Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За свае ўклады ў банках варта пачаць хвалявацца”


Ярапслаў Раманчук
Ярапслаў Раманчук

Нацыянальны банк Беларусі заяўляе пра “значную пагрозу” бясьпекі банкаўскай сыстэмы краіны і чакае ад ураду неадкладных захадаў у справе стабілізацыі дзяржбанкаў. З адпаведным лістом да прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага зьвярнуўся старшыня праўленьня НББ Пётар Пракаповіч. Пра што сьведчыць той факт, што Нацыянальны Банк выступае з крытыкай ураду краіны? Ці могуць грамадзяне Беларусі быць упэўненымі у надзейнасьці сваіх укладаў у беларускіх банках? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманук.

Цыганкоў: Чаму Нацбанк абраў такую форму, як ліст на адрас ураду? Няўжо супярэчнасьці зайшлі настолькі далёка, што іх немагчыма вырашыць ціха?

Раманчук: Гэта працяг намэнклятурнай сваркі паміж Нацбанкам і Саветам Міністраў, якая ідзе ўжо ня першы год. Але цяпер сытуацыя крытычная, і вельмі важна для Пракаповіча і ягоных калегаў паказаць, што яны робяць усё магчымае, а не дапрацоўвае ўрад як орган, які павінен распараджацца дзяржаўнай маёмасьцю і актывамі ў дзяржаўных банках. Па-другое, Нацбанк ужо год таму ў сваім дакладзе аб фінансавай стабілізацыі сьцьвярджаў, што асноўная пагроза ідзе ад дзяржаўных банкаў, якія даюць шмат крэдытаў і ня сочаць за тым, як яны выкарыстоўваюцца. Тут узьнікае і пытаньне дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ў сытуацыі крызісу ня могуць хутка адаптавацца, каб не парушаць стабільнасьць банкаўскай сыстэмы.

Урэшце, у Нацбанку ёсьць дамоўленасьці перад МВФ наконт скарачэньня фінансаваньня эканомікі, бо гэта пагражае інфляцыі і курсавой дэстабілізацыі.

Цыганкоў: Але дзяржаўныя банкі фінансуюць розныя дзяржаўныя праграмы і прадпрыемствы не па сваёй волі — гэта ім фактычна загадваюць зьверху?

Раманчук: Не загадваюць. Ёсьць бюджэт, розныя інвэстыцыйныя праграмы.
Сідорскі павінен прадставіць нейкую праграму санацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і банкаў альбо проста сысьці.
Проста калі бюджэт быў ужо перагледжаны, Саўмін павінен рабіць карэкціроўкі ў гэтых плянах і сказаць — добра, у гэтай сытуацыі, калі ў прадпрыемстваў вялікія запазычанасьці, нам нельга новыя грошы кідаць у печку кепскіх прадпрыемстваў, каб толькі павялічваць даўгі. Таму, безумоўна, недапрацоўвае Саўмін. Сідорскі павінен прадставіць нейкую праграму санацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і банкаў альбо проста сысьці.

Цыганкоў: Што рабіць людзям, якія прачытаюць загалоўкі пра “значную пагрозу” бясьпекі банкаўскай сыстэмы краіны? Яны могуць пачаць хвалявацца за свае ўклады…

Раманчук: За свае ўклады варта хвалявацца ўжо даўно. Я думаю, лепш не рызыкаваць, імкнучыся зарабіць 15-20 працэнтаў, якія даюць у нашых банках, і потым гадамі спрабаваць выцягнуць з нашай банкаўскай сыстэмы свае грошы. Пры такім стане банкаўскай сыстэмы я б ня раіў там трымаць грошы.

Цыганкоў: Але ж дзяржава гарантуе гэтыя ўклады.

Раманчук: Яна гарантуе ў памеры 2-3 тысячы даляраў. У каго менш, ён можа не хвалявацца — калі ўклады і замарозяць, то па частках будуць вяртаць. А калі ў каго больш, то яны могуць страціць ня толькі свае заробленыя працэнты, але і іхнія ўкладзеныя сумы могуць не вярнуцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG