Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раіса Баравікова: расейская мова — як нямецкая ці ангельская


У Беларусі завяршаецца ўсеагульны перапіс насельніцтва. Найбольш спрэчак і цікавасьці ў грамадзтве выклікалі анкетныя пытаньні, зьвязаныя з мовай. Як жыхары краіны адказвалі на пытаньне пра родную мову? На якой мове людзі размаўляюць дома? Гэтымі пытаньнямі ў прадстаўнікоў беларускай творчай інтэлігенцыі цікавілася Галіна Абакунчык.

Аляксей Дудараў
Старшыня Саюзу тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў паведаміў, што моўныя пытаньні падчас перапісу былі пазначаныя на карысьць беларускай мовы. Вось што паведаміў на Радыё Свабода спадар Дудараў:

“Родная мова для ўсіх нас у нашай сям’і беларуская. А размаўляем так, як у рэальным жыцьці — і на беларускай, і на расейскай. Бо мова пабытовая паўсюль — яна расейская. Ну вось прыходзіць да мяне чалавек у госьці і размаўляе са мной па-расейску. Я што, павінен зь ім па-беларуску размаўляць? Навошта? Вучыць яго, па-першае, бескарысна, а па-другое, ня надта карэктна. Іншая рэч, калі да мяне прыходзяць мае сябры-пісьменьнікі, то вядома ж — мы размаўляем толькі па-беларуску”.

Міхаіл Савіцкі
Народны мастак Беларусі Міхаіл Савіцкі паведаміў, што і перапісныя лісты, і мову ён абраў расейскую, але хвалюецца і за разьвіцьцё беларускай мовы. Гаворыць Міхаіл Савіцкі:

“Якая родная мова? Расейская. На якой мове думаеш, на якой працуеш — такая і родная. Я некалі заканчваў беларускую школу і валодаю беларускай мовай. Але адарваўся: як закончыў школу — так патрапіў у расейскамоўнае асяродзьдзе. А зь беларускай мовай здарылася… Я сам пісьменьнікам колькі разоў казаў: чаму вы, як толькі добрую рэч напішаце па-расейску — дык адразу везяце ў Маскву? А як па-беларуску — дык недзе тут, як другога гатунку? Словам, самі нашы літаратары адрываюць яе ад разьвіцьця”.

Раіса Баравікова
Рэдактарка часопісу “Маладосьць” Раіса Баравікова паведаміла “Свабодзе”, што і падчас перапісу, і ў паўсядзённасьці аддае перавагу беларускай мове:

“Вядома ж, што ўсе мае хатнія — яны і не маглі па-іншаму адказаць — што яны беларусы. Родная мова беларуская і штодня размаўляюць па-беларуску. Яны інтэлігентныя людзі, яны добра валодаюць і расейскай мовай, могуць на ёй размаўляць, але пры патрэбе — як на нямецкай ці ангельскай. Я пацікавілася ў перапісчыкаў якія адказы ў асноўным? І выявілася, што бальшыня людзей беларусы, што родная мова беларуская, але штодня размаўляюць па-расейску. І гэта ўжо не праблема, а боль і трагедыя, якую тэрмінова неабходна вырашаць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG