Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На гэтым тыдні прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі падчас сустрэчы зь нямецкімі банкірамі заявіў: антыкрызісная праграма беларускага ўраду апраўдала сябе. Ці на самой справе беларускі ўрад мае комплексную стратэгію выхаду з крызісу? Чым можна патлумачыць супярэчлівасьць у дзеяньнях ураду? Ээканамічны агляд тыдня.

Ці існуе ўвогуле нейкая цэльная стратэгія крокаў, якія пасьлядоўна выконваюцца ўрадам. Альбо ўлады проста рэагуюць на сытуацыю?
Эканаміст, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук выказаў на гэты конт такое меркаваньне:

Яраслаў Раманчук
“Ёсьць плян “52 крокі”, які быў агучаны як плян правядзеньня частковай лібэралізацыі, але слова “крызіс” там не гучала. Ёсьць асноўныя прагнозныя паказьнікі, якімі дагэтуль карыстаюцца ўрад і Нацбанк. Іх ніхто не адмяняў, хаця лічбы там даўно нерэальныя. Я бачу вельмі мала крокаў, якія можна назваць лібэральнымі. Добра, што зьмянілі практыку рэгістрацыі прадпрыемстваў — але застаўся неспрыяльны клімат. Вялікія падаткі, рэгуляцыі з боку бюракратыі — усё гэта засталося. Таму нельга казаць, што крокі лібэральныя чаргуюцца з крокамі плянавымі. Бо большасьць крокаў ураду захаваныя на захаваньне сыстэмы разьмеркаваньня эканомікі, дзяржаўнай уласнасьці".

Разам з тым Сяргей Сідорскі заявіў, што Беларусь не здымае амбіцыйных задач перад беларускай эканомікай: “Мы працягнем рэалізацыю інвестыцыйных і інавацыйных праграм на бліжэйшыя 3-5 гадоў”. Сідорскі адзначыў, што пры агульным спадзе эканомік суседніх дзяржаў тэмп росту інвэстыцый у Беларусі складае ў бягучым годзе амаль 117%.

вытворчасьць упала больш чым на чвэрць


У сваю чаргу, наведваючы на гэтым тыдні Менскі падшыпнікавы завод, Аляксандар Лукашэнка паставіў перад Міністэрствам прамысловасьці задачу: па выніках году забясьпечыць хоць бы 80% вытворчасьці. Такое распараджэньне ён агалосіў пасьля таго, як міністар прамысловасьці Аляксандар Радзевіч паведаміў аб падзеньні вытворчасьці больш чым на чвэрць. Так, словамі міністра, за 8 месяцаў 2009 года аб’ём вырабленай у Беларусі прамысловай прадукцыі склаў 74% у параўнаньні зь мінулым годам.

Менскі падшыпнікавы завод хоць і не ў ліку эканамічных аўтсайдэраў, але мае праблемы, агульныя для ўсяго прамысловага сэктару – затаваранасьць складоў і як вынік – адсутнасьць абаротных сродкаў. Улады на ўсіх узроўнях заклікаюць кіраўнікоў прадпрыемстваў прыцягваць да працэсу рэалізацыі заляжалай прадукцыі прадпрымальнікаў. Але ці здольныя камэрсанты справіцца з такой спэцыфічнай задачай? Гаворыць вядучы тэхнічны спэцыяліст заводу Андрэй Гардзейка:

“У прынцыпе такая схема практыкуецца, з улікам цэнавага фактару прадукта і г.д. Я ведаю, што ў Беларусі дзесьці каля 50 розных фірмаў займаюцца продажам падшыпнікаў самых разнастайных фірмаў -- у асноўным кітайскіх, а таксама расейскай вытворчасьці. Увогуле ў нас тры формы супрацоўніцтва. Ёсьць наўпроставыя адносіны па дамовах, дапусьцім, гэта прадпрыемствы Расеі, Украіны і Беларусі. Тут працуюць простыя сувязі. Праца праз так званую тавараправодную сетку сфармаваная толькі за межамі Рэспублікі Беларусь. То бок, гэта Казахстан і ўключна з дальнім замежжам, якое вядзе ўпраўленьне зьнешнеэканамічных сувязяў. І таксама дамовы з камэрцыйнымі арганізацыямі, якія не зьяўляюцца афіцыйнымі дыстрыбутарамі завода”.

Як паказвае практыка, улады насамрэч усё больш настойлівыя ў прыцягненьні прадпрымальнікаў да продажу залежаў прамысловых тавараў айчыннай вытворчасьці. У абмен за гэта чыноўнікі абяцаюць адміністрацыйныя й падатковыя паслабленьні. Але бізнэсоўцы ўпарцяцца, гавораць пра вялікую рызыку.

прадпрымальнікі, разгрузіце склады


Прыкладам, берасьцейскія чыноўнікі агітуюць прадпрымальнікаў разьбіраць для продажу заляжалыя тавары электралямпавага заводу, дываны й панчохі, пінскі трыкатаж, баранавіцкі абутак. Аднак гандляры як могуць ігнаруюць прапановы. Чаму? Меркаваньне спадарыні Ірыны:
Людзі ж ня дурні, ідуць па тавар да нас ...

“Навошта мне тавар, якія сёньня купяць, а заўтра вернуць назад з-за нізкай яго якасьці? Навошта мне ўкладаць грошы? Каб страціць іх? Думаеце, толькі ў дзяржаве крызіс? У нас таксама крызіс. Адбіваецца ён і на пакупніках. А хіба ў дзяржаўных крамах прадаюць толькі беларускія тавары? Толькі ў коштах розьніца. У крамах большая надбаўка. А ў нас — меншая. Людзі ж ня дурні, ідуць па тавар да нас”.

А ці вераць прадпрымальнікі ў магчымыя паслабленьні падатковага прэсу? Гаворыць спадар Мікалай:
ва Ўкраіне і той жа Расеі сытуацыя цяпер лепшая — больш дэмакратычная ...

“Не, ня веру. Гэта ня можа адбыцца ў нашай краіне. Нават ва Ўкраіне і той жа Расеі сытуацыя цяпер лепшая — больш дэмакратычная. А ў нас такога няма і ня будзе. Бо ўсім вядома: пакуль гэты чалавек трымае ўладу, то толку ня будзе. Мы незадаволеныя”.

Сытуацыю ўдакладняе яшчэ адзін індывідуальны прадпрымальнік зь берасьцейскага рынку “Юбілейны”:
Чыноўнікі кажуць адно, а робяць іншае ...

“Чыноўнікі кажуць адно, а робяць іншае. Вось ужо другі тыдзень бударажаць розныя праверкі. Працы з-за гэтага аніякай. Ад нас патрабуюць выкананьня, а для іх нібыта закону не існуе. Народ хвалюецца й злуецца. Надыходзіць час плаціць падаткі, а працаваць ня можам. Да прыкладу, у мяне падатак 700 тысяч рублёў, плюс ад 150 да 300 тысяч плачу за арэнду. Цяпер сытуацыя вельмі цяжкая. Пакупніцкая здольнасьць берасьцейцаў вельмі нізкая. Пакупнікі таксама крыўдуюць”.

Маніторынг, праведзены Камітэтам дзяржкантролю на Гарадзеншчыне, засьведчыў: тамтэйшыя прадпрымальнікі не зважаюць на заклікі ўраду гандляваць айчынным таварам, а аддаюць перавагу замежнай прадукцыі.

Афіцыйны маніторынг гандлю праводзіўся ў Горадні і Лідзе на 112 гандлёвых пунктах, а таксама ў 33 шапіках. У выніку падлічана, што на 70 аб’ектах (гэта 48%) наагул не было тавараў беларускай вытворчасьці. Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў тлумачыць гэта наступным чынам:

Віктар Гарбачоў
“Асноўная праблема заключаецца ў якасьці гэтага тавару, у коштах у параўнаньні з тымі, што прадпрымальнікі набываюць за мяжой. Таму людзі бяруць у гэты крызісны час тое, што ім зручна”.

Набываць тавар на беларускіх прадпрыемствах нязручна яшчэ і таму, што прапаноўваюцца толькі такія рэчы, якія не рэалізоўваюцца. Да ўсяго, працэс абрастае рознымі паперамі, што зацягвае час рэалізацыі.

Прадпрымальнік спадар Віталь
ужо сутыкнуўся з тым, які даюць тавар дзяржаўныя прадпрыемствы для рэалізацыі:
бярэш добрую каўбасу, павінен узяць на дадатак да яе тое, што ляжыць доўга і не прадаецца ...

“Нам даюць у нагрузку тое, што заляжалася на складах. Вось, да прыкладу, калі бярэш добрую каўбасу, павінен узяць на дадатак да яе тое, што ляжыць доўга і не прадаецца. Прымушаюць цябе гэта рабіць адміністрацыйным чынам, і так імкнуцца разгрузіць склады”.

Гарадзкая адміністрацыя спрабавала сабраць агульны сход, каб давесьці, чым трэба гандляваць, але пакуль прадпрымальнікі туды не пайшлі. Вось што наконт гэтага кажа спадар Аляксей, які гандлюе прамысловымі таварамі:

“Разгружаць склады з таварам, які нікому не патрэбны... дык мы яго таксама нікому не прадамо. Нерэальна гэта. І яны мяне не прымусяць набываць у іх такі тавар”.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Віктар Гарбачоў лічыць, што ў бліжэйшы час адміністрацыйная сыстэма запрацуе напоўніцу і людзей пачнуць больш актыўна прымушаць рэалізоўваць айчынныя тавары. Аднак сам спадар Гарбачоў ужо зараз бачыць, да чаго падобны прымус можа прывесьці:

“Я размаўляў з прадпрымальнікам, якому навязваюць вялікую колькасьць беларускага тавару. Якое ў яго выйсьце? А ён пераводзіць свой бізнэс у Польшчу. Кажа, за тыдзень усё зьбяру, і пакуль тут ня будзе законаў, няхай яны прадаюць гэты тавар самі”.

У сталіцы рэжым эканоміі


Крызіс наўпрост закрануў ня толькі прамысловыя прадпрыемствы, а ўсю гарадзкую інфраструктуру. Не хапае сродкаў, каб утрымліваць разгалінаваную гаспадарку.

Так, на сэсіі Менскага гарсавету прынятае рашэньне скараціць на 482 мільярды рублёў расходную частку бюджэту сталіцы на 2009 год. Як паведаміў начальнік фінансавага ўпраўленьня Менгарвыканкаму Аляксандар Кернажыцкі, у сувязі з тым, што рост заробкаў у бюджэтнай сфэры “замарожаны”, адпаведна на 65,3 мільярды рублёў зьніжаныя асігнаваньні, якія прадугледжваліся на падвышэньне заробнай платы. Выдаткі на капітальны рамонт скарочаны на 21 мільярд рублёў.

Гэтаксама скарачаюцца расходы на прадпрыемства “Мінсктранс”, на функцыянаваньне органаў мясцовага самакіраваньня ды іншае. Паводле Кернажыцкага, эканомія ў асноўным тычыцца закупу тавараў і паслугаў па імпарце. У цэлым прыбытковая частка чакаецца ў суме 5 трыльёнаў рублёў, што на 15% ніжэй за першапачаткова зацьверджаны плян. Паказальна, што яшчэ раней, на чэрвеньскай сэсіі, расходная частка ўжо была скарочаная на 300 мільярдаў рублёў. У папярэднія гады дэпутаты выключна разьмяркоўвалі дадаткова атрыманыя прыбыткі.

газ - 160 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў


Тым часам стала вядома, што кошт газу для Беларусі ў І-м квартале 2010 году, паводле папярэдніх разьлікаў расейскага боку, можа дасягнуць 160 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Пра гэта паведамляюць крыніцы, блізкія да канцэрну “Газпром”. Але яны падкрэсьліваюць, што больш дакладныя лічбы стануць вядомыя пры канцы лістапада.

Між тым, экспэрты кажуць, што прагназаваць канчатковы кошт газу для Беларусі пакуль рана, паколькі няма пэўнасьці вакол цаны на нафту і нафтапрадукты на міжнародным рынку. А менавіта гэтыя паказьнікі ўлічвае формула кошту на газ для Беларусі. Нагадаем, што кошт газу ў чацьвёртым квартале сёлета складзе трохі больш за 119 даляраў за тысячу кубамэтраў.
XS
SM
MD
LG