Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разабраліся зь беларускімі каровамі — узяліся за літоўскіх


Ад 17-га жніўня Расея ўводзіць абмежаваньні на ўвоз на сваю тэрыторыю малочнай прадукцыі шэрагу літоўскіх кампаній.

Афіцыйная падстава такога рашэньня — наяўнасьць у літоўскіх прадуктах “забароненых і шкодных рэчываў”. Чым падобная “малочная” вайна Масквы і Вільні з той, якую раней Расея вяла зь Беларусьсю?

Кіраўнік Цэнтру ўсходняй геапалітыкі ў Вільні Лаўрынас Кашчунас у эксклюзіўным інтэрвію “Свабодзе” кажа: незадоўга да абмежаваньня на ўвоз малочных прадуктаў Расея абмежавала транзыт літоўскіх вялікагрузных фураў праз сваю тэрыторыю. Ён лічыць, што тут выразна відаць палітычныя інтарэсы Расеі, якія яна хоча падаць як эканамічныя:

“І па-іншаму гэта вельмі цяжка інтэрпрэтаваць. Гэта ўсё ідзе як бы па чарзе. У палітыцы Расеі такія дзеяньні становяцца традыцыйнымі. Дастаткова згадаць забарону на ўвоз мяса з Польшчы альбо гарбаты зь Індыі. Там таксама выразна праяўляўся палітычны інтарэс. І Расея ўжывае такія рэчы, прыкрываючыся клопатамі пра айчынных вытворцаў. А насамрэч гэта даказвае, што палітыка і эканоміка тут зьвязаныя ў адно”.

Раман Якаўлеўскі
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа: Расея апошнім часам пачала карыстацца малаком як рэальнай зброяй:

“І галоўным інквізытарам, уладаром гэтай зброі, як вядома, зьяўляецца доктар Анішчанка (галоўны санітарны лекар Расеі). Яго імя ўжо стала хадзячай назвай. І Маскве падаецца, што „малочным інструмэнтам“ можна паўплываць ня толькі на Беларусь, але і на Літву. Але трэба памятаць, што Літва ўсё-ткі краіна Эўразьвязу. А там вельмі высокія стандарты якасьці прадукцыі. І вельмі дзіўна, калі такія прэтэнзіі Масква прад’яўляе ня толькі Беларусі, якая не ўваходзіць у Эўразьвяз, але і Літве”.

Спадар Якаўлеўскі таксама адзначае: у малочных канфліктах Расеі зь Беларусьсю і Літвою — розныя аб’екты прэтэнзіяў з боку Масквы:

“У Беларусі Расея прэтэндавала на 12 малочных прадпрыемстваў. А ў Літве, як сьведчаць экспэрты, гэта Мажэйкяй — тутэйшы вельмі буйны нафтаперапрацоўчы завод. І мы бачым, што малако ўжываецца як зброя, як інструмэнт расейскага ўплыву”.

Алесь Лагвінец
Беларускі палітоляг Алесь Лагвінец кажа: пры жаданьні санітарныя прэтэнзіі можна прад’явіць да любога прадукту. Але, на думку палітоляга, прычыны канфлікту тут іншыя:

“Я думаю, што такое стаўленьне Масквы да Літвы абумоўлена некалькімі прычынамі. Гэта і незалежніцкая пазыцыя Літвы. Гэта яе атлянтызм, калі яна лабіруе прыняцьцё ў НАТО Грузіі і Ўкраіны. І гэта энэргетычныя пытаньні. У прыватнасьці, ранейшае рашэньне ўраду Літвы прадаць Мажэйкяйскі НПЗ польскай кампаніі, а не расейцам.

Таксама гэта зьвязана і з тым, што Літва пэўны час накладала вэта на працэс распрацоўкі і прыняцьця новай дамовы паміж ЭЗ і Расеяй. Вільня абумоўлівала гэта тым, што Расея паводзіць сябе занадта ваяўніча ў дачыненьні да Літвы і таксама не прызнае злачынствы камуністаў адносна літоўскіх грамадзянаў”.



Тры гады таму літоўскія ўлады прадалі Мажэйкяйскі НПЗ польскай кампаніі PKN Orlen, а не расейскаму інвэстару. У адказ Расея перакрыла пастаўкі нафты праз нафтаправод “Дружба” пад выглядам рамонту трубы. Пасьля гэтага пастаўкі нафты так і не ўзнавіліся. Аднак цяпер расейскія кампаніі, найперш “Лукойл” і “Транснафта”, зноў зацікавіліся купляй Мажэйкяйскага заводу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG