Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малочны фронт: Ні міру, ні вайны


З 1200 найменьняў малочнай прадукцыі, якая пастаўлялася ў Расею да пачатку малочнай вайны, толькі 624 прайшлі перарэгістрацыю “Роспотребнадзора”. Пакуль ня ўсе беларускія прадпрыемствы аднавілі пастаўкі малочнай прадукцыі на расейскі рынак.


СЛУХАЦЬ:


Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Міхаіл Савельеў падвёў вынікі працы “Роспотребнадзора”:

“Роспотребнадзору” я магу толькі падзякаваць за добрую працу і дакладную арганізацыю працы іх лябараторый, калі мы пастаўлялі пробы. І за тое, што ў кароткі тэрмін яны маглі іх дасьледаваць і пасьпелі выдаць дакумэнты, ім можна толькі паставіць “дзесяць” па дзесяцібальнай шкале”.

“Роспотребнадзору” я магу толькі падзякаваць за добрую працу і дакладную арганізацыю працы іх лябараторый, калі мы пастаўлялі пробы
Паводле спадара Савельева, падчас пераафармленьня дакумэнтаў пастаўкі беларускага малака ў Расею працягваліся, і таму ніякіх стратаў не было. На пытаньне, чаму амаль удвая зьменшылася колькасьць найменьняў прадукцыі, якая атрымала дазволы ад “Роспотребнадзора”, спадар Савельеў сказаў, што частка прадукцыі проста не выраблялася.

“Уся прадукцыя, якая вырабляецца ў Рэспубліцы Беларусь і якую вытворцы жадаюць паставіць на расейскі рынак, мае ўсе неабходныя дакумэнты, выдадзеныя “Роспотребнадзорам”, і сэртыфікаты пад іх у поўным аб’ёме. У нас усе атрымалі, і гэта больш за 600 санэпідэмзаключэньняў. Уся прадукцыя, згодна з нашай дамоўленасьцю, перарэгістраваная”.

Аднак казаць, што ўсе беларускія вытворцы атрымалі магчымасьць пастаўляць сваю прадукцыю на расейскі рынак, пакуль зарана.

У Менску “Гарадзкі малочны завод № 1” пакуль не аднавіў паставак малочнай прадукцыі ў Расею. Намесьнік дырэктара Іван Сярмяжка паведаміў, што яшчэ ня ўсе дазволы, неабходныя для паставак прадукцыі, атрыманыя:

“Па пастаўках пэўныя пытаньні ёсьць. Тут вырашаюцца пытаньні антыбіётыкаў. Вырашыцца пытаньне, і ня будзе ніякіх праблем”.

Карэспандэнт:
“Дык вы зараз не пастаўляеце прадукцыю ў Расею?”

Сярмяжка: “Часова не”.

Карэспандэнт: “А да якога часу гэта працягнецца?”

Сярмяжка: “Ня ведаю. Гэта чыста пытаньні абодвух бакоў. Вырашаем свае пытаньні і пачынаем пастаўляць”.

Камэнтуючы сытуацыю, намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Міхаіл Савельеў сказаў:

“Вы ня блытайце, калі ласка, дакумэнты “Роспотребнадзора” і тое, што ў прадукцыі “Россельхознадзор” на першым заводзе знайшоў антыбіётыкі. Калі знайшоў, то завод вазіць ня будзе, пакуль іх там ня будзе. Гэта наагул дзьве розныя тэмы. Гармалзаводу трэба займацца сыравіннай зонай. І глядзець, каб у яго малако паступала з колькасьцю антыбіётыкаў, якая прадугледжана санэпідэмнаглядам”.

Паводле спадара Савельева, цяпер шэсьць беларускіх прадпрыемстваў маюць праблемы з “Россельхознадзорам” па антыбіётыках. У “Роспотребнадзоры” пакуль не падвялі вынікаў працы ў беларускім кірунку.

Дык ці скончылася малочная вайна? На гэта Анатоль Гуляеў, экспэрт у аграрнай галіне, сказаў:

“Гэтая вайна ня скончылася і ў найбліжэйшы час ня скончыцца. І малако, і антыбіётыкі, і мяса — гэта толькі зброя для дасягненьня нейкіх мэтаў.

А зброя калі пайшла ў ход, то павінна нешта рабіць. І я ня думаю, што ў бліжэйшы час яна будзе схаваная. У бліжэйшым часе будуць нейкія іншыя канфлікты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG