Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маратон “Атлянтыдаў”, якія прагучалі на хвалях Свабоды ў сэрыі “Жыцьцё і сьмерць мітаў”. Штодня ад аўторка да суботы адмысловыя знаўцы разгадваюць тайны найноўшай беларускай міталёгіі. Тэма сёньняшняга выпуску — тарашкевіца. Удзельнічае мовазнаўца Зьміцер Саўка.

Паўтор ад 19 лютага 2009 году.


Вячаслаў Ракіцкі: Калі ўпершыню пачалі карыстацца тэрмінам “тарашкевіца”? Жылі мы і жылі. Ведалі, што ёсьць беларуская мова. І раптам узьнікае падзел на наркамаўку і тарашкевіцу…

Саўка: Тэрмін “тарашкевіца” адносна новы. Упершыню яго пачынаюць ужываць ў канцы 1980-х гадоў, на пачатку чарговай хвалі беларускага адраджэньня. Але правапіс паводле граматыкі Браніслава Тарашкевіча пачаў існаваць як мінімум з 1918 году.

Ракіцкі: А чаму насьпела ў канцы мінулага стагодзьдзя такая пільнасьць падзяліць мову на тарашкевіцу і наркамаўку? Хто быў ініцыятарам? Навошта і каму трэба было даставаць са старых шуфлядаў старую граматыку?

Саўка: Вы вэрбалізавалі яшчэ адзін міт, зьвязаны з тарашкевіцаю, — міт пра тое, што гэта мова.
Тарашкевіца — не варыянт мовы, а варыянт пісьма.
Тарашкевіца — не варыянт мовы, а варыянт пісьма, проста графіка — тое, якім чынам мы факты беларускай мовы выяўляем на пісьме, а таксама ў нейкай ступені, як мы напісанае будзем вымаўляць. Мова ж у нас адна, адзіная — беларуская. Вяртаньне да ранейшага правапіснага стандарту спатрэбілася тым, хто ўсьведамляў, што савецкі правапіс (т. зв. наркамаўка), усё ж узьнік з прычынаў палітычных. І ён ня мог задавальняць адраджэнцаў. На тое яны і адраджэнцы, каб адраджаць ранейшае, страчанае, тое, што ў нашага народу забралі.
Ракіцкі: Хто захаваў яе для нас, сёньняшніх? Ці была яна ў пісьмовым ужытку ў другой палове ХХ стагодзьдзя?

Зьміцер Саўка
Саўка: Толькі такім правапісам карысталася беларуская эміграцыя. Гэтым правапісам карысталіся і ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гады. Толькі такім правапісам карысталася кнігавыданьне, працавала адукацыйная сыстэма ў гады вайны. Існуе вялікі корпус тэкстаў гэтым правапісам. І гэты правапіс эміграцыя данесла да нашага часу.

Ракіцкі: Тэрмін “тарашкевіца” ад самага пачатку нёс на сабе налёт міту. Ён падаваў беларускую мову як ахвяру бальшавізму, расейскай акупацыі. Нацыянальна-дэмакратычна арыентаваная грамадзкасьць падхапіла тарашкевіцу дзеля свайго змаганьня. Гэта палітычная падстава міту. А якія ўласна моўныя падставы былі для адраджэньня і нават міталягізацыі тарашкевіцы?

Саўка: Я думаю, што міталягізацыя адбылася незалежна ад уласна моўных падставаў. Гэта натуральны працэс, калі ідзе вяртаньне да ранейшага, калі адбываецца рэканструкцыя: якою магла быць Беларусь, калі б яе не апанавалі бальшавікі; таксама — як магла б разьвівацца беларуская мова, калі б не гвалтоўная русыфікацыя. І ўсё ж калі гаварыць пра ўласна моўныя прычыны вяртаньня да тарашкевіцы, гэта, несумненна, імкненьне максымальна дакладна захаваць гучаньне беларускага слова, што і дазваляе клясычны правапіс. Па-другое, максымальна дакладна, наколькі гэта магчыма сродкамі беларускай мовы, данесьці арыгінальнае гучаньне словаў-пазычаньняў.

Цалкам тэкст перадачы чытайце ТУТ.

Гэтай перадачай мы завяршаем маратон “Беларускіх Атлянтыдаў”. Усе перадачы чытаць можна ТУТ.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG