Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея можа накіраваць інспэкцыі на беларускія мяса- малочныя заводы


Расея зноў выкарыстоўвае абмежаваньні на ўвоз жывёлагадоўчай прадукцыі зь Беларусі. У сьпісе чарговых штрафнікоў, які склаў Рассельтэхнагляд — Глыбоцкая птушкафабрыка, акцыянэрнае таварыства “Беллакт” з Ваўкавыску, дзяржаўны малаказавод № 2 і “Бабушкина крынка” з Магілёва.


ВАЎКАВЫСК

Працаўнікам ААТ “Беллакт” забаранілі гаварыць пра якасьць дзіцячага харчаваньня

Ваўкавыскае акцыянэрнае таварыства “Беллакт” вырабляе дзіцячае харчаваньне, якое разыходзіцца па ўсёй Беларусі. Забарона на ўвоз яго ў Расею – трывожная навіна для прадпрыемства. Журналіст радыё Свабода зьвярнуўся на завод, каб даведацца падрабязнасьці. Але вось што з гэтага атрымалася:

Спачатку на “Беллакце” мне адказалі, што генэральнага дырэктара няма, таму:

Спадарыня: “Ніхто, апроч кіраўніцтва, вам ня дасьць “адповедзь”.

Карэспандэнт: “Дайце мне тады нумар іншага кіраўніка, аддзелу, мне ўсё роўна. Няўжо ў вас тэлефоны сакрэтныя? У вас танкі робяць, ракеты?”

Спадарыня: “Не, у нас робяць дзіцячае харчаваньне і малако”.

Давялося шукаць нумары тэлефонаў іншым чынам. Мне адказаў намесьнік дырэктара “Беллакту” па камэрцыйных пытаньнях Аляксандар Алексяйчук:
У нас ёсьць кодэкс: мы камэнтаваць пастаўкі прадукцыі “Беллакту” на расейскі рынак ня будзем.e ...

“У нас ёсьць нейкі кодэкс на прадпрыемстве: мы камэнтаваць узаемаадносіны з Расеяй у частцы абмежаваньня пастаўкі прадукцыі “Беллакту” на расейскі рынак ня будзем. Ці ёсьць там унутраныя нейкія, падводныя рухі? Напэўна, ёсьць. А нейкія там палітычныя моманты — гэта ня нашая справа. Мы за якасьць сваёй прадукцыі адказваем, мы яе гарантуем. Таму ёсьць заканадаўчыя моманты, і ўсе гэтыя рэчы мы будзем у рамках закону вырашаць, таму не магу камэнтаваць. Па-першае, трэба пачакаць нейкіх афіцыйных зьвестак, нічога не было, пакуль нічога не магу сказаць”.

МАГІЛЁЎ


Малочнікі “Бабушкиной крынки” папракаюць сваіх расейскіх партнэраў

На Магілёўшчыне пад абмежаваньні Рассельгаснагляду патрапіла адно з найвялікшых беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў — акцыянэрнае таварыства “Бабушкина крынка”.

У прыёмнай кіраўніка прадпрыемства пацьвердзілі, што абмежаваньні маюць месца, аднак пытаньне, у чым канкрэтна палягаюць прэтэнзіі расейцаў, пакінулі без камэнтару.

Прычыны ўвядзеньня санкцыяў да “Бабушкиной крынки” застаюцца невядомымі камітэту па сельскай гаспадарцы й харчаваньні Магілёўскага аблвыканкаму.
Гэтае пытаньне на сумленьні расейскага боку...

“Толькі тое, што на сайце Рассельгаснагляду. Больш ніякіх афіцыйных дакумэнтаў у нас няма. Моманты ўсе ўрэгуляваныя, аднак, тым ня менш, інфармацыя такая праскочыла. Наколькі яна праўдзівая — гэта ўжо другое пытаньне. Гэтае пытаньне на сумленьні расейскага боку”, — зазначыў у тэлефоннай гутарцы супрацоўнік камітэту.

Між тым на сайце Рассельгаснагляду адзначаецца, што ў прадукцыі “Бабушкиной крынки” пры ўзмоцненым лябараторным кантролі неаднаразова выяўляліся антыбіётыкі.

Прадпрыемства ня першы раз трапляе ў чорны сьпіс, складзены расейцамі. Сёлета ў чэрвені магілёўскія малочныя харчы тыдзень не пастаўляліся на расейскі рынак. Тады афіцыйнай прычынай называлася скасаваньне сэртыфікату “Рассельгаснагляду”.

Спэцыяліст сельскай гаспадаркі Віктар Страчанка лічыць прэтэнзіі расейцаў абгрунтаванымі. Прычыну трэба шукаць у вытворчасьці малака, ад якога залежыць якасьць канчатковага прадукту. Мы самі даем нагоду для абмежаваньняў:

“Ніхто ў калгасах не глядзіць за станам жывёлы. Так, мы сёньня зрабілі прышчэпку, так, сказалі, колькі там дзён не здаваць малако. Ніхто за гэтым не глядзіць. Трэба плян, трэба іншае. Прыяжджае спэцыяліст з раёну, тлуму наробіць — і паехаў. Пахадзіла даярка, кукіш патрымала ў кішэні й пайшла рабіць сваю працу”.

Падчас малочнай вайны зь сямі малаказаводаў рэгіёну толькі адзін ня меў праблемаў з пастаўкамі прадукцыі ў Расею — гэта горацкі масласыраробны завод, вядомы пад брэндам “Малочныя горкі”. Прадпрыемства належыць расейцам.

Пра страты, якія пацярпелі малочнікі, афіцыйных зьвестак дагэтуль няма. Вядома, аднак, што яны ацэньваюцца не ў адну сотню мільёнаў рублёў. У чэрвені ўлады заяўлялі пра кардынальныя зьмены ў падыходах да кантролю якасьці малака.

ГЛЫБОКАЕ


У яйках на экспарт выяўлены небясьпечныя антыбіётыкі

Глыбоцкая птушкафабрыка таксама апынулася ў сьпісе штрафнікоў. У яйках выяўленыя шкодныя антыбіётыкі. Сытуацыю ўдакладняе Браніслава Станкевіч.

ААТ “Глыбоцкая птушкафабрыка” месьціцца не ў самім райцэнтры, а ў вёсцы Марцабыліна Глыбоцкага раёну. Гэта адна з трох буйных птушкафабрык Віцебшчыны, якая пастаўляе ў продаж яйкі.

На думку аднаго з укладальнікаў каталёга “Белагра 2009”, які не аднойчы наведваў глыбоцкую птушкафабрыку, гэта дастаткова сучаснае і стабільнае прадпрыемства:

“Вытворчасьць яек — гэта асноўная тут галіна. Апрача гэтага, фабрыка займаецца вытворчасьцю мяса, малака і расьлінаводзтвам для забесьпячэньня ўласнымі кармамі. На прадпрыемстве ёсьць цэх па забоі і перапрацоўцы мяса птушкі, а таксама ялавічыны і малака, тут выпускаюць кілбасныя вырабы, пяльмені. Прадукцыю прадаюць у фірмовых крамах і на кірмашах у Глыбокім, Шаркоўшчыне, Полацку, Наваполацку, Віцебску”.

Паводле намесьніка дырэктара па камэрцыйных пытаньнях спадара Дзьмітрыя, толькі невялікая частка прадукцыі экспартуецца ў Расею. І тое, што яйкі з Глыбоччыны прызнаныя небясьпечнымі праз утрыманьне антыбіётыкаў, ён лічыць недарэчнасьцю:
гэта нечаканасьць, як грымоты зь яснага неба...

“Мне здаецца, гэта нейкая недарэчнасьць. Ня можа быць у нас антыбіётыкаў, бо яны не прымяняліся для лекаваньня птушак. І наш санітарны кантроль робіць аналіз кожнай партыі яек, што йдуць на экспарт. І не было выяўлена антыбіётыкаў. Можа, канечне, у нас розныя мэтодыкі, альбо ў Расеі нейкае супэрсучаснае абсталяваньне. Але ўсё адно — гэта нечаканасьць, як грымоты зь яснага неба”.

Прадстаўнік адміністрацыі кажа, што на прадпрыемстве зь мінулага году працуе ўласны цэх, які вырабляе камбікармы, пераважна з уласнай сыравіны. Так што наўрад ці антыбіётыкі маглі трапіцца ў нейкай ежы, спажытай птушкамі.

Намесьнік дырэктара па камэрцыйных пытаньнях занепакоены тым, што праз забарону на экспарт яек глыбоцкая птушкафабрыка страціць частку прыбыткаў, у прыватнасьці, замежнай валюты. Таму цяпер прадпрыемства зацікаўлена ў дадатковых аналізах прадукцыі, каб пытаньне з экспартаваньнем яек у Расею вырашылася станоўча.

“Пераводзіць аб’ектыўна існуючую праблему ў палітычны ракурс — абсалютна тупіковы занятак”.

Па камэнтар да сытуацыі на беларускіх прадпрыемствах “Свабода” зьвярнулася да кіраўніка інфармацыйнага аддзелу “Рассельтэхнагляду” Аляксея Аляксеенкі.

Перадусім суразмоўца зьвярнуў увагу на тое, што праблемы якасьці прадукцыі, якая ідзе на экспарт, мусяць вырашаць самі вытворцы. Ён спаслаўся на нядаўнія прыклады Літвы, Польшчы й Даніі:

“Яны пільна прааналізавалі якасьць сваёй прадукцыі. Прайшліся па кожным ланцужку. І пасьля пачалі наводзіць парадак. І зараз, пасьля расейскай інспэкцыі гэтых прадпрыемстваў, мы палічылі магчымым аднавіць пастаўкі гэтай замежнай прадукцыі. Увогуле, сытуацыя блізкая да цяперашняй у Беларусі”.

Аляксей Аляксеенка цалкам абвяргае палітычную скіраванасьць цяперашніх прэтэнзіяў “Рассельтэхнагляду” да вытворцаў зь Беларусі. Ён кажа:

“Калі датчане, літоўцы й палякі змаглі навесьці ў сябе парадак, то мы спадзяемся, што гэта ўдасца зрабіць і вэтэрынарнай службе Беларусі. Але пераводзіць аб’ектыўна існуючую праблему ў палітычны ракурс — абсалютна тупіковы занятак”.
XS
SM
MD
LG