Лінкі ўнівэрсальнага доступу

62,5% ад тых, каго перапісваў, беларускую мову назвалі роднай”


У мінулую суботу ў Беларусі завяршыўся перапіс насельніцтва. Цяпер выбарачна праводзяцца кантрольныя апытаньні, каб спраўдзіць дакладнасьць атрыманых зьвестак.

Карэспандэнты Радыё Свабода ў розных рэгіёнах папрасілі перапісчыкаў распавесьці пра тое, чым была адметная мінулая кампанія і якая колькасьць насельніцтва Беларусі, паводле іхных назіраньняў, назвала роднай мовай беларускую.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Беларускую мову лічаць роднай прыежджыя і не гарадзкія


У дзяржаўных СМІ Магілёўшчыны не было згадак пра скаргі насельніцтва на адсутнасьць у перапісчыкаў беларускамоўных блянкаў. Таксама няма пакуль афіцыйнага тлумачэньня, чаму некаторыя людзі адмовіліся ад удзелу ў перапісе.

Магілёўскі студэнт Уладзімер увесь перапіс правёў па-беларуску. Кажа, што значная частка людзей на яго ўчастку прасіла беларускамоўныя блянкі. 82 працэнты адказалі, што яны беларусы:
82 працэнты адказалі, што яны беларусы ...

“62,5 адсотка ад таго, што я перапісваў, беларускую мову назвалі роднай. Большасьць, каго запытваў — не з Магілёва родам. Яны папрыяжджалі. Яны навучаліся не ў гарадзкіх школах магілёўскіх. Калі ходзяць звычайныя студэнты расейскамоўныя, то яны хуценька зайшлі, запоўнілі й выйшлі. Калі ж я заходзіў, то пачыналіся роспыты: “Чаму так размаўляеш?”, “Дзе ты вучысься?”, “Як наагул табе жывецца?”

Паводле суразмоўцы, каля пяці працэнтаў людзей на яго ўчастку адмаўляліся наагул перапісвацца без тлумачэньня. Проста не адчынялі дзьверы.

У Краснапольлі тутэйшая жыхарка Ганна Дзем’янкова патлумачыла маладой перапісчыцы, што адмаўляецца з прычыны сваіх рэлігійных перакананьняў:

“Вернікі не павінны ўдзельнічаць у мірскіх справах. Я, можа, заўтра да Госпада адыду, што я яму буду казаць? Гэта мая добрая воля. Хачу — перапісваюся, хачу — не. Во так і на выбары не хаджу. Чаму яны мяне прымушаюць, палохаюць міліцыяй? Ды я не баюся міліцыі. Мяне й міліцыя не прымусіць. Нават пайду ў турму. Пацярплю за Хрыста”.

У Краснапольскім аддзеле статыстыкі факт запалохваньня не прызналі. Аднак, як высьветлілася, Ганна Дзем’янкова – не адзіная, хто адмовіўся ад перапісу:

“У нас у Сідараўцы была жанчына. Мне вось патэлефанавалі й сказалі, што з рэлігійных меркаваньняў яна ня хоча перапісвацца. Мы ж ня можам прымусіць гвалтам гэтага чалавека гэта зрабіць”, — распавяла ў тэлефоннай гутарцы супрацоўніца аддзелу.

Колькі праваслаўных вернікаў адмовіліся ад перапісу на Магілёўшчыне, невядома. Што да ўчынку Ганны Дзем’янковай, то перапісчыкі да яе больш не прыходзілі, і жанчына так і засталася не перапісанай.



ВІЦЕБШЧЫНА


Перапісчыкаў успрымалі як прадстаўнікоў улады і скардзіліся ім на нізкія заробкі і дрэнныя дарогі

Шмат хто на Віцебшчыне ўспрымаў перапісчыкаў як прадстаўнікоў улады і скардзіўся ім на нізкія заробкі і дрэнныя дарогі.

Тацяна, студэнтка 4-га курсу Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, пайшла працаваць перапісчыцай, каб зарабіць крыху грошай. Аднак цяпер яна лічыць, што 150 тысяч — гэта занадта малая плата за выкананую працу. Дзяўчатам-студэнткам хадзіць па цёмных пад’ездах да незнаёмых людзей бывала проста страшна.

За час перапісу Тацяна мусіла наведаць 155 кватэр. Дзяўчына кажа:
150 тысяч — гэта занадта малая плата за выкананую працу ...

“Далі мапы нашых раёнаў, а тым, хто працаваў у прыватным сэктары, давалі яшчэ сьвісткі — маўляў, каб адпалохваць сабак, і ліхтарыкі. Нам ліхтарыкі таксама прыдаліся б, бо ў пад’ездах часта не было сьвятла. А хадзіла я з трэцяй дня да позьняга вечара, дык многія пыталіся: “Ты праўда не баісься?” Былі такія кватэры, дзе сем’і нядобранадзейныя, дык суседзі папярэджвалі, што там, да прыкладу, усе моцна п’юць. Дык я й не імкнулася туды дужа дагрукацца”.

Тацяна кажа, што 90 адсоткаў насельніцтва свайго ўчастку яна перапісала. Збольшага людзі ёй трапляліся прыстойныя. А яе сяброўкам даводзілася хадзіць па нейкіх хатах-прытонах у суправаджэньні міліцыянтаў.

Дзяўчына распавядае, што на пытаньне пра родную мову прадстаўнікі розных пакаленьняў адказвалі па-рознаму. Тыя, хто ў старэйшым веку, сьведчылі, што родныя ў іх і расейская, і беларуская мова. 30—40-гадовыя пераважна называлі роднай мовай расейскую, а маладзейшыя, каму да 30-ці год, прасілі запісаць, што родная мова ў іх беларуская. Блянкаў на беларускай мове ў Тацяны не патрабаваў ніхто, хаця яны заўжды былі з сабой, а іншыя перапісчыкі распавядалі, што час ад часу іх нехта патрабуе.

Затое, кажа студэнтка-перапісчыца, людзі на даручаным участку часта абураліся тым, што пытаньні некарэктныя, і адмаўляліся казаць, да прыкладу, ці ёсьць у іх кампутар. Але самым цяжкім, на думку Тацяны, было тое, што ў асобе перапісчыка большасьць людзей бачыць нейкага прадстаўніка ўладаў, да якога можна зьвярнуцца са скаргамі:
яны лічаць нас прадстаўнікамі ўлады ці дзяржавы. І пачынаюць скардзіцца ...

“Людзі незадаволеныя жыцьцём. А нас яны лічаць прадстаўнікамі ўлады ці дзяржавы. І пачынаюць скардзіцца: заробкі малыя, сантэхніка старая, няма дзе сушыць бялізну… Я кажу: вы дарма мне гэта ўсё распавядаеце. Тады яны ў адказ: “А навошта мы цябе сюды пускалі, чаго ты ходзіш?” Вось так, ды яшчэ зьдзекліва. Нібыта мы гэтае апытаньне прыдумалі — усё на нас выліваецца”.

Тацяна кажа, што спачатку спрабавала не ўслухоўвацца ў тое, што ёй распавядаюць, імкнулася хутчэй зрабіць сваю справу ды сысьці. Але потым пачала спачуваць тым, каго апытвала, і нават заўважаць пэўныя праблемы ў навакольным жыцьці, якіх раней ня бачыла. Гэта Тацяна лічыць асноўным, ці не адзіным карысным набыткам за час свае працы.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Калі ветліва адчыняць дзьверы і загавораць па-беларуску, то цёпла на душы становіцца”

На Гарадзеншчыне перапісчыкі кажуць, што людзі прыхільна ставяцца да перапісу, але працы на аднаго перапісчыка ўскладзена вельмі шмат.

Спадарыня зь сельскай мясцовасьці распавядае: яна ніколі ня думала, што так стоміцца за час гэтага перапісу. Зь яе слоў, у некаторыя дамы даводзілася заходзіць па некалькі разоў, каб засьпець людзей. Даводзілася шукаць і на працы, і праз знаёмых.

Праўда, пераважная большасьць людзей, зь яе слоў, да перапісу ставіцца прыязна, і ніводзін чалавек не адмовіўся перапісвацца. Пытаюся — якую мову людзі называюць роднай?

Спадарыня: “Пішуць шмат беларускую мову, бо большасьць гаворыць па-беларуску. Хто рускі, то піша рускую мову, хаця было такое, што па нацыянальнасьці рускі, але мову запісвае роднай беларускую”.

Спадарыня распавядае, што вясковыя людзі часам любяць і добра пажартаваць.

Спадарыня: “Перапісваю старэнькіх пэнсіянэраў і пытаюся, ці валодаюць замежнымі мовамі. Дзед адказвае — не, а бабка кажа — як гэта не, калі ты ў час вайны з акупантамі супрацоўнічаў? Вось так пажартавалі і пасьмяяліся”.

Дзяўчына-студэнтка Ірына займалася перапісам у горадзе. Зь яе назіраньняў, большасьць людзей таксама называлі роднай мовай беларускую. Праўда, часта людзі хацелі ўдакладніць, што лічыць роднай мовай.

Дзяўчына: “Мне здаецца, што трэба было неяк разьмяжоўваць нацыянальную мову і тую, на якой даводзіцца часьцей размаўляць. Бо сваёй нацыянальнай усе называлі беларускую мову, а калі запытваеш, на якой часьцей размаўляеце, вучыліся, — называюць расейскую”.
многія, асабліва прадпрымальнікі, прасілі, каб не запісвалі месца працы...

Яшчэ адно назіраньне студэнткі: многія, асабліва прадпрымальнікі, прасілі, каб не запісвалі месца працы. Некаторыя людзі прызнаваліся, што працуюць у некалькіх месцах, і таксама прасілі, каб гэтага не пазначалі.

А вось што тычыцца пэнсіянэраў, то перапісчыкаў часта прымалі за адказных асобаў з адміністрацыі раёну, нават выкладвалі свае скаргі і патрабавалі разабрацца. Я запытаўся ў студэнткі — што найбольш застанецца ў памяці ад гэтага перапісу?

Дзяўчына:
“Ведаеце, былі такія сем’і, дзе адчыняеш дзьверы, а цябе ветліва сустракаюць, гавораць па-беларуску, прапаноўваюць гарбату, і табе неяк цёпла на душы становіцца. Недзе 60% размаўлялі са мной вось так”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG