Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маратон Беларускай Атлянтыды: Вялікая Айчынная вайна

  • Міхаіл Раманоускі

Маратон “Атлянтыдаў”, якія прагучалі на хвалях Свабоды ў сэрыі “Жыцьцё і сьмерць мітаў”. Штодня ад аўторка да суботы адмысловыя знаўцы разгадваюць тайны найноўшай беларускай міталёгіі. Тэма сёньняшняга выпуску – “Вялікая Айчынная вайна”. Удзельнічае гісторык Алег Гардзіенка.


Паўтор ад 11 сьнежня 2008 году.



“Вялікай айчыннай вайной у былым СССР называлі вызваленчую барацьбу савецкіх народаў супраць фашыстоўскай Нямеччыны, яе саюзьнікаў і памагатых. Гэта — частка другой усясьветнай вайны 1939—1945 гадоў. Працягвалася з 22 чэрвеня 1941-га па 9 траўня 1945 году. На тэрыторыі Беларусі — з 22 чэрвеня 1941-га па 28 ліпеня 1944 году.

Сёньня тэрмін “вялікая айчынная”, відаць, уласьцівы толькі для Расеі, Беларусі і для часткі, з зразумелых прычынаў, Украіны. Для Захаду (былых партнэраў па антыгітлераўскай кааліцыі), дзе перамога над гітлераўцамі ніколі не аспрэчвалася, слова “вялікая” не ўжывальнае”.


***

Ракіцкі: Партнэры СССР у антыгітлераўскай кааліцыі вайну саракавых гадоў мінулага стагодзьдзя называюць другой усясьветнай, падкрэсьліваючы, што яны не былі выключэньнем у агульным шматнацыянальным змаганьні з фашызмам. Яны — адны з шэрагу змагарных краінаў. У СССР вылучалася з агульнай вайны яшчэ адна — Вялікая айчынная. Чаму?

Алег Гардзіенка
Гардзіенка: Бо лічылася, што гэта выключна вайна СССР зь Нямеччынай, якая завяршылася перамогай народаў Савецкага Саюзу над гітлераўцамі. І беларусы былі ўключаныя ў пералік савецкіх народаў.

Ракіцкі: Розьніца ў падыходах відавочная і ў часавых межах вайны. Сьвет вызначае яе пачатак 1 верасьня 1939 году, СССР — 22 чэрвеня 1941 году. А якая дата пачатку вайны праўдзівая для Беларусі?

Гардзіенка: Гісторыкі апэлююць фактамі. І факт тут адзін.
Для беларусаў Другая ўсясьветная пачалася ў дзень яе пачатку — 1 верасьня 1939 году, калі Нямеччына напала на Польшчу.
Для беларусаў Другая ўсясьветная пачалася ў дзень яе пачатку — 1 верасьня 1939 году, калі Нямеччына напала на Польшчу. І дзесяткі тысяч беларусаў, што служылі ці былі мабілізаваныя ў польскае войска, узялі ўдзел у баях зь немцамі. Каля 70 тысяч нашых землякоў апынуліся тады ў нямецкім палоне. А 17 верасьня Чырвоная Армія перайшла заходнюю мяжу СССР (ці ўсходнюю мяжу Польшчы) і ўвайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Ўкраіны. Ня будзем заглыбляцца ў тое, больш карысьці ці больш кепскага прынёс той паход Чырвонай Арміі, гэта — тэма для іншай перадачы. Зазначу толькі, што польскія вайскоўцы — а сярод іх было багата і беларусаў — былі інтэрнаваныя, жаўнеры высланыя на поўнач ці ў Казахстан, а многія афіцэры і падафіцэры потым былі расстраляныя ў Катыні, Асташкаве, Казельску. Таму фільм Вайды “Катынь” і працэс вакол катынскай справы ў Хамоўніцкім судзе тычыцца і Беларусі. Бо там ляжаць таксама беларусы. І гэты ўдар у сьпіну беларусы атрымалі ад аднаго зь пераможцаў у той вайне.

Ракіцкі: Так на сваёй тэрыторыі пачалася для беларусаў другая ўсясьветная вайна. І тэрыторыя вайны для іх адразу ж пашырылася далёка за свае межы. Беларусы апынуліся і ў Заходняй Эўропе, і нават у Палестыне. І ў часе, і ў прасторы вайна ад самага пачатку станавілася для беларусаў усясьветнай?

Гардзіенка: Так. Тыя, каму пашчасьціла выжыць, потым ваявалі ў складзе Арміі Андэрса ў Палестыне і ў Заходняй Эўропе. Савецка-польская дамова 1941 году дала магчымасьць сфармаваць польскі корпус з палонных польскіх вайскоўцаў у СССР (Армія Андэрса), што бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на Блізкім Усходзе, штурмавалі Монтэ-Касіна.
Тэрмін “Вялікая айчынная вайна” ў дачыненьні да Беларусі не падыходзіць з храналягічных і тэрытарыяльных рамак.
Таму тэрмін “Вялікая айчынная вайна” ў дачыненьні да Беларусі не падыходзіць з храналягічных і тэрытарыяльных рамак. Не падыходзіць яшчэ і таму, што беларусы не адносіліся выключна да савецкіх народаў, бо да ўступленьня Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі яны былі грамадзянамі Польшчы. Больш за тое, каля 10—15 тысяч нашых суайчыньнікаў змагаліся з нацыстамі ў складзе польскай Арміі Андэрса, што ў сваю чаргу ўваходзіла ў склад брытанскіх узброеных сілаў.

Ракіцкі: Але саюзьнікі СССР у антыгітлераўскай кааліцыі гэта ж ня толькі брытанцы і палякі, але і французы, і амэрыканцы. Ці былі зафіксаваныя выпадкі змаганьня беларусаў на іх баку?

Гардзіенка: На пачатку ХХ стагодзьдзя ў ЗША апынуліся больш за паўмільёна нашых суайчыньнікаў. І, натуральна, што іх дзеці потым служылі ў амэрыканскім войску. Іх былі тысячы. Як амэрыканскія салдаты ў чэрвені 1944 яны высаджваліся ў Нармандыі, Галяндыі, і амэрыканскія газэты, у сваю чаргу, пісалі пра гэтых герояў — Івана Радзюковіча (ён адзін зь першых высадзіўся ў Нармандыі ў дзень адкрыцьця Другога фронту — 6 чэрвеня 1944 году), Мікалая Арэшку. Уладзімер Каваленка быў узнагароджаны найвышэйшай узнагародай — Крыжам Ваенна-паветранага флёту. Знайшлі вечны спачын у Францыі, Бэльгіі, Галяндыі Вікенці Прост, А.Русецкі, Даніла Ўладыка ды шмат іншых.

Цалкам тэкст перадачы чытайце ТУТ.
XS
SM
MD
LG