Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 гадоў таму, 1 верасьня 1939 году, нападам Нямеччыны на Польшчу пачалася ІІ усясьветная вайна. Ваенныя дзеяньні ахапілі і заходнебеларускія землі, якія на той момант знаходзіліся ў польскай юрысдыкцыі. Ці можна лічыць, што Беларусь была ўцягнутая ў вайну менавіта 1 верасьня 1939-га, а не двума гадамі пазьней, як падае афіцыйная гісторыя?


Сярод гісторыкаў дагэтуль няма адзінства што да таго, ці можна лічыць 1 верасьня пачаткам вайны для Беларусі — прынамсі для заходняй яе часткі. Адны кажуць, што высьвятлялі адносіны Нямеччына і Польшча, а беларускія землі проста сталі арэнай бітвы. Але гісторык Эмануіл Ёфэ лічыць, што ўдзел беларусаў у Войску Польскім дае падставу меркаваць, што вайна для беларусаў усё ж пачалася ў 1939-м:

“Афіцыйна ці неафіцыйна, але ваенныя дзеяньні былі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Дык як гэта расцэньваць — былі беларусы ў вайне ці не? Адны лічаць, што так, але ёсьць частка гісторыкаў, якія схіляюцца да іншай думкі — нельга лічыць, што Беларусь была афіцыйна ў вайне. Маўляў, мы ж не абвяшчалі вайну. Досыць складаны нюанс, таму аднадушша ў гісторыкаў няма. Але, што важна, беларусы былі ў Войску Польскім. Таму, на мой погляд, ужо зыходзячы з гэтага, можна лічыць, што вайна ў Беларусь прыйшла ў 1939 годзе. То бок у складзе польскай арміі беларусы змагаліся зь нямецкімі войскамі. На гэтай падставе многія гісторыкі лічаць, што менавіта ад таго часу Беларусь была ўцягнутая ў вайну. І гэта якраз ці не галоўны аргумэнт — у польскай арміі было нямала беларусаў”.

Карэспандэнт: “Што вядома пра страты ў тыя дні сярод мірных жыхароў?”

“Нейкая частка людзей, канечне, пацярпела, але гэта вельмі нязначная колькасьць. Перадусім страты тычацца тых, хто браў удзел у ваенных дзеяньнях. Дакумэнтаў наконт стратаў сярод мірнага насельніцтва я ня бачыў”.

Дасьледчык падзеяў ІІ усясьветнай вайны Алег Гардзіенка кажа, што на землях Заходняй Беларусі ішлі паўнавартасныя ваенныя дзеяньні — з танкавымі атакамі і бамбаваньнямі беларускіх гарадоў. Праўда, мішэнямі былі ўсё ж польскія вайскоўцы:

“Частка бомбаў падала на заходнія беларускія гарады — на тыя ж самыя Баранавічы, на Берасьце. Таксама трэба ўлічваць, што заходнія беларусы ваявалі ў складзе польскага войска супраць немцаў. Так атрымалася, што баранілі заходнія рубяжы польскай дзяржавы. Вельмі вялікая колькасьць беларусаў трапіла ў нямецкі палон. Паводле зьвестак Беларускага камітэту ўзаемапомачы, да 1940—41 гадоў яны налічвалі да 70 тысяч беларусаў, якія трапілі ў нямецкі палон. Але потым яны былі вызваленыя і працавалі на нямецкіх прадпрыемствах па дамовах. І з гэтым было прасьцей, бо іншы лёс, канечне, быў у тых, хто трапіў у савецкі палон з польскага войска. Агульнавядомыя рэпрэсіі, расстрэл у Катыні, Асташкаве, Старабельску. Частка трапіла ў беларускія лягеры. Тут сумна вядомая Вялейская турма, дзе перадусім грамадзянскае насельніцтва ўтрымлівалася, але таксама былі расстрэлы гэтых людзей савецкімі ўладамі”.

Гісторык Анатоль Сідарэвіч зьвяртае ўвагу на тое, што фактычна вайна стала вынікам закулісных перамоваў Нямеччыны і Савецкага Саюзу. Тагачасныя хаўрусьнікі заплянавалі маштабную рэвізію мапы сьвету, пацьверджаньнем чаго ёсьць наступны ўваход Чырвонай Арміі ў заходнія вобласьці Беларусі і Ўкраіны:

“Нямецкая армія сунулася на ўсход. Прайшла Беласток, скіравалася на Горадню, але яе не ўзяла. На поўдні было ўзятае Берасьце. Берасьцейская крэпасьць супраціўлялася 7 дзён, але яны яе папросту абмінулі і пашлі далей — зрэшты, як потым было і ў 1941 годзе. Аднак крэпасьць немцы бамбілі даволі сур’ёзна, бо там сядзеў моцны польскі гарнізон, які бараніўся. Бомбы, здаецца, падалі і на Горадню. Узялі Маларыту, пайшлі далей на ўсход, узялі Кобрын. Бамбавалі выбарачна, бо што, да прыкладу, было бамбаваць беднае Дамачава ці Маларыту? Там нічога стратэгічнага не было, вялікае сяло ды ўсё... Увогуле немцы ўвесь час штурхалі Маскву — маўляў, давайце ўжо пачынайце ваенныя дзеяньні. Таму што немцы як верныя саюзьнікі СССР жалезна выконвалі пакт, даказаўшы сваю “добрапрыстойнасьць”. І ўжо пасьля нагадваньня Шуленбурга 17 верасьня Чырвоная Армія пайшла на заходнія землі. Немцы, у сваю чаргу, арганізавана адступалі”.

Узгодненасьць пазыцый Бэрліну і Масквы найбольш яскрава прадэманстраваў ваенны парад 22 верасьня 1939 году ў Берасьці. Генэрал Гудэрыян і камбрыг Крывашэін ва ўрачыстай атмасфэры віталі сумесны праход савецкіх і нямецкіх войскаў падчас перадачы гораду часткам Чырвонай Арміі. Праўда, далейшы ход гісторыі паказаў, наколькі шчырымі былі тыя “братэрскія” адносіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG