Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першае, на чым акцэнтуюць увагу аналітыкі па выніках сёньняшняга паседжаньня саюзнага ўраду ў Менску, — гэта адмова Расеі выдаць Беларусі апошнюю траншу крэдыту, памер якой складае паўмільярда даляраў. Міністар фінансаў Аляксей Кудрын тлумачыць пазыцыю свайго ўраду так: “Мы можам сутыкнуцца зь неплацежаздольнасьцю беларускага ўраду і наагул эканомікі ў зьвязку зь недахопам золатавалютных рэзэрваў".


Эканаміст Міхась Залескі падсумоўвае сытуацыю афарыстычна:

“Распранаемся за гатоўку, апранаемся ў крэдыт. Усё ўпіраецца ў тое, як мы працуем. Таму што трэба ствараць рэальныя рэчы, якія патрэбныя людзям. І калі такія тавары прадаюцца, то ў дзяржаве ёсьць грошы. Калі ёсьць грошы, то ў дзяржаве ёсьць і золата. І тады можна пазычаць пад тое, што мы яшчэ зробім. Але мы ствараем тавары, якія ўжо не купляюць. Дастаткова паглядзець апошнія статыстычныя дадзеныя, каб пераканацца, што ў нас ідзе непапраўнае скарачэньне экспарту. Пры тым, што імпарт мы мусім захоўваць. Адсюль і насьцярожанасьць нашых суседзяў. Яны, канечне, далі б, але ня ўпэўненыя, што грошы мы вернем”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць: затрымка з расейскім крэдытам сьведчыць пра тое, што нашы суседзі маюць дакладную інфармацыю пра сапраўдны стан беларускай эканомікі, беларускіх фінансаў:

“Цяпер дысбалянс гандлю Беларусі з Расеяй штомесяц складае 600 мільёнаў даляраў. То бок Беларусь коціцца ў фінансавую прорву. Вытрымаць абменны курс беларускага рубля яна ня зможа, валютныя запасы пакрысе растрачваюцца, і Расея вырашыла ўзяць яжовыя рукавіцы”.

Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын сёньня паведаміў, што Расея гатовая даць Беларусі згаданы крэдыт, але не ў далярах, а ў эквіваленце расейскімі рублямі. Беларусь просіць грошы на закуп менавіта расейскіх тавараў, і лягічна было б узяць якраз нашы рублі, падкрэсьліў расейскі міністар фінансаў. Але ад такога варыянту беларускія ўлады самі адмовіліся. Леанід Заіка выказвае сваю вэрсію гэтай адмовы:

“Ліквіднасьць даляра вышэйшая. Плюс забясьпечваць уклады насельніцтва і падтрымліваць валютны курс трэба найперш праз даляр. Таму расейцы натуральна зьдзекуюцца. Яны робяць так, каб было яшчэ больш балюча. Яны, так бы мовіць, запалілі паперкі паміж пальцаў ног і паказваюць, як Лукашэнка і беларусы будуць круціцца. Як на гарачай патэльні”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG