Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

24 кастрычніка ў Беларусі завяршаецца перапіс насельніцтва, які распачаўся 14 кастрычніка.

Паводле зьвестак Белстата, у першы дзень перапісу было апытана 13% жыхароў краіны, на 15 кастрычніка колькасьць рэспандэнтаў узрасла да 28%, па выніках 16 кастрычніка іх стала 41%, 17 кастрычніка — 53%, 18 кастрычніка — 63%, 19 кастрычніка — 73%, 20 кастрычніка — 81%, 21 кастрычніка — 87%, 22 кастрычніка — 92%.

Паводле апошніх апэратыўных даных Белстата, па стане на 23 кастрычніка 95% насельніцтва Беларусі было апытана перапісчыкамі і на перапісных участках. З рэгіёнаў краіны на першай пазыцыі ў перапісным рэйтынгу Віцебская вобласьць, дзе 14—23 кастрычніка рэспандэнтамі стала 97% насельніцтва, на другім месцы Гарадзенская вобласьць (96%), на трэцім — Магілёўская і Берасьцейская вобласьці (па 95%). У Гомельскай і Менскай абласьцях удзельнікамі перапісу стала 94% насельніцтва, у Менску — 93%.

Асноўным пытаньнем, на якое адмаўляліся адказваць менчукі, зьяўлялася пытаньне аб месцы працы і пасадзе.

Першыя папярэднія вынікі перапісу насельніцтва стануць вядомыя да лютага 2010 года. Будуць атрыманы выніковыя зьвесткі аб колькасьці насельніцтва з разьмеркаваньнем на гарадзкое, сельскае і па полу па рэспубліцы, абласьцях, горадзе Менску, абласных цэнтрах, гарадах з колькасьцю 100 тыс. чалавек і больш. Да 1 верасьня 2010 году будуць сфарміраваны асноўныя выніковыя зьвесткі па рэспубліцы, абласьцях і Менску з разьмеркаваньнем насельніцтва па полу, узросьце, нацыянальнасьці, мове, адукацыі, стане ў шлюбе, крыніцах сродкаў існаваньня. Поўная апрацоўка пэрсанальных дадзеных будзе завершана да 30 сьнежня 2011 году. Выніковыя даныя перапісу будуць разьмешчаны на афіцыйным сайце Белстата.

На правядзеньне перапісу плянуецца зрасходаваць каля 21 млрд. рублёў, з іх 7 млрд. пойдзе на аплату працы перапісчыкаў.

Палажэньнем аб парадку абароны пэрсанальных даных вызначана, што прыватнасьць інфармацыі забясьпечваецца на ўсіх этапах перапісу — ад апытаньня рэспандэнтаў да заключнай апрацоўкі даных. Пэрсанальныя даныя падлягаюць абароне на працягу 75 гадоў з дня іх даваньня рэспандэнтамі.

Апошні перапіс насельніцтва Беларусі прайшоў 10 гадоў таму.
XS
SM
MD
LG