэта не навіна. Вось жа РБ пнецца нацягнуць на сябе сталінскі мундзір, прымерыць ролю СССР-а, паслухаць прапагандысцкія тэлепраграмы, дык апошнюю вайну выйграла Беларусь, Бэрлін штурмавала беларуская армія, і сталіца савецкая разьмяшчалася амаль у Менску… Хаця, чаго дзівіцца? Узяць, прыкладам, армію цяперашнюю. Няўзброенае вока бачыць, што яна — Беларуская вайсковая акруга сёньня, кавалак Савецкай арміі, па-ранейшаму выхоўваецца на слаўных баявых традыцыях Грознага Івана, Пятра Першага і Суворава, само сабой, як жа безь яго?! “Куля ж дура, штык маладзец!” І на традыцыях Варашылава і Будзёнага, безумоўна, трымаецца і Сталіна Ёсіфа Вісарыёнавіча, якому пад Менскам прысьвяцілі галоўны турыстычна-мілітарны аб’ект. Гарадзенскае начальства тым часам “Лінію Молатава” аднаўляе ля Аўгустоўскага каналу, які прагне эксплюатаваць разам з польскім бокам, між іншым.

Дый з назвай краіны, зь яе зьместам таксама заўважныя падмены. Нам рашуча заявілі: прэзыдэнцкая Беларусь ня мае ніякага дачыненьня да БНР, але мы ўвогуле пераконваемся, што РБ насамрэч — “БССР сёньня”, “Советская Белоруссия сегодня”, а зусім ня “Вольная Беларусь”, што выходзіла калісьці ў Менску. Мы бачым, што пасаду кіраўніка краіны ў нас разумеюць як месца, хай не генэральнага, але ва ўсякім разе — першага сакратара ЦК партыі. Маладзён на гарадзенскай вуліцы зьдзіўляецца: які гэта ўжо будзе тэрмін — чацьверты? Не, гэта адназначна замнога!..

Што да Беластоцкай вобласьці, то згадка пра яе сёньня прысутнічае ў Горадні, хай ускосна. Пяць гадоў таму паставілі ў горадзе вялізны манумэнт савецкім памежнікам з бронзы. Сам галоўнакамандуючы прыяжджаў на адкрыцьцё. Мясцовыя творцы да помніка дачыненьня ня маюць, таму не баяцца крытыкаваць: занадта па-савецку плякатны атрымаўся, кажуць. Але ёсьць і адметнасьць: памежнымі слупамі з савецкім гербам у манумэнце адзначаны ўсе заставы, што існавалі некалі ў Беластоцкай вобласьці — на тэрыторыі Рэспублікі Польшча сучаснай.

Вось такі казус “беластоцкі” атрымаўся, можна сказаць. Але з другога боку, згадзіцеся, “праназва” нашага “гарадзенскага” друкаванага органа “Освобожденный Белосток” гучыць незвычайна, адзінкава, можна сказаць, як на газэту — пагатоў. Не было ж, прыкладам, “Вызваленага Гродна” альбо Сапоцкіна. Тут міжволі ўзгадаеш “Вызвалены Ерусалім” — паэму вядомага італьянца Тарквата Таса, які жыў у ХVІ стагодзьдзі. Чалавек быў апантаны задумай увасобіць у паэзіі высілкі ўдзельнікаў крыжовага паходу, якія па закліку Папы Рымскага прагнулі адваяваць у сарацынаў дамавіну Гасподню і стварыць сваю дзяржаву. Паэма сканчаецца перамогай. Аўтар, аднак, баяўся інквізыцыі, якая чытала літаратурныя творы паміж радкоў нібы якая сталінская цэнзура альбо НКВД, вышукваючы адхіленьняў ад “генэральнай лініі”. Тарквата Таса трапіў у вар’ятню, пазьней ён перарабіў твор, зьмяніў і назву — на “Заваяваны Ерусалім”.

Шыльда беластоцкай газэты таксама праіснавала нядоўга, перастала задавальняць, яе зьмякчылі, праўда, даволі крывадушна, праца зусім не была вольнай у краіне ГУЛАГу. Хаця, з другога боку мяжы наўрад ці жылося лепей у той час. А Беласток, як у рэшце рэштаў высьветлілася, аказаўся ўсё ж “заваяваным”, а ня “вызваленым”, як і той славэтны Ерусалім, які крыжакі ўсё роўна страцілі потым.
XS
SM
MD
LG