Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маратон “Атлянтыдаў”, якія прагучалі на хвалях Свабоды ў сэрыі “Жыцьцё і сьмерць мітаў”. Штодня ад аўторка да суботы адмысловыя знаўцы разгадваюць тайны найноўшай беларускай міталёгіі. Тэма сёньняшняга выпуску — Двухмоўны народ Удзельнічае гісторык Валянцін Мазец.


Эфір 20 жніўня 2009 году .

СЛУХАЦЬ:


Двухмоўе, або білінгвізм -- папераменнае карыстаньне дзьвюма мовамі. У Беларусі, паводле вынікаў рэфэрэндуму 1995 году, праведзенага зь істотнымі парушэньнямі, расейская мова атрымала роўны афіцыйны статус зь беларускай. Такім чынам у Беларусі было ўведзенае гэтак званае двухмоўе на дзяржаўным узроўні.

Адным з абгрунтаваньняў увядзеньня двухмоўя стаў міт, што беларусы сьвядома адмовіліся ад роднай мовы і ўжо даўно самі выбралі для кантактаваньня расейскую мову, бо лічаць яе аднолькава роднай зь беларускай. А афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму нібыта пацьвердзілі, што беларусы – насамрэч двухмоўны народ.


Вячаслаў Ракіцкі:
Агульнасьць мовы – адна з самых істотных прыкметаў нацыі. І раптам – беларусы становяцца двухмоўным народам. Ці ёсьць нейкія падобныя прыклады яшчэ ў Эўропе?

Валянцін Мазец: Двухмоўныя і нават болей моўныя краіны ёсьць – Фінляндыя, Швайцарыя, Бэльгія. Але гаворка ідзе пра краіны, у якіх пражываюць розныя нацыі ў прыкладна роўных, ці вялікіх прапорцыях. Але прыкладу двухмоўнага народу няма. І ня можа быць. Значыць, беларусаў штучна зрабілі двухмоўнымі. Двухмоўны народ – гэта міт і ня болей, але на яго падставе так актыўна пэўныя сілы рэалізуюць пэўныя мэты, так пасьлядоўна змушаюць да двухмоўя людзей, што тыя і насамрэч паверылі ў сваё двухмоўе.

Ракіцкі: Хто ж і зь якой мэтай праводзіць у Беларусі ў жыцьцё двухмоўе?

Мазец: Адкажу вельмі красамоўнай цытатай. Расейскі генэрал-губэрнатар М. А. Далгарукаў у 1833 годзе ў справаздачы цару Мікалаю I аб кіраваньні Віленскай і Гарадзенскай губэрнямі і Беластоцкай вобласьцю пісаў: “Ва ўсе часы, ва ўсіх краінах сьвету мова заўжды была і будзе непасрэднай зброяй урадаў для дасягненьня ўсемагчымых відаў і намераў. Усюды пануючая мова дзяржавы, як пануючае веравызнаньне, павінна мець перавагу перад мясцовымі гаворкамі аддаленых, памежных ці новадалучаных краінаў. Агульнае ўжываньне пануючай мовы ў дзяржаве непрыкметна збліжае разнародныя яе плямёны.. і нарэшце зьлівае ўсе чужацкія плямёны ў адзін народ”.Такім чынам,наБеларусі праводзілася моўная палітыка для ўмацаваньня расейскага панаваньня. Мова – адзін з магутных сродкаў ажыцьцяўленьня каляніяльнай палітыкі.

Цалкам чытаць перадачу ТУТ
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG