Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз у 4 разы павялічвае дапамогу Беларусі


У Эўразьвязе існуе шэраг краін, якія лічаць, што санкцыі ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі і групы высокіх беларускіх чыноўнікаў, можна адмяняць. Пра гэта сёньня паведаміў старшыня камітэту замежных справаў сэйму Літвы Аўдронюс Ажубаліс падчас выступу ў Менску на міжнароднай канфэрэнцыі “Эўразьвяз – Беларусь: контуры партнэрства”.

Спадар Ажубаліс паведаміў: Эўразьвяз у пытаньні адмены або пралангацыі санкцыяў падзяліўся. Акрамя прыхільнікаў адмены, існуе ня меншая група краін, дзе лічаць інакш. Літоўскі парлямэнтар сказаў, што гэтыя краіны чакаюць ад Беларусі не абяцаньняў, а канкрэтных крокаў у бок дэмакратыі. Найперш гэта тычыцца выкананьня пяці ўмоваў ЭЗ для Беларусі і разьвіцьця беларускай эканомікі ў рынкавым кірунку.

У перапынку я пацікавіўся ў Аўдронюса Ажубаліса , хто уваходзіць у адну групу, а хто – у другую. Суразмоўца адказаў, што не хацеў бы называць канкрэтных краін, але дадаў, што “з танальнасьці майго выступу кожны зразумеў пазыцыю Літвы”:

Аўдронюс Ажубаліс
“Сымуляцыя рэформаў дасьць просты вынік – супрацоўніцтва з Эўразьвязам ня будзе. Мы разумеем, што зрабіць адразу ў галіне дэмакратычных рэформаў тое, што не рабілася 15 – 20 гадоў, немагчыма. Але канкрэтныя крокі, а ня нейкія там касмэтычныя, павінны быць зробленыя”.

Старшыня камітэту замежных справаў парлямэнту Літвы нават называе такія канкрэтныя рэчы:

“Можна пачынаць зь лёгкіх крокаў. Напрыклад, спрасьціць працэдуру рэгістрацыі палітычных і недзяржаўных асацыяцыяў, дазволіць свабоду сходаў. Гэтыя рэчы, я думаю, не патрабуюць ад адміністрацыі краіны велізарных намаганьняў”.

Аўдронюс Ажубаліс выказаў думку, што для вызначэньня агульнай пазыцыі Эўразьвязу шмат будуць азначаць дзеяньні Беларусі па двух пытаньнях:
  • прызнаньне або непрызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі як сувэрэнных краін,
  • стаўленьне да працы офісу АБСЭ ў Менску.

Тут варта нагадаць, што пасьля вызваленьня з пасады кіраўніка офісу нямецкага дыплямата Ганса-Ёхэна Шміта кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей заявіў, што беларускім уладам неабходна падумаць, ці патрэбны ў краіне офіс АБСЭ.

Удзельнікаў канфэрэнцыі зь беларускага боку цікавіла, чаму Эўразьвяз дае Беларусі ў рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства” толькі 20 мільёнаў эўра – значна менш, чым пяці іншым краінам з гэтай праграмы. Тлумачэньне даў пасол па асобых даручэньнях МЗС Літвы Аўрымас Таўрантас:

“Гэтыя 20 мільёнаў прадугледзілі яшчэ да стварэньня “Ўсходняга партнэрства”. І яны адлюстроўвалі той узровень дачыненьняў, якія існавалі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам да гэтага часу. І, вядома ж, зьяўленьне “Ўсходняга партнэрства” дае магчымасьць значна павялічваць аб’ёмы супрацоўніцтва”.

Спадар Таўрантас паведаміў, што на 2011 – 2013 гады Эўразьвяз плянуе выдзеліць Беларусі ўжо 80 мільёнаў эўра.

Сёньняшняя канфэрэнцыя праходзіла пад эгідай Нацыянальнага камітэту Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька сказаў “Свабодзе”, што хацеў бы, каб такія мерапрыемствы сталі традыцыйнымі:

Анатоль Лябедзька
“У нас ёсьць такое жаданьне. Таму што мы бачым вялікі роскід поглядаў. І сярод беларускіх палітычных суб’ектаў і ў замежжы. У Італіі адзін погляд, у Літвы другі. Таму вельмі важна фармаваць тое, што стане агульным. Бо беларускія ўлады якраз і карыстаюцца тым, што няма агульнай стратэгіі і пляну дзеяньняў як у эўрапейцаў, так і ў апазыцыі. Адсутнасьць гэтага прыводзіць да таго, што ўлада балянсуе, вібруе і вырашае свае пытаньні”.

Пятро Садоўскі і Вінцук Вячорка

Эдмінас Багдонас і Аўдронюс Ажубаліс

Алег Манаеў

Сяргей Калякін
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG